Выбрать главу

- Не хачу і не буду! Гэта ж самасуд, гэта ж астрог, гэта ж чорт знаець што! - здагадаўшыся, аб чым амаль адначасова падумалі тры старыя змоўшчыцы, падхапілася з ложка растрывожаная, зніякавелая бежанка Агрыпіна. - Я ж вам не віцінар, я ж і крыві баюсь. І як, урэшце, тое паскудства ў рукі ўзяць?

- Так і возьмеш. Хіба не брала ніколі? - усміхнулася Тадорка Дрозд. - А гідзішся - рукавіцы дамо. І нажа.

- Не трэба рукавіц! Не трэба нажа! У нас, на Браншчыне, свадзьбы чарамі расстройвалі. Чарамі і замовамі.

- Якога ж ліха, кабетка, ты маўчала дасюль? - ледзь не зазлавала Фядора Чыркун. - Мы сядзім тут, галовы тлумім, а ёй усё адно.

- Дык не стой бязмоўна, кажы хутчэй, што гэта за чары? - папрасіла з дакорам Луцэя Падгайская. - Колькі год жывеш у мяне, а ні разу не прызналася пра сваё чарадзейства.

- Патрэбы не было, і ўсё ж, мілая, так проста. Нехта з вас няхай возьмець па пасме валасоў у старога ўдаўца, у немаладой удавы ды яшчэ ў бабы гуляшчай. Пасля няхай атарвець анучку ад плацця бабы бяздзетнай, пасля ўгорнець валасы ў анучку энту, пасля аднясець на балота, кінець у багну на ўсю ноч. На вутра, яшчэ да сонца, вузел трэба забраць, а як свадзьба будзе, нехта з вас няхай той вузел пад ногі маладой бросіць і скажэць пры гэтым: «Табе замужам не бываць, табе дзетачак не раджаць». Вот і ўсе чары. Быць не можа, каб не іспорцілась свадзьба.

- І праўда, гэта ж вельмі проста, - здзівілася Луцэя.

- Хоць бы ўдаліся чары? - засумнявалася Тадорка.

- Ну што вы. Яшчэ да вайны ў сябе, на Браншчыне, я такім образам, можаць, свадзеб дзесяць расстроіла, - засмяялася ганарліва Агрыпіна.

- Твае б словы ды Богу ў вушы, - уздыхнула Фядора.

Дзіўную магічную сілу маюць іншы раз звычайныя сухія лічбы. Не адно, а цэлых дзесяць вяселляў, якія бежанка Агрыпіна некалі разладзіла дзесьці там, на сваёй далёкай Браншчыне, канчаткова пераканалі старых змоўшчыц, што іхнія крывавыя і бесчалавечныя спосабы помсты абсалютна нічога не варты перад людской мудрасцю, перад усемагутным чарадзействам. Не патрэбны, аказваецца, ні дубовая даўбешка, ні кіслата, ні ляшчоткі з вострым нажом, і, паколькі з такімі лёгкімі чарамі саўладаць можа нават дзіця, выканаць прысуд вялікай рады ўзялася сама Фядора Чыркун. Ёй наогул пашанцавала: палова рэчаў, неабходных для вядзьмарства, знайшлася тут жа, у суседчынай хаце. Без усялякай шкадобы добры шматок тканіны ад сваёй паношанай сукні адхапіла бяздзетная Луцэя, пасму русявых валасоў з лямцаватай галавы бязлітасна вырвала бежанка Агрыпіна. Клопату засталося амаль столькі, колькі яго ўжо і збыта: пакуль яшчэ відна, трэба знайсці старога ўдаўца і гулёну-бабу.

З удаўцом, дык з гэтым прасцей: блізка каля Фядоры жыве Марцін Палазок, а яго густой чупрыны, бадай, хопіць, каб разладзіць у Малым Сяле не менш за тысячу вяселляў. Аднак жа ўедлівы і зіркаты злыдзень уцяміць, адразу расшалопае, што такі вялікі кудзер ягоных валасоў нахабная суседка вымагае з вельмі благім намерам. Фядора падумала, падумала і, здаецца, вынайшла просты і надзейны спосаб, як ашукаць гэтага адзінокага хітруна. Ад Луцэі яна выскачыла, трошкі пахістваючыся, пасярод дарогі яе ўжо моцна пагойдвала, і яна ішла ўлукаткі, а калі бразгалася клямкай Палазковай хаты, была і зусім п'яная, што гразь. Дзверы пакінула расхлябешчаныя насцеж, з парога, вясёлая і бесклапотная, адразу кінулася да здзіўленага гаспадара, які сядзеў на столку і журлівымі вачыма сузіраў праз акно чырвонае вечаровае неба.

- Марцін, ці помніш наша дзяцінства?

- Але навошта ты пра яго пытаеш?

- Не забыў, як барсук дзяцей гладзіць?

- Хто яго ведае, мо і забыў.

- Дык давай напомню, трасца тваёй матары!

- Ахалонься, кабетка! Зараз усе валасы павыскубаеш. От бо! Трэба ж так напіцца.

- Крыўдзіш, Марцін! Калі я п'яная, то пайду. Сядзі тут адзін, як труцень.

Тое, што Фядора пагладзіла яго валасы па-барсучынаму груба, упоперак іх росту, ад ілба да макаўкі, Марцін Палазок зразумеў як дзікі неразумны жарт. Яму турзянула і раз, і другі, яму скубянула і забалела, аж выступілі слёзы з вачэй, але ён не пакрыўдзіўся, бо чаго лепшага чакаць ад п'янага чалавека. І зноў-такі Марцінаву здагадку пацвердзілі далейшыя непрыстойныя паводзіны суседкі: на выхадзе яна не развіталася, як заведзена, дзверы пакінула расчыненымі, на ганку, акурат перад акном, дзе сядзеў Палазок, яшчэ пахісталася дзеля прыліку, а калі апынулася за рогам хаты, то па-свінску зарагатала ўголас. Ведаў бы той падмануты, абрабаваны злыдзень, які вялікі касмык валасоў яна зачарапіла ў ягонай маладзецкай чупрыне, дык, без сумнення, пагнаўся б за нахабніцай няйнакш як з жалезнай качаргой. Фядора зарагатала і тут жа папярхнулася гэтым сваім гідкім і даўкім смехам. Сонца ўжо заходзіць, рассыпае ў наваколлі апошні залацісты бляск, а да цемнаты трэба яшчэ знайсці гуляшчую, разбэшчаную бабу. Іншым вёскам дужа шанцуе: гулёнаў, распусніц там колькі хочаш, і старых, і маладых, чаго, на жаль, не скажаш пра Малое Сяло.