Зусім працверазелая, у поўным розуме пасля змушанага прытворства, Фядора Чыркун перабірала ў памяці ўсіх сваіх заўдавелых сябровак, незамужніх маладзіц і не прыгадвала нікога, хто б адкрыта, на вачах у сталых людзей, не баючыся плётак і абгавораў, улягаў за смуроднымі мужчынскімі штанамі. Ужо блізка каля роднай хаты яна раптам схамянулася: дык жа гулёна, распусніца побач, навідавоку - сунецца па тупкай сцежцы, змардаваная, зажураная, усё яшчэ трымаючы ў пальцах касмык жорсткіх, як дрот, чужых валасоў. У адзін момант згадалася ўсё: гарачая, неўтаймоўная ласка Абуховіча, яго багатыя дарункі, тайныя прагулянкі ў лес на панскім драпчаку. Як тут інакш скажаш - разбэшчанасць, распуста, хай сабе і даўняя, аднак Фядора Чыркун падзякавала Богу, што ў патрэбны час даў памяць, стомленая кабета адразу павесялела, узрадавалася нечаканаму шанцунку, і, ужо адчыняючы дзверы хаты, яна справядліва падумала: дзе ж яшчэ скубці тыя чарадзейныя валасы, як не на сваёй аблуднай галаве?
Гэтую грэшную і далікатную справу колішняя блудніца рабіла, стоячы перад цьмяным люстэркам на сцяне, хаваючыся ад Ядзюні і маленькага крыклівага ўнучка. У прыцемках яна, здаецца, надзейна стаілася ад родных і дарагіх істот, засланілася ад іх спінай, але раптам, крыху адступіўшыся ўбок, заўважыла на пабляклым люстэркавым серабры чыйсьці сумны, дакорлівы і такі знаёмы позірк. Фядора адхіснулася, рашуча павярнула галаву і адразу зразумела, што з павялічанага фотаздымка ў прасценку паміж вокнамі глядзеў у люстэрка яе муж, былы панскі батрак Лявон Чыркун. Багата гадоў ён ціха і маўкліва прысутнічаў у хаце, не пазнаючы ні жонкі, ні Ядзюні, нічога не ведаючы пра гарластага Ваську ў ліповай калысцы, і вось дзіўна: у самы шчымлівы, непажаданы момант даў аб сабе знак. Мёртвы, забіты на фронце невядома дзе, Лявон, мабыць, толькі цяпер аб усім здагадаўся, і таму ў яго вачах столькі суму, крыўды, дакору. Фядора адчула, як ад сораму і ганьбы наліваецца чырванню твар, як па гарачых шчоках коцяцца запозненыя слязінкі, не стрымалася - горка ўсхліпнула, цяжка ўздыхнула і вопрамеццю, не помнячы сябе, выскачыла з хаты.
Хваляванне, нервовая ўзрушанасць, адчуванне жорсткай і непапраўнай віны перад Лявонам не праходзілі доўга. Да надыходу глухой, поўнай цемры кабета паспела збегаць у Імшэчак, пакінула там на прыкметным месцы вядзьмарскі акравачак з чужымі і сваімі валасамі, назаўтра, яшчэ досвіткам, забрала чары з балотца, але ўвесь час, куды б ні ішла, пра што б ні думала, уваччу стаяў Лявонаў сумны і дакорлівы позірк, які, на радасць альбо на бяду, учора неспадзеўкі адбіўся ў цьмяным люстэрку на сцяне. Ці раным-рана даіла кароўку, ці карміла пасля вісклявае свінства і няўедную курыную плойму, Фядора Чыркун думала пра сваё няўдалае, гаротнае жыццё, пра ўсе згрызоты, якія сыплюцца на яе галаву, быццам з дзіравага мяшка, а трошкі супакоілася позняй раніцай, калі сонца паднялося высака і пачало ўжо добра саграваць узбучаную веснавую зямлю.
У водведкі да Ядзюні, як звычайна ў вольныя дні, прыбеглі яе лепшыя сяброўкі Манька Тадорчына і Лёдзя Гаўрылава - пагушкаць, пакамячыць, паказытаць Ваську-таўстуна і тым самым хоць крыху падбадзёрыць зажураную, сплаканую рыжавалосую пакутніцу. Фядора Чыркун узрадавалася гасцям, затупала ля іх, а калі дачка на момант адлучылася з хаты, яна, усё ж саромеючыся, папрасіла дзяўчат узяць акравачак з чарамі, неўпрыкмет кінуць яго пад ногі маладой, навучыла, якія трэба адначасова сказаць кленічы.
- Цётка Фядора, усё зробім, як вы просіце, - сказала Манька. - Хто ж рады гэнаму дурному вяселлю?
- Але, не сумнявайцеся за нас, - пацвердзіла Лёдзя. - Мы і кленічы запомнілі слова ў слова.
На Горскай, у Фядорынай хаце, дзяўчаты прабавіліся доўга, гушкалі і шкуматалі пацешнае, пухнаценькае немаўля і, зранку прыстойна, па-святочнаму апранутыя, не спяшаліся пабачыць маладога і маладую, таму што вяселлі ў Малым Сяле звычайна пачынаюцца апаўдні. Веснавы ці летні дзень доўгі, можна да вечара сто разоў напіцца і праспацца, а гэта не сказаць каб выгадна было гаспадыням. На панадворку Алены Хамутовіч, куды якраз пасля абеду зазірнулі Манька і Лёдзя, ужо тоўпіліся самыя цікаўныя маласельцы. Хлопцы і дзяўчаты з рогатам, з жартамі тусаваліся паблізу ганка, людзі старэйшага веку, такія, як Папіха і Паляжанка, нішкам ціснуліся да спарахнелага, зялёнага ад моху плота. На жэрдках, на праслах з рэдкімі штыкецінамі павіслі дапытлівыя, неўгамонныя хлапчукі, крыху зводдаль, каля варыўні, чуючы з яе ачмурэлы мясны пах, паважна расселіся на шулах галодныя, аблезлыя каты. Манька і Лёдзя з ходу далучыліся ў кампанію сваіх равеснікаў, скрозь густы натоўп прашыліся да самага ганка. Нягледзячы на яшчэ даволі ранні час, Аленіна хата адзываецца звонам шклянак, гоманам, усё больш гучнымі выкрыкамі: «Горка!» Вяселле, для каго сапраўды горкае, для каго і надта ўжо салодкае, пачалося.