- Калі я, па-твойму, бот, дык хто ж ты, Тафілька? Ага! Лапаць з левай нагі. Во хто ты!
- Хай сабе і лапаць, - аж пабялела Тафіля. - А ты хлус! Гэта ж выдумаць такое. І свет не бачыў, і людзі не чулі. - На ўсялякі выпадак яна адступіла ў брамку, грукнула зашчапкай. - Пустадомак ты! Мо забыў, як у калгас не хацеў пісацца?
- Бо дурань быў. Напачатку не ўшалопаў, што да чаго, а як ушалопаў, то і каня, і калёсы завёў на вобчы двор. А ты што завяла? Ага, маўчыш? Галадранка, от хто ты! У цябе ж кутніца большая за твой хутар.
Такой абразы Тафіля ўжо не магла стрываць, але і сварыцца з дурнем было рызыкоўна. Тафіля злосна трасянула брамку, схавалася ў сенцах. Там пачуўся грукат, моцна бразнулі дзверы. Сварлівы, помслівы Сцяпан Аліфер, затаіўшы крыўду на суседку, колькі дзён наогул не выходзіў з двара, і два валуны, адзін - шыкоўны, бліскучы, як царскі трон, другі - нязграбны, шэры і пляскаты, доўга пуставалі абапал вуліцы. А ў Тафілі таксама свой гонар: бяжыць па ваду, дык нават і не гляне на вокны знелюбелай Аліферавай хаты.
Дармо, хай сабе гневаецца, капыліць губы. Бо калі толкам разабрацца, страшнай бяды не адбылося: пасварыліся, значыць, пасварыліся, і нічога ўжо не папішаш, нічога не паправіш. З кім не бывае, а бывае такое насланнё часцей за ўсё з людзьмі, якія век пражылі побач, хата ў хату, і за доўгі гэты век паспелі да чорцікаў надакучыць адно аднаму. Старая ганарліўка, магчыма, гневаецца справядліва, але не таму, што ў суседа рамонак вырас намнога гусцейшы, чым у яе. Сцяпан Аліфер і сам ужо заўважыў за сабой дзіўную і непажаданую рэч: пасля смерці Марціна Палазка характар у яго змяніўся, прычым не ў лепшы бок. Хоць каго цяпер ён можа абразіць, пакрыўдзіць нізашто, і калі сваёй Маркі яшчэ шкада, то ні грама шкадобы няма да Тафілі - сама ж сляпіцаю лезе ў вочы. Ён бачыць у акне, як пакрыўджаная Тафіля чэрпае ваду, і раптам згадвае, што даўно ўжо не абыходзіў калгасныя палеткі і за сваё гультайства, вядома ж, заслужыў добрага прачуханца ад лысага Глеба. Адна хвіліна, і Сцяпан Аліфер сабраны, гатовы ў паход. На вуліцы знешне нічога не змянілася, усё на месцы: прысады, калодзеж, валуны цераз вуліцу, толькі вось у суседкі брамка чамусьці расчынена насцеж. Зрэшты, брамкі і ставяць для таго, каб час ад часу яны расчыняліся і праз іх хто-небудзь выбягаў ці выходзіў.
- І куды ж ты, Сцяпанка, шыбуеш спозарань?
- Забыла хіба. Я ж на паплаўнічай службе, дык гляну, як там пасевы. Гэтыя хлопцы, паганцы, узялі за моду пасвіць быдла блізка каля шкоды.
- Праўда! Каровы не разбіраюцца: і картоплю патопчуць, і жыта сталочаць. А калі ж, Сцяпанка, ты будзеш сунуцца назад?
- Не ведаю. Папаўдні ці і зусім пад вечар.
- Зайдзі! Нейкая кропля гары ў мяне ад Сёмухі прыхавана.
- Зайду, Тафілька, зайду, калі не забуду.
Няспешна, нетаропка Сцяпан Аліфер брыдзе звілістай маласельскай вуліцай і не перастае здзіўляцца: рамонак, бачыш ты, яшчэ не адцвіў, не асыпаў долу беласнежныя пялёсткі. І многа ж яго - уздоўж платоў, у садках, на прагалінах паміж хатамі і хлявамі. Рамонак пахне лекамі, і ўжо за гэта многія яго не любяць. Іншая справа сінія палявыя валошкі. Па сутнасці, і ад першых, і ад другіх кветак амаль аднолькавая карысць, але адносіны да нявінных раслін у людзей розныя. Рамонак трымаецца дарог, пустак, чалавечага жылля, а валошкі растуць у жыце ці на абмежках каля яго, і, мабыць, за гэтае пастаянства і вернасць ад векавечнай славы жыта і ім, валошкам, перападае немалое каліва пяшчоты і ласкі. Маласельскі паплаўнічы стаіць ужо на Кругляку і з узберагу поля бачыць: сінявокім пустазеллем наскрозь засмечана жытняя лава, а сама збажына густая і рослая, як чарот. Жыта не спляжыў статак, не пакамячыў вецер, каласы яшчэ пляскатыя і пустыя, але над імі ўжо курыцца жоўты пылок - жыта пачынае красаваць.
За дзень, абыходзячы калгасныя палеткі і сенажаткі ў ваколіцах Малога Сяла, Сцяпан Аліфер адбіў і стаптаў свае паплаўнічыя ногі і добра папаўдні апынуўся на Горскай, дзе, як і на Кругляку, сёлета таксама было пасеяна жыта. З Капцоў, нібы на далоні, бачылася шырокая нізіна, густа застаўленая хатамі і хлявамі. Якую хвіліну ён любаваўся роднай вёскай і раптам збянтэжана заплюскаў вейкамі: у вясковым пейзажы, ярка асветленым яшчэ гарачым сонцам, не хапала адной вельмі прыкметнай і характэрнай дэталі. Спачатку ён не ўцяміў, што гэта такое, падумаў быў, што гэта звычайны зрокавы падман, але прыгледзеўся лепш і зразумеў: у Малым Сяле таямніча знікла, як па нейкім чарадзействе, прапала Гаўрылава гумно, якое квадратнымі сценамі і саламянай страхой яшчэ нядаўна ўзвышалася над прыземістымі сялянскімі пабудовамі.