Ужо з самай раніцы белагрудыя птушкі мітусіліся і шчабяталі пад застрэшкам, і, любуючыся імі, Марцін Палазок начыста забыў, што на май і пад кустом рай - свая хата ўсё ж лепш. Да Сёмухі, нягледзячы на здрадлівую слабасць ува ўсім целе, ён упарадчыў двор: прыняў з-пад ног струхлелую драўніну, пазбіраў трэскі, перацягаў пад паветку аскабалкі старых дошак. Перад самым святам падыбаў у лес, прынёс ношку зялёнага маю: кляновымі галінкамі прыбраў покуць, дзве белыя бярозкі ўкапаў абапал весніц. Зараз ужо можна смела клікаць у хату і гаспадыню, але прайшла ноч, пачаўся новы дзень, а Палазок нідзе не паказваецца - ні ў вёсцы, ні на сваім панадворку.
Захвалявалася Агрыпіна, прабеглася па суседзях і вярнулася да Луцэі з трывожнай навіной: Марцін раптоўна захварэў і ляжыць у раённай бальніцы. Добра яшчэ, што Барысу ўчора вечарам заманулася наведаць бацьку - як бы прадчуваў нядобрае. Агрыпіна знервавалася за дзень, забыла нават, што сёння людзі святкуюць Сёмуху. Назаўтра ж, хоць мучылася бяссонніцай амаль усю ноч, яна спякла белых пампушак і напрасткі паўз Агарэвіцкае балота пайшла ў водведкі да хворага. Па дарозе думала, што не па часе гэта Марцінава немач, хаця б не задоўжылася яна. Сама ж лета пачынаецца, турбот поўны рот, а калі жыць разам, то трэба было б і пра якую гаспадарку парупіцца. Затое з Ганцавіч яна вярталася весялейшай. Марціну стала лепш ад уколаў, і доктар супакоіў: праз тыдзень-другі можна будзе выпісваць дадому.
- Як ён там, сівагаловы? - аж за брамку выбегла насустрач Луцэя Падгайская.
- Папраўляецца Марцін. Перагрэўся, кажа, і вады халоднай каўтануў.
- І добра, што папраўляецца. Летняя прастуда, яна ўчэпістая, падла.
- Марцін яшчэ сказаў, каб перабіралася ў яго хату, - чырванеючы, пахвалілася Агрыпіна.
- І перабірайся. Я табе, мілка, і паркалю дам на фіранкі.
- Не, пачакаю ўжо, калі хаджаін з бальніцы выпішацца.
За падзеямі апошняга часу, на шчасце, часцей весялейшымі, чым сумнымі і трагічнымі, адбылося нешта дзіўнае: бежанка Агрыпіна пакрысе, неўпрыкмет забыла, што гэтым летам збіралася абавязкова, нягледзячы на вечнае безграшоўе, скокнуць на Браншчыну, хоць адным вокам глянуць на сваё роднае котлішча, а ці вернецца назад - гэта як Бог-бацька дасць. Прыпадкі маркоты і жалю ў яе даўно не паўтараюцца, і яна, як заўсёды ўвосень, калі з клёнаў ападае залаціста-барвовае лісце, ужо не прастойвае моўчкі каля плота, прыгнечаная і непрыкаяная, да болю ў вачах не ўглядаецца ў сінюю смугу, у туманную, невядомую далеч. Занятая пярэбарамі, Агрыпіна, дзякуючы Луцэінай шчодрасці, пашыла беленькія фіранкі, пасля перагледзела свае манаткі - сякі-такі абутак, ношаную-пераношаную апратку, і дабра гэтага сабралася як панесці лядачаму заморку. Асмелілася, папрасіла ў Барысавай Анюты ключ ад Палазковай хаты, за дзень пабяліла печ і грубку, чысценька вымыла падлогу і вокны, павесіла фіранкі. Бяздомная галетніца, Луцэіна падсуседка на птушыных правах, Агрыпіна цяпер аглядала сваё ўласнае жытло, і дзіўна, што яшчэ не ўсведамляла сябе па-сапраўднаму шчаслівай гаспадыняй. Да поўнага сямейнага шчасця ёй, бадай, не хапала свінячага рохкання ў хляве, таго ж курынага вэрхалу на панадворку. Вернецца Марцін з бальніцы, дык па першым часе няхай абібочына хоць ката расстараецца, каб у хаце не вяліся мышы. Стаміўшыся, Агрыпіна ноччу спала як забітая, спала і не ведала, што ў галавах ужо стаіць вялікая, непапраўная бяда. Назаўтра, ледзь раніца набралася моцы, да Луцэі Падгайскай прыбегла Анюта - раскудлачаная, спалоханая, без крывінкі на твары.
- Ці чулі? Гэта ж мой свёкар памёр.
- Як памёр? Што ты вярзеш?
- Дык ціліграму з Ганцавіч адбілі. Барыс у эмтаес пабег машыну прасіць.
- Ах, Божухна ты мой!
- Як прывязуць нябожчыка, прыйдзіце да нас. Трэба ж будзе пацеры гаварыць.
Сама ледзь жывая ад жахлівай весткі, Луцэя Падгайская ратавала Агрыпіну: біла па шчоках, давала нюхаць нашатыр, і калі тая, нарэшце, ачуняла, то доўга не магла зразумець, што з ёю такое сталася? Яшчэ колькі хвілін назад яна была самая шчаслівая і багатая ў свеце: мела талковага гаспадара і прыстойную хату, гадавала парасят і курэй, у яе быў нават уласны кот, які за адну ноч пералавіў, парваў на мэтлухі ўсіх хатніх мышэй, але, на бяду, прыбегла гэтая дурніца Анюта, і ад вялікага, прывіднага багацця не засталося і следу. Агрыпіна ніяк не магла паверыць у сваю беднасць і жабрацтва, пакуль апаўдні з Кругавіч не дакаціўся цераз лес жалобны царкоўны звон. Малое Сяло ўздрыгнула: на зямлі не стала яшчэ аднаго добрага чалавека.
Адпявалі яго, шчадралюбнага і бяскрыўднага, у Барысавай хаце, і калі назаўтра канём везлі дамавіну на могілкі, Агрыпіне хацелася крыкнуць: устань, Марцін, паглядзі, колькі тут людзей, і сваякоў, і суседзяў, паслухай, як яны цябе паважаюць і любяць. Але маўчун і ёсць маўчун: не азваўся на вокліч, нават і брывом не павёў на яе гарачыя слёзы. Услед за бацюшкам і пеўчымі людская жалоба з Горскай спускаецца ў лагчыну, сунецца далей паўз канцавыя хаты Малога Сяла. Сустрэчныя мужчыны і хлапчукі паспешліва здымаюць шапкі, жанкі і бабулькі апантана, хапатліва жагнаюцца. Дзень не дажджлівы і не сыры, але халаднаваты, ветраны. Гайдаюцца вяршаліны дрэў, на пясчанай дарозе падымаюцца лёгкія віхорчыкі пылу. Збоку ад маўклівага натоўпу, спатыкаючыся на калдобінах, брыдуць зажураныя Тафіля і Сцяпан Аліфер.