Потым казалі, што ўсю наступную ноч пачатковая школа дрыжэла і трэслася ад страху немінучай сталінскай кары. Аднак абышлося добра, без ахвяр, раённае энкавэдэ ў вёску не заявілася, бо Малое Сяло перастала б паважаць сябе, калі б у ім, як уюны ў гразкай канаве, кішма кішэлі даносчыкі і правакатары. Шчасліваму лёсу тутэйшага настаўніцтва, магчыма, паспрыяла і тое, што маласельцы жылі чаканнем заўтрашняга вяселля і вельмі многіх дармавая чарка і скварка цікавілі куды больш, чым сур'ёзны педагагічны пралік у палітычным выхаванні пасляваенных тупагаловых пераросткаў.
Фядора Чыркун, на сённяшні дзень дык вымусовая пустэльніца і дамаседка, яшчэ з даўняга Ядзюнінага аповеду здагадвалася, каго бярэ ў жонкі гэты аблудны мнагалюб і ашуканец, а бліжэйшыя суседкі Алены Хамутовіч ці не ў самыя апошнія дні схамянуліся: у рэшце рэшт, хто ж яна, тая нянаская царэўна, з-за якой ходырам захадзіла Малое Сяло? Можа, і не варта яна такой усеагульнай увагі, можа, хапіла б для яе на пачостку і аднаго цяляці, а то ж чуваць было, як надоечы ў суседчыным хлеўчыку на світанку нема квікнуў і адразу прыціх лычаваты япручок. Цяпер у вялікай, нібы стадола, печы багата чаго варыцца, парыцца, смажыцца, і кухаркі, запрошаныя з самых давераных родзічаў, не паспяваюць выносіць гатовыя стравы ў халодную варыўню. Дык хто ж, урэшце, яна, тая спешчаная царэўна, тая, выбачайце, карабатая балотная жаба? Гэта хто як думае пра Аленіну нявестку, а сама Алена спачатку маўчала, аднеквалася, але ўсё роўна зразумела, што шыла ў мяшку не схаваеш, і выдыхнула ганарліва: «Ганцаўчанка яна. З духтароў!»
Ну, вядома ж, Ядзюня як у ваду глядзела, бо падчас свайго візіту ў раённую бальніцу добра запомніла насцярожаны позірк і з'едлівыя пытанні чарнявай медсястры, яе частыя заглядванні ў сёмую палату, дзе ляжаў пакалечаны Аляксей Хамутовіч. Бачыш ты, знюхаліся, злюбіліся, хоць што тут казаць - прыгожая будзе пара. На здзіўленне, у Ядзюні няма ні зайздрасці, ні злосці - засталася толькі крыўда. Сама вінавата: даверылася, дурніца, прайдзісвету, круцялю, да таго ж намнога старэйшаму за сябе. Няма злосці, няма зайздрасці, ды дзесьці ў закутках душы ўжо ўздымаецца, варушыцца, колецца, нібы стрэмка, маладая дзявочая рэўнасць. Ядзюні гэтае пачуццё яшчэ малавядомае, яно палохае, трывожыць, Ядзюні патрэбны цяпер як ніколі ласка, спагада, сталая парада, і нябога, пакалыхваючы калыску сына, раз-пораз паглядвае ў акно - вось-вось ад суседак павінна вярнуцца маці.
На дварэ ўвачавідкі пачынае вечарэць, сонца ўсё ніжэй і ніжэй схіляецца над Малым Сялом, а тут, на Горскай, у хаце Луцэі Падгайскай, ніяк не скончыцца вялікая жаночая рада. Насупленая гаспадыня сядзіць на покуці за сталом, побач каля акна на шырокай драўлянай лаве маўкліва горбяцца Тадорка Дрозд і Фядора Чыркун, а крыху зводдаль, прыткнуўшыся на нізкім ложку, зацята чухае пераноссе бежанка Агрыпіна. Думаюць кабеты, моршчаць ілбы, цяжка ўздыхаюць ад бяссілля. Хоць лопні, хоць трэсні, хоць кроў з носа, ім трэба разладзіць заўтрашняе вяселле. І спосабаў, як гэта зрабіць, даволі шмат, ды толькі ўсе яны наўрад ці гуманныя і чалавечныя.
Прапанова Луцэі Падгайскай канкрэтная, але занадта суровая - перабіць маладой ногі дубовай даўбешкай. Рашэнне Тадоркі Дрозд яшчэ больш жорсткае і таксама малаверагоднае - высмаліць жаніху вочы кіслатой. Думка ж Фядоры Чыркун, як асобы пацярпелай, зусім рэальная, нават з пэўнымі адзнакамі гуманнасці - трэба ацёмначы злавіць Аленінага шкурніка і лавеласа, паваліць на зямлю, зашчаміць паскуднае яго начынне ў ляшчоткі і вылегчаць, як смярдзючага кнораза. Высокая рада цалкам ухваляе і падтрымлівае Фядору Чыркун, высокая рада належным чынам цэніць мудрасць збедаванай сяброўкі і суседкі, ды вось жа нявыкрутка: хто здзейсніць гэты акт крэўнай помсты, гэтую законную акцыю справядлівай боскай адплаты? Шукаючы выканаўцу больш ці менш літасцівага прыгавору, насупілася Луцэя, глыбока задумалася Тадорка, трэ пальцамі густыя бровы Фядора, і нечакана іхнія блуклівыя позіркі спыняюцца на бежанцы Агрыпіне. А што? Баба яна здаровая, шырокая і мажная ў касці, дужая, як лоша.