- Ого, як рыпяць! - здзівіўся, спыняючыся ў парозе, сутулаваты, даўно няголены Марцін Палазок, як быццам раней ён не ведаў, што ў гэтай бядовай хаце заўсёды нешта ці рыпіць, ці ламаецца. - Трэба завесы гусіным шмальцам змазаць.
- Ліха іх бяры! - махнула рукой Луцэя. - А ты чаму далей не ідзеш?
Напэўна, гэта і праўда не самая лепшая звычка: перш чым прайсці ў святліцу і сесці на скрыпучую лаўку каля стала, спачатку патаптацца ў парозе, сціпла пакашляць у кулак. Па-рознаму да Луцэі заходзіць Фядора Чыркун - то ціха, то з лямантам, па-рознаму заходзіць Тадорка Дрозд - іншы раз з плачам, іншы раз з дурным рогатам, а Марцін Палазок, чорт кудлаты, не мяняе сваёй звычкі. Па натуры не дужа гаваркі, сёння ён, угледзеўшы на палку за грубкай хворую Агрыпіну, наогул замаўчаў надоўга. Расшпіліў паношаны кажушок, бо ў хаце горача, і смаліць суслу за суслай, не зважаючы, што бабы даўно папярхаюцца ад едкага тытунёвага дыму. Луцэя не была б клапатлівай, шчодрай сяброўкай і гаспадыняй: перад зіркатым, скептычным суседам занямоглую Агрыпіну яна знарок накарміла б мядамі-саладамі, не пашкадавала б і птушынага малака, каб ведала, дзе яго ўзяць. На прыпечку, на жаль, сквірчыць толькі марная яечня, дыміцца гарачай параю бульба і астывае ў конаўках чай, завараны на духмяным ліповым цвеце. Якія ўжо тут прысмакі, калі з каморы нават мышы паўцякалі.
- Можа, і ты, суседзе, паснедаў бы з намі?
- Дзякуй, дома ад пуза наеўся. Сюды я па іншай справе прыйшоў.
- Чаго ж ты прыйшоў, Марцін?
- Хачу сказаць Агрыпіне, што ўвесну думаю сваю хатку перасыпаць. Мне, як франтавіку, Глеб дакляраваў помач.
- Перасыпай, Марцін, - азвалася з-за грубкі слабым голасам Агрыпіна. - Рашылася я - будзем разам старасць дажываць.
- От і добра! Бывайце, бабы, я пайшоў, - весела падхапіўся на ногі Палазок. - Папраўляйся, Грыпка. І ты, Луцэя, будзь здарова.
- Заглядвай часцей.
Адшумела белымі завеямі зіма, у лясах, на балотах і азярынах гасцінна прыняў пералётнае птаства халаднаваты сакавік, з ціхімі і частымі залевамі прайшоў слотны красавік, і толькі на пачатку мая, калі пасля Хамутовічавага вяселля дружна і буйна запеніліся маласельскія сады, лысы Глеб прыслаў Гаўрылу Трафімчыка з усёй яго адмысловай цяслярскай брыгадай. Дзён дзесяць на Горскай цюкалі сякеры, звінелі пілы. Пахілую, урослую ў зямлю хатку будаўнікі растрыбушылі да самай зямлі, замянілі падваліны, выкінулі струхнелыя плашчакі і перасыпалі зруб па-новаму. Кожны раз, пасля вокан, пасля ачэпаў, пасля крокваў і гонтавага даху, як і патрабуе звычай, Марцін Палазок ставіў цеслярам добры магарыч, і тыя паказалі, на што здатныя іх вострыя, як брытвы, сякеры.
На Горскую аднойчы, як бы выпадкова, завітала Агрыпіна і не пазнала старую развалюху: стаіць хата як лялька, памаладзелая, з новай падлогай і столлю, з пафарбаванымі на чырвонае вокнамі. Цяпер, калі будаўнікі пайшлі, на сваім пляцы кешкаўся адзін гаспадар: абразаў свежы мох у пазах, асыпаў прызбу, кітаваў шыбы, валачыў зямлю на гарышча, каб зімою праз шчыліны не выходзіў цёплы дух. Часам бацьку падсабляе Барыс, іншы раз, вяртаючыся нацянькі з работы, да навасельца па старой памяці заглядвае Ванька Заяц. Кош з зямлёй цяжкі, як падняць, і назад з гарышча Марцін Палазок злазіць па драбінках марудна і стомлена. Злезшы, садзіцца на прызбу супачыць і цяжка аддыхваецца, не могучы саўладаць з хрыпам у грудзях.
- Баліць штосьці нутро. Як агнём пячэ, - скардзіцца ён. - Мусіць, трэба кідаць паскуднае курыва.
- Гарэлку кінуць лягчэй, чым табаку, - дасведчана кажа Ванька Заяц і суцяшае старога: - А гэта, у грудзях, пройдзе. Прастуда няйнакш.
- Э, нябож, каб толькі ж прастуда.
Нікому больш Марцін Палазок не паскардзіўся - ні суседзям, ні нават Агрыпіне. Ён наогул не ўмеў і не любіў скардзіцца: бывае, раскажаш чалавеку пра самае набалелае, што гняце і мучыць цябе, і не пачуеш у адказ ніводнага слова спагады і суцяшэння, быццам так табе і трэба, цюхцяю і няўдачніку. Тут жа на здзіўленне стаялі лагодныя і цёплыя майскія дні. Зацвіў у агародчыку бэз, беласнежнай чаромхай, быццам фартушком, падперазаўся ўзлесак перад Імшэчкам. Вярнуліся з выраю ластаўкі, і дзве шчабятлівыя пары, пралятаючы над Горскай, адразу прыкмецілі дзівосныя перамены на Палазковай сялібе. Ластаўкі пакружляліся зблізку і хутка пераканаліся, што цяпер і ім, такім прывабным і працавітым, будзе зусім не ганебна зляпіць свае гнёзды на гэтым прыстойным абноўленым дамку.