Выбрать главу

У прыемны, мілагучны Папішын голас свой траскучы і пісклявы галасок спрабуе ўплесці Паляжанка, але язык у яе не распешчаны песнямі, яму больш даспадобы бязглуздае плявузганне, а ў выніку - адна-адзіная чарка па пачостку. Як той казаў, добры пачын, аднак не пытай пачым. Пачуўшы запеў пра «бедну басоту», многія палічылі для сябе ганебным маўчаць, і вось ужо ў розных канцах двара песенны пачын падвойваецца і патройваецца, прычым у дружным хоры высільваюцца і вясельнікі, і староннія разявакі. А тыя бедакі, каму мядзведзь на вуха наступіў, раптам успомнілі: дзе ж, цікава, інтэлігенты і грамацеі, камуністы і бальшавікі, пра якіх перад вяселлем кожнаму сустрэчнаму і папярэчнаму хвалілася Алена Хамутовіч?

Пытанне па людскіх шэрагах дайшло да самых дзвярэй і такім жа шляхам вярнулася з адказам: тут яны, шаноўныя, сядзяць за сталамі і жаруць, як з галоднага краю. Бедная Алена! Нездарма жалілася: вобжары, об'едзь несусветная. Тым часам нехта дапытлівы зазірнуў у акно, і ў натоўпе загуляла новая пагудка: няпраўда, хлусня гэта! Начальнікі не п'юць і не жаруць - скачуць і выдыгоўваюцца самі сабе на кухні. Дакладней, скача адзін Бальшавік, а яму пляскаюць у ладкі Фядотаў, лысы Глеб, Лакідон, Франак Жывуцкі ды яшчэ хтосьці з раёна. Ці то захмялелі вельмі і саромеюцца выйсці на двор, ці то не з рукі ім, ушанаваным высокімі пасадамі, таўчыся побач з просталюдзінамі.

Хмель усё-такі ўзяў верх над сорамам, зноў жа непрыстойна на вялікае першамайскае свята, як прусакам, хавацца па закутках, і чыноўныя госці неўзабаве па адным выпаўзлі з хаты на сонечны прыгрэў, на свежае паветра. Следам за начальствам сваю беласнежную ганарлівую кралю, трымаючы яе пад руку, вывеў і разадзеты з іголачкі Аляксей Хамутовіч. У гаманкім натоўпе ён адразу пазнаў Маньку і Лёдзю, калі праходзіў міма, нават запаволіў крок, хацеў, мусіць, нешта сказаць, але дзяўчаты запярэдзілі ашуканца.

- Ядзюня віншуе з вяселлем і жадае вялікага шчасця, - гледзячы на ненавісную маладую, выдыхнула Манька Тадорчына.

- Дзякуй, дзякуй.

- І Агата Валасюк з Кругавіч тэж віншуе, - з'едліва дадала Лёдзя Гаўрылава.

- Дзякуй, дзякуй.

Гнеў жаніха быў вялікі, але запознены. Шальмаваты і трошкі захмялелы жаніх не адразу расшалопаў, што дзве смаркатыя блазнючкі з яго проста здзекуюцца і збыткуюць. Ён зразумеў гэта, калі, нахмурыўшы бровы, на яго сурова, спадылба паглядзела нявеста. Раз'юраны Аляксей Хамутовіч плюнуў ад прыкрасці, пацягнуў сваю кралю за сабой, зноў надоўга схаваўся ў хаце - ёсць што тлумачыць маладой жонцы, ёсць у чым каяцца. Манька і Лёдзя цераз сілу ўсміхнуліся: не падзейнічалі чары, дык хоць такім чынам адпомсцілі бессаромнаму нягодніку і падманшчыку. Толькі вось чаму не ўдалося вядзьмарства? Мо не так што зрабілі, мо не тыя сказалі кленічы? Трэба было б пабегчы на Горскую, павінаваціцца за сваё няўмельства. Але на Горскай, чуючы ўвесь надвячорак грамавую музыку з сялібы Хамутовічаў, тры змоўшчыцы - Луцэя Падгайская, Тадорка Дрозд, Фядора Чыркун - ужо самі здагадаліся пра няўдачу і цяпер гатовы былі жыўцом праглынуць бежанку Агрыпіну за яе нікчэмнае, вартае жалю чарадзейства. Баян і скрыпка тут, на Горскай, чуваць увогуле слаба, а грозны гул бубна рэхам разлягаецца ў Капцах і нават далей - за Фядорынай хатай, у Імшэчку.

Нічога не чуе, нічога не ведае адна толькі Ядзюня. Седзячы на ложку, яна лёгенька пагойдвае сынаву калыску, амаль бязгучна напявае яму матчыну калыханку, і ніякай пакуты на твары, і ніводнай слязінкі ў вачах. Яшчэ ўдзень Фядора Чыркун дастала з-пад бэлькі залаты пярсцёнак, паказала дачцэ, думала, паглядзіць, суцешыцца, і, можа, адляжа ў яе на сэрцы. Ядзюня паглядзела, сунула на палец, зняла, як непатрэбную рэч, і моўчкі паклала на стол. Нейкім чынам, ці не шэльма кот пастараўся, чужаземны дарунак скаціўся на падлогу і, нікім не заўважаны, застаўся ляжаць пасярод хаты. Пад вечар у вокны пырснулі сонечныя промні, асвяцілі ўсе закуткі, і ад бліскучага пярсцёнка на пабеленай столі зайчыкам адбіўся таямнічы залаціста-яркі абадок.

3

Здаецца, ці не на трэцім годзе вайны аднойчы сярод завірушнай ночы Луцэю Падгайскую разбудзіў незразумелы шкробат у шыбу. Гаспадыня спалохана прыслухалася. То, канечне ж, не паліцаі і не партызаны: і першыя, і другія дужа не цырымоняцца, грукаюць ботамі і прыкладамі стрэльбаў у дзверы, тузаюць клямку дзвярэй так, што сцены дрыжаць. Магло быць, гэта рыпіць і трэцца аб шкло намёрзлымі галінкамі раскідзісты клён, які рос каля самай хаты. Шкробат неўзабаве паўтарыўся, потым нехта слабка пастукаў у крыжавіну акна. Луцэя запаліла свечку, накінула кабат на плечы, выйшла ў сенцы і зняла зашчапку. У дзверы, бухаючы, як у бочку, проста на карачках запаўзла ўшчэнт знясіленая і змардаваная жанчына - выкачаная ў снег, мокрая з галавы да ног. Гаспадыня сцягнула з яе парваныя транты, дала пераапрануцца, падсадзіла на цёплую печ, ухутала дзвюма дзяружкамі, а зверху прыкрыла яшчэ і суконнай бравэркай. Пасля распаліла ў грубцы, нагрэла ліповага чаю - вып'е бядачка гарачанькага, адразу пацягне на поты, і прастуду як рукой здыме.