З хаты ў варыўню і назад раз-пораз снуюць узмакрэлыя кухаркі і распарадчыцы сталоў, носячы гаршкі, міскі, талеркі з ежывам, кашалі, укоптур наладаваныя пляшкамі сівухі. Час ад часу з дзвярэй хапіць свежага паветра высоўваецца расчырванелы, потны сват Костусь Танец, перавязаны цераз плячо даўжэзным вышываным ручніком. У хаце, відаць, нешта адбылося, гоман, выкрыкі там на момант прыціхлі, а на ганак нечакана выйшла сама гаспадыня пад ручку з нейкім казачным, беласнежным стварэннем. Белая сукенка, белы накрухмалены вэлюм, белыя туфлі-лодачкі, толькі вянок зялёны на чарнявых валасах. Божа, то ж яна - нянаская царэўна, балотная жаба, прыгажуня-жонка Аляксея Хамутовіча! Свякроў і нявестка пра нешта пашапталіся, скасавурыліся на людны панадворак і наважыліся вяртацца ў хату, не заўважаючы, што белыя туфлі-лодачкі топчуць вядзьмарскі акравачак, нявінную на выгляд анучку з усёмагутнымі чарамі.
- Табе замужам не бываць, - прашаптала першы радок кленічаў Манька Тадорчына.
- Табе дзетак не раджаць! - прашаптала другі радок кленічаў Лёдзя Гаўрылава.
Шэрую анучку з чарадзейнымі валасамі ўдаўца, удавы і бабы гуляшчай у момант вока растапталі, ушчэнт разнеслі і размялі па ганку элегантныя туфлікі маладой, нязграбныя сандалеты-шкрэбалы кухарак, грубыя, велізарныя, як калодкі, сватавы боты. Стоячы ўжо далёка ў гурце аднагодкаў, Манька і Лёдзя з трывогай і хваляваннем чакалі шчымлівай, радаснай хвіліны, калі нялюбае ім вяселле пачне разладжвацца. На ганак вось-вось выскачыць збялелая, спалатнелая царэўна-жаба, следам вылеціць дзяркач, гузыром уваткнецца ёй у плечы, потым з вілкамі ў руках выбежыць раз'ятраная Алена Хамутовіч, і нежывая ад страху нязваная прыблуда пад дзікі рогат жаніха і шафераў, свата і свацці, прошаных гасцей і старонніх разявакаў напрасткі цераз балоты і сухадолы цурыць без аглядкі ў свае Ганцавічы. Манька і Лёдзя крадком страляюць вачыма па расчыненых вокнах, чуйна ловяць кожны гук і вокрык, што далятаюць адтуль. Ну, слава Богу, пачынаецца!
У хаце раптам сціхлі вясельныя песні, усчаўся неверагодны шум, забразгалі лаўкі, столкі, табурэткі, і на двор першымі вываліліся захмялелыя, шчаслівыя, як чэрці, музыкі - баян, скрыпка, бубен. Манька глянула на Лёдзю, Лёдзя глянула на Маньку: дык што ж гэта такое, чаму не дзейнічаюць чары? На лаўцы пад старой раскідзістай яблыняй галасістым гукарадам ускінуўся перламутравы баян, заплакала, запілікала пашарпаная скрыпка, забухаў, забразгаў меднымі талеркамі сярдзіты бубен. І адразу на покліч грымотнай музыкі з хаты, як бульба з каша, пасыпаліся маладыя вясельныя чыны: шаферы і шаферкі, баяры і баяркі, за імі паважна і самавіта пачалі выходзіць прошаныя госці: свае, тутэйшыя, і прыезджыя, ганцавіцкія. Людзі расступіліся, далі шырокі круг, і прыгнулася, зашамацела пад дзесяткамі ног марная яшчэ трава-мурава пасярод панадворка.
Разявакаў, асабліва кабет, выбрыкі і выкрунтасы дураслівай шантрапы і зялепухі пакуль што цікавяць мала. Людзі быццам і стаяць тварам да вясёлых скокаў, а вочы самі касавурацца на дзверы: калі ж адтуль выйдуць сват і свацця з багатымі пачастункамі? І яны, нарэшце, выйшлі. Два балёны з гарэлкай, рэшата з хлебам, вялікая міса з дробна парэзанымі скрылікамі варанага мяса, кілбасы, сала, абмінаючы моладзь, кіруюцца да сталых, паважаных суседзяў і суседак. Пачосткай кіруе сама Алена Хамутовіч. Кіўне галавой, і Костусь Танец налівае каму адну, каму дзве чаркі - колькі кіўкоў, столькі і чарак. Паляжанцы адзін ківок, Папісе ажно тры. Вяртаючыся ў хату з яшчэ не пустым балёнам, сват ужо сваёй уладай наліў вясёлай кабеціне і чацвёртую шклянку. Папіха зажавала выпітае хлебам з кілбасой, пачырванела, асмялела і ў знак аддзякі за каралеўскі пачастунак зацягнула знакамітую паляшуцкую песню: