Пераборлівай, капрызнай Ядзюні яшчэ пашанцавала, што пасля вайны, калі спатрэбілася багата цэглы, у Кругавічах невялікую панскую цагельню расшырылі, пабудавалі новыя печы, раскапалі гліняны кар'ер, і на гэтым саматужным заводзіку вясковыя дзяўчаты за лета могуць зарабіць колькі соцень сабе на абыходак. Маласельскія сезоншчыцы на цагельню бягуць яшчэ з першымі промнямі сонца, бягуць і гуртам, і ўроссып, хто па звілістай лясной дарозе, а хто, як Ядзюня, на працу дабіраецца нацянькі, паўз балоцісты, змрочны Імшэчак. Летнімі раніцамі ўсё наваколле скаланае зычны, басавіты гудок, устаноўлены дзесьці на верхатуры чырвонага коміна цагельні. Спачатку Фядора палохалася нечаканага гудка, потым прывыкла, перастала злавацца на заводскага крыкуна: будзіць заспаную Ядзюню, і тое добра. Не сказаць, каб дужа ахвотна, Ядзюня схопліваецца з ложка, мыецца, апранаецца, яшчэ хвіліну выдыгоўваецца перад люстэркам і ўжо на бягу хапае са шкапчыка клунак з ядой.
- Мама, а менца дала?
- Засталася пасля касцоў крыха, то і дала каліўца.
- А Манька Тадорчына яшчэ і яйцо бярэ на полудзень.
- Дзе ж я вазьму яйцо? У нядзельку прадала на базары два дзесяткі ды купіла табе сандалеты, - непрытворна ўздыхае Фядора і, каб перахітрыць Ядзюню, пераводзіць гаворку на другое: - Дачушка, ты б не хадзіла напрасткі цераз лес. Хадзі па дарозе, дзе людзей многа. Яшчэ ваўкі нападуць - развялося за вайну погані гэнай.
- Ваўкоў, мама, Гаўрыла Трафімчык даўно пастраляў. Лёдзя яго хвалілася, што бацька цяпер хоча бабра ўпаляваць - Лёдзі на каўнер у ясёнку.
- Іш ты! Колісь, помню, адна пані Тэрэза хадзіла ў бабрынай хвутры.
- І я хачу быць такой гжэчнай, як твая пані Тэрэза! - быццам наўмысна дражніцца ў парозе Ядзюня і бярэцца за клямку. - Ну, то да вечара.
- Ідзі ўжо, матолак, і не дуры мне глову.
Непрадказальныя паводзіны дачкі, яе дзіўныя звычкі і зусім не сялянскія, а, бадай што, панскія жаданні Фядору апошнім часам усё больш пачынаюць турбаваць. Ядзюня любіць паспаць, і разбудзіць яе здольны хіба што зычны гудок цагельні, Ядзюня есці абы-чаго не хоча - мяса ёй падавай, а няма, дык маці хоць самой кладзіся ў кубелец. Побач з гэтым відавочным панствам згадка пра бабрынае футра здаецца чыстым вымагальніцтвам, і тут ужо, калі размова ідзе пра такую дарагую рэч, нават і гадаць не трэба, чыя кроў цячэ ў жылах дачкі. Калі раней Фядора яшчэ сумнявалася і дакоры сумлення мучылі мала, то цяпер яна непадроблена чырванее перад партрэтам нябожчыка Лявона, ад якога калісьці вымушана была ўтаіць тайну нараджэння Ядзюні. Безумоўна, гэта недаравальны грэх, і, відаць, таму вялікую грэшніцу абмінула шчасце, а багацце як ветрам здзьмула. Паправіць жыццёвыя справы ёсць толькі адна рада: выгадна аддаць Ядзюню замуж. Думаць пра даччыно вяселле вымагае час, таму што тая з няўклюднага падлетка выпетрала ў добрую дзеўку і падбіраецца ўжо да таго небяспечнага ўзросту, у якім і сама Фядора безаглядна, бяздумна, страціўшы розум, кінулася ў гарачыя, трапяткія абдымкі пана Абуховіча.
Зусім непрыкметна для матчынага вока Ядзюня расквітнела, як майская вішня: пастрайнела, паружавела, наліліся сокам грудзі, і гэта яшчэ не ўсё, што ў ёй павінна расцвісці, дык вялікага клопату з жаніхамі, здаецца, не будзе. Нельга толькі схібіць, купіць, як той казаў, блудлівага ката ў мяшку, да таго ж гультая і дармаеда. З немалога гурту вясковых кавалераў трэба выбраць самага лепшага, каб і да гаспадаркі быў здатны, каб і Ядзюню на руках насіў, зразумела, каб і на цешчу не паглядаў скоса. Употай выбіраючы сабе зяця, Фядора не дае ганьбы хіба што Аляксею Хамутовічу, сыну колішняй сваёй хаўрусніцы Алены. Гадаваўся хлопец, лічы, навідавоку: і касы не цураўся, і з плугам завіхаўся спраўна, а з войска і наогул вярнуўся вялікім грамацеем, бо яго адразу ж і выбралі старшынёй маласельскага калгаса. Сам русявы, статны і з твару не брыдкі. Хамутовіч нічога кепскага людзям не чыніць, але і добрага таксама не робіць: ганяе на агульную працу, крычыць, калі што не так, аж да белай гарачкі, ды самая найгоршая загана ў маладога старшыні, што цэлымі днямі на вараным кані ён гарцуе па Малым Сяле як шалёны. Бяды ў гэтым, вядома, няма: з цягам часу Аляксей пасталее, пыхлівасць у яго пройдзе, а Вараны калі-небудзь здохне. Іншыя думкі турбуюць Фядору: замуж Ядзюні ўсё ж ранавата, дзеўка і на свае гульбішчы бегала мала, але чакаць, пакуль яна нагуляецца ўволю, таксама нельга, таму што такога віднага і выгоднага кавалера як бач перахопяць спрытнейшыя шалахвосткі.