Выбрать главу

- Шкада Марціна. Як паміраць, то хай бы памёр спаміж Вялікадня і Сёмухі - без перашкод у рай трапіў бы.

- Што ты плявузгаеш, бязмозглая? Смерці чалавеку пажадала.

- Ці ж сама я прыдумала? Людзі так гавораць. Хто сканаў пасля Сёмухі - у пекла трапляе.

- Дык які з Марціна грэшнік?

- Праўда, харошы быў чалавек, але смерць не вызначае, калі каму паміраць і за якую правіну мучыцца на тым свеце.

- Так яно, Тафілька, так. Добра ж я помню, як Палазок прасіўся, каб побач са мною ляжаць.

- А зараз ты ў яго прасіся, дурніла.

- Цьфу! Хай Бог панам барануе.

Лёс ці не лёс, можа, гэта зусім прыкрая выпадковасць - запаленне лёгкіх, а смерць блізкага чалавека трэба прыняць як належнае. З жалобнай вячэры Агрыпіна вярнулася сплаканая, чужая, абыякавая да ўсяго. Было ўжо не рана, вечар усё шчыльней аблягаў сцішэлыя, маркотныя вокны. Прыслухоўваючыся, як неспакойна спіць Луцэя, яна смыкалася па хаце, натыкалася ўпоцемках на табурэткі і столкі. Потым задрамала і сама, але спала не доўга - прачнулася і пачала думаць, за што ж заўтра хапіцца, за што ж уцяць рукі? Так, у яе быў не асэнсаваны яшчэ розумам, невядомы заўтрашні дзень. І ён, гэты дзень, усё ўладней заяўляе аб сабе: у вокнах пасвятлела, за садком у рэдкім бярэзнічку шалёна зацёхкалі салаўі.

Луцэя Падгайская прахапілася намнога пазней, выйшла на двор і спалохалася. Пад кучаравымі клёнамі, каля пахілага плота ў канцы двара стаіць, горбячыся, бежанка Агрыпіна, маўкліва і самотна ўзіраецца ўдалячынь, і па тым, як уздрыгваюць яе абвіслыя плечы, відаць, што яна горка і несуцешна плача.

4

Абапал вуліцы, уздоўж платоў і каля прысад, дзесьці на пачатку чэрвеня непрыкметна і сціпла, не так ганарліва, як палявыя валошкі, зацвіў пахучы рамонак, і дзіўна, што ярчэй, чым дзе, цвіце ён наўзбоч двух сівых, замшэлых валуноў, знакамітых на ўсё Малое Сяло. Росныя драбнаватыя кветкі з белымі пялёсткамі і жоўтымі галоўкамі, пагойдваючыся на высокіх прамастойкіх сцяблінках, як бы просяцца: мы не дужа кідкія хараством, але прыдатныя хоць на лекі, хоць на духмяны чай. Бадзёрым, яшчэ халаднаватым ранкам каля свайго пляскатага патрэсканага каменя стаіць Тафіля, і на твары ў яе блукае лагодная ўсмешка - зацвіў рамонак. Пакуль не асыпаліся пялёсткі, дык сапраўды, чаму ж не азапасіцца на якую пільную зімовую патрэбу? Тафіля нагнулася, зачарапіла ў жменю квітучых раслін, а калі выпрасталася, то ўбачыла, што каля гарбатага Аліферавага валуна, бліжэй да калодзежа, рамонак намнога большы і гусцейшы. Некалькі дзесяткаў нетаропкіх крокаў, і яна ўжо на тым баку вуліцы. Але не паспела сарваць нават каліўца, як па ваду прыджгаў заспаны сярдзіты Сцяпан Аліфер.

- Ты навошта рвеш мой румянак? Свайго хіба мала?

- Твой лепшы. І сакаўнейшы, і кветкі большыя. Стаю і думаю: чаму так?

- Тут жа калодзеж побач. Значыць, у зямлі і вільгаці, і сырасці багата.

- Вось яно што! - разявіла рот здзіўленая Тафіля. - Шанцуе ж табе, сусед.

- Ат, рві, колькі табе трэба, - дазволіў ірваць рамонак Сцяпан Аліфер, набраў вады і, збіраючыся ісці, ужо лагодней спытаў: - Што ж на свеце чуваць?

- А што там чуваць! Барыс Палазкоў бацькаву хату прадаў. Бежанка, Луцэіна падсуседка, да сябе, у Расею, паехала і наўрад ці вернецца. А яшчэ кажуць, што лысы Глеб хоча Гаўрылава гумно разабраць. Перавязуць на хверму і змудруюць куратнік.

- Даўно трэба! Чужыя пуні і гумны Трафімчык панішчыў, а сваё сумысна пакінуў. Думаў, хітрэйшы за ўсіх.

- Але ж, хітрэйшы.

З хаты пад бухматымі вязамі Марка сярдзіта накрычала, каб стары ёлупень і маруда хутчэй нёс ваду, а так суседзі, паразумеўшыся, яшчэ пабалакалі б у ахвоту, памянташылі б языкамі, можа, і пасварыліся б, хоць сварыцца і лаяцца, здаецца, асаблівай прычыны няма. Праблема крывабокай, парэпанай бярозы - чыя яна і каму чарга ўвесну спускаць сок - за нягодамі і згрызотамі жыцця сама па сабе адышла на другі план, ды і бяроза, не адзін раз пракручаная ў камлі бязлітасным свярдзёлкам, пачынае чэзнуць і сохнуць. Але так не бывае, каб маласельскія задзіры калі-небудзь жылі ціха, спакойна, міралюбна. Цвіце абапал вуліцы бела-жоўты рамонак, на сваім бліскучым валуне пахкае люлькай Сцяпан Аліфер, бяжыць да калодзежа раззяханая Тафіля. Апусціў дзюбу скрыпучы журавель, гулка забразгала драўлянае вядро аб трухлявыя сценкі зруба. Тафіля выліла ваду і нечакана паскардзілася: