Выбрать главу

- Зноў пяску начэрпала. От каб хто пачысціў калодзесь, а то крынічка чвырам забілася.

- І тын пара замяніць, - у тон ёй азваўся Сцяпан Аліфер. - Як знойдзецца вольны час, то і склічу талаку.

Чысцілі калодзеж гуртам, усёй вуліцай. Але здарылася гэта пры незвычайных абставінах. Вясковыя непапраўныя задзіры аднойчы як бы памяняліся месцамі. Тафіля сядзела на сваім пляскатым камені, а па ваду з люлькай у зубах выйшаў Сцяпан Аліфер. Ён чэрпаў ваду, грымеў коўратам, а Тафіля - ціпун ёй на язык! - здалёк узяла ды паздароўкалася:

- Дзень добры, Сцяпанка!

- Дзень добры, Тафілька!

І люлька - прыгожая, з меднымі абадкамі на муштуку - выпала з зубоў, булькнула ў калодзеж. Пачуўся глухі ўсплёск. Сцяпан Аліфер ускіпеў ад гневу, кінуўшы вядро, папраставаў цераз вуліцу, каб пакараць дзябёлую суседку, якая не ў час распусціла язык. Але на камені Тафілі ўжо няма. Адбегшыся на свой панадворак, яна баязліва выглядвае з-за вугла.

- Ах ты, жарабіца скалазубая!

- Дальбог, не хацела я, - просіць літасці Тафіля. - Каб мне язык апух, калі я сказала благое.

- Ідзі і даставай люльку. Як хочаш, так і даставай.

Перапалоханая Тафіля не адважваецца сварыцца з наравістым суседам, помнячы, на якім баку вуліцы стаіць калодзеж. Хапіла хустку на плечы, пабегла ўздоўж платоў, і з суседскіх двароў, дзе на момант знікала чырвоная хустка, смеючыся, выходзілі мужчыны. Малое Сяло прывыкла бачыць Сцяпана Аліфера з вялікай люлькай у зубах, Малое Сяло не жадала, каб ён маркоціўся без гэтай уцехі.

- Ай ды Тафіля! - смяяліся мужчыны. - Трэба ж так!

І вось ужо зарыпеў журавель, нехта спусціўся ў калодзеж, пачаў падаваць наверх вёдры з каламутнай вадой. Каля плота разлілася шырокая лужына, вырасла куча жоўтага жвіру, выцягнутага з дна калодзежа. З-пад зямлі, як з апраметнай, даляцеў па-д'ябальску вясёлы, радасны вокліч:

- Знайшоў!

Люльку, быццам які самародак, беражліва вынялі з вядра. Сцяпан Аліфер ледзь не плакаў ад радасці і ўжо гатовы быў дараваць суседцы, але апошнія дні ніхто не бачыў яе на камені. Пасядзеўшы ў адзіноце на сваім валуне, ён пачаў непакоіцца. Яму ўжо не хапала суседкі, яму было сумна, а Тафіля не выходзіла з хаты, час ад часу выглядваючы з акна. І цярпенне ў Сцяпана Аліфера лопнула. Як толькі ў шыбах насупраць зноў варухнулася фіранка, ён крыкнуў:

- Тафіля, выйдзі на вуліцу. Мірыцца будзем.

Тафіля, здавалася, толькі і чакала гэтага знаку, каб заняць сваё законнае месца на пляскатым камені. Села баязліва, насцярожана, голас ціхі, вінаваты.

- Клікаў, Сцяпанка? Ці мо падалося мне?

- Канечне, клікаў. Сумна нешта стала. Ты ўжо, Тафілька, даруй.

- Гэта ты мне даруй. Я ж усё нарабіла.

- Забудзь, Тафілька. Нават і добра, што так выйшла. Хоць калодзесь пачысцілі.

Нядаўнія ворагі сядзелі на сваіх валунах такія добрыя, такія лагодныя, што, здавалася, пасля гэтага яны больш ніколі не пасварацца. Пагаварылі пра вясковыя навіны, пра заўтрашняе надвор'е. А час ужо не ранні: сонца хавалася за лесам, на сажалцы каля школы крумкалі жабы. Дзесьці недалёка жаласна запілікаў гармонік. Сцяпан Аліфер прыслухаўся, і ў старэчых прыжмураных вачах заскакалі вясёлыя маладыя чорцікі.

- Ну што за моладзь пайшла? - скрывіліся ў пагардзе яго губы. - Нават граць не ўмеюць. От мы, бывала!

- Эге ж, Сцяпанка! У нас талкавей выходзіла.

- Я добра помню нашы гулянкі, - заблазнаваў Сцяпан Аліфер. - І цябе, Тафілька. От дзеўка была - румяная, сакавітая!

- Нявеж праўда, Сцяпанка? - не паверыла Тафіля і, здаецца, падрасла на камені.

- Была, была! Ну няўжо не помніш, як мы на сенажаці мурог зграбалі?

- Помню, Сцяпанка.

- А як сена ў копы кідалі?

- Помню, Сцяпанка.

- А помніш, якое там салодкае сена было?

- Пра што ты сказ-з-заў? - Тафіля раптам падхапілася з каменя, пачырванела, асмыкнула спадніцу.

- Як пра што? Пра тое ж самае - пра сена салодкае. А ты плакала пасля, каб замуж браў.

- Дурны ты, Аліфер! Гэта ж плешча такое, - зазлавала Тафіля. - Дурны як бот. Нехта падумае, што і праўда.

- Гы-гы! Я і сёння яшчэ магу насіць сена. Чуеш, Тафіля?

- Ах ты, псюк гнілы! З цябе ж парахно сыплецца.

Сцяпан Аліфер папярхнуўся смехам, перастаў блазнаваць, бо ў Тафіліных параўнаннях не ўсё яму спадабалася. Падхапіўся з валуна, растаптаў жоўтыя галоўкі рамонку, які рос вакол каменя, плюнуў з прыкрасцю і абурэннем. На яго быццам трасца напала - тупнуў нагой, запырскаўся слінай.