Выбрать главу

Па звыклай завядзёнцы Луцэя Падгайская пачынае суцяшаць бедную Агрыпіну, хоць ведае загадзя: і на другое лета Агрыпіна нікуды не паедзе. Ужо ж не першы раз на яе нападае неўтаймоўная скруха па бацькоўскай зямлі - далёкай, але не забытай. Ужо ж не першы раз, як толькі блізілася восень, Агрыпіна хадзіла па заработках: капала бульбу ў людзей, бегала ў лясніцтва садзіць флянцы. Калі грошай збіралася акурат як на дарогу, ладавала хатуль і рымсцілася ехаць. Але наставаў дзень ад'езду, і бежанка ўвачавідкі мянялася, чагосьці палохалася, адкладвала паездку яшчэ на адно лета.

Хто блізка ведаў яе, дык не дзівіўся. Туды, у Бранск, Агрыпіне проста не было да каго ехаць, ніхто там яе не чакаў. Адзіны сын Юрка загінуў яшчэ на пачатку вайны, а іншай радні ў бедачыны не засталося. Неяк раней яна пасылала на радзіму ліст, не думаючы, што нехта ўспомніць пра яе, але надзіва хутка кароценькай вестачкай азваўся колішні сусед Яўхім Беразняк. Праз яго Агрыпіна і даведалася, што хата яе згарэла, калодзеж даўно засыпаўся, а на старым котлішчы пабудавалі калгасны клуб. Цішком паплакала кабета і рашыла, што не варта ехаць дамоў - хто яе там сустрэне? Спазнаўшы на чужыне людскую дабрату і ласку, ёй, мабыць, не хацелася мяняць сваіх новых сябровак і суседзяў на невядомасць у далёкай, хай сабе і любай сэрцу, старонцы.

- Паедзь, мілка, паедзь! - прыбіраючы на стале, раіць Луцэя. - Ці ж можна так надрывацца?

- Грошай адно каб сабраць на дарогу, - уздыхае Агрыпіна. - І добра ж тым мярыканцам. Грошай у іх, кажуць, і куры не дзяўбуць.

- Нявеж, мілка. Не дзяўбуць.

Дзень за днём, тыдзень за тыднем, і лісця з клёнаў падае ўсё менш і менш. Нарэшце прыходзіць час, калі дрэвы стаяць раздзетыя - шэрыя, рабрыстыя, як шкілеты. Узвей-вецер падхоплівае сухое лісце і гоніць яго па дварышчы. Затым у паветры пачынаюць кружыцца «белыя мухі», і хутка снег цалкам прыкрывае голую і чорную зямлю. Узімку Агрыпіна ходзіць у сушню церці і трапаць калгасны лён. Дамоў вяртаецца ацёмначы, уся ў кастрыцы і пацярусе. Павячэраўшы, адразу бярэцца за прасніцу. Круціцца і круціцца верацяно, тонка жжыкае кужэльная нітка. За вокнамі гуляе завіруха і гулка, мусіць, на мароз, патрэскваюць кроквы. Доўгімі зімовымі вечарамі жанкі дапазна прадуць кудзелю.

Зрэдку, калі не хварэе, у хату заглядвае Марцін Палазок. Сядзіць, суцішаны, каля грубкі і безупынку смаліць пякучы самасад. Пакуль што яму нічога не ўдалося высветліць наконт свайго сватаўства, і, мусіць, таму цэлы вечар Марцін сядзіць задумёны і заклапочаны. Агрыпіна слініць паміж пальцаў касмыль пражы, адводзіць убок руку з верацяном і раз-пораз кідае позірк на свайго сівенькага жаніха. Яна ўсё ж шкадуе Палазка, думае аб ім, а што сказаць на яго прапанову - яшчэ і сама не ведае. Той жа сядзіць каля грубкі, белы як лунь, нешта думае сваё, не зводзячы з агню пільнага позірку. Нарэшце падымаецца з табурэткі, атрасае з каленяў шматкі газеты, тытунь і попел. У хаце аж сіне ад пякучага, едкага дыму.

- То я пайшоў, - бярэцца Палазок за клямку, спыняецца, аднак, у шэрым сутонні хаты некага шукае вачыма. - Гэта ж я хацеў спытаць, Агрыпіна, ці пойдзеш ты за мяне? Рашылася ўжо? Калі і страшышся, то марна: я добрую маю шкадобу да баб.

- Ой, не ведаю, што і казаць, - чырванее, як сямнастка, Агрыпіна. - Праўда, не ведаю.

- Ты падумай яшчэ. Не маладзён жа я, каб шыбка за табою бегаць.

- Падумаю. Як надумаюся, то і скажу.

Гулка бразгаюць дзверы, за сцяной чуецца шоргат зляжалага, наздраватага снегу. Жанкі кладуцца спаць. Луцэя спіць на гарачай печы. Засынае адразу, бо, ведама, натупалася, набегалася за дзень. Агрыпіна ўзімку спіць за грубкай, на мулкім палку з сасновых аполкаў. Яе, наадварот, мучыць бяссонніца: варочаецца з боку на бок, уздыхае, нешта шэпча ўпоцемках. Далібог, тут і маладуха не зразумела б: гульня гэта ці сапраўды Палазок мае сур'ёзны намер? Сватаўство яго цягнецца ўжо не першы год. Агрыпіна і сама забыла, калі Палазок пачаў заляцацца да яе - летась ці ў пазамінулую восень? Тады яна ўзрадавалася, што на старасці гадоў, калі захварэе, хоць будзе каму падаць кубачак вады. Цяпер жа баіцца Анюты, Палазковай нявесткі. Тая на ўсю ваколіцу абвясціла: бежанку-галетніцу і на парог свёкравай хаты не пусціць. І Агрыпіна збаялася, астыла, разуверылася ў сваім запозненым жаночым шчасці. Языкатая Анюта не дасць жыцця, загрызе, поедам будзе есці.

Вось таму і не спіцца Агрыпіне - у начной цішыні сама рашае свой лёс, пад шум завеі думу думае горкую. Але нарэшце прыйшоў ранак - шэры, змрочны, марозны, і яна не змагла падняцца з мулкай ляжанкі: ператамілася, відаць, ці скразняк прахапіў у халоднай сушні. Затупала, замітусілася растрывожаная Луцэя Падгайская: вось я табе, мілка, яечню са скваркамі на ўсю скавародку, вось я табе чайку ліповага! Яна бразгалася чапялою ў качарэжніку, захапілася і не пачула, як у сенцах зашоргалі боты, зарыпелі дзверы.