Завабіць у сямейныя цянёты прыстойнага жаніха можна рознымі чарамі і нагавораным зеллем, але самы надзейны спосаб - гэта той, калі боўдзіла зяць сядзіць на покуці і, смакуючы то вяндліну, то паляндвіцу, праставата дзівіцца з незвычайнай руплівасці і гасціннасці сваёй будучай цешчы. Менавіта вось такім сродкам Фядора спадзяецца калі не цяпер, то на другое лета залучыць у хату Аляксея Хамутовіча і з некаторага часу трымае ў цесным катушку не аднаго, а двух парсюкоў. Вечна галодныя лычы за вярсту чуюць гаспадыню і вішчаць так, што ажно трашчыць хлеў. Натупаўшыся на калгаснай рабоце, Фядора без злосці корміць пражэрлівых звяроў, ірве ім лебяду альбо свірэпку, а калі ў свінства мокра, стомлена бяжыць з мяшком на балотца драць сухі мох. Вяртаецца назад з перасцярогай, стараецца кустамі абысці суседаву сялібу, каб выпадкова не напаткаць уедлівага Марціна Палазка. Той сівагаловы ўдавец абавязкова папытае, што суседка нясе, і будзе доўга рагатаць, успомніўшы, як аднойчы яна падаслала япрука ігліцай з жывымі мурашкамі.
На сваёй дрывотні Марцін Палазок хавае парнічок і медны змеявік, гэтае дужа хадавое начынне ў яго калі-небудзь трэба будзе прасіць, вось чаму хітрая бядота маўчыць, ні слова не кажа пра дурную насмешку. Захацеўшы раю, Фядора тым не менш ведае, што ў рай не ходзяць у лапцях, і яшчэ, яна проста нутром чуе, што пляшка моцнай, пякучай, як перац, самагонкі будучаму зяцю спадабаецца лепей, чым дасціпныя чары і нагаворанае зелле.
Наводдаль ад сялібы Гаўрылы Трафімчыка, акурат пасярэдзіне сотак, узвышаецца гумно - з утравянелым прыгуменнем і шырокімі, як машыне праехаць, варотамі, з вераб'іным ачмурэлым вэрхалам і ціхім папіскваннем мітуслівых ластавак. Страха, накрытая кулявой саломай-праміцай, трымаецца на дубовых сохах, сцены, кожная на два шулы, складзены з яловых смалістых круглякоў, прастаяць век і не спарахнеюць. Нікчэмнае гуменца, прысадзістае, скрыўленае па вуглах, як у Луцэі Падгайскай, мець Гаўрылу Трафімчыку было б дужа ганебна: ён жа сам адмысловы майстар па дрэве - і сталяр, і цясляр, не кажучы ўжо пра такі красамоўны факт, што і сякера ў яго заўсёды вострая, як брытва.
Старонні чалавек адно зірне на шыкоўную будыніну, дык і падумае: «Ого, аказваецца, у Малым Сяле таксама трапляюцца багатыры і заможнікі, а не толькі прыкрая галота і басота». Вандроўны багамолец між тым яшчэ і як памыляецца. Маючы нейкія пяць дзесяцін зямлі, Гаўрыла Трафімчык усю польскую паншчыну прахадзіў у заечай кучомцы і палапленай світцы, ашчаджаў кожны злот з хітрым разлікам пабагацець хоць у старасці і памяняць лазовыя лапці на прыстойныя ялавыя боты, для мацунку і пыхі паквэцаныя чорнай каланіцай ці смярдзючым дзёгцем.
Вялікае гумно, разлічанае якраз на будучае багацце, ставілася не адно лета, збіралася па каліўцу, па бярвенцу, і няхай ужо выбачыць пан Абуховіч, аднак з ягонага лесу шмат выдатных сухастоін начамі перабралася ў Малое Сяло, а два развілістыя дубкі на сохі за бабрыную шкуру і добры барыш дазволіў употай спілаваць панскі аб'ездчык Язэп Невяроўскі. Лазовыя лапці Гаўрыла Трафімчык сапраўды памяняў на салдацкія кірзачы, але, як ні хітрыў, узнікла небяспека развітацца і з гумном, якое ў розныя гады то пуставала ад недароду, то, на радасць гаспадару, ажно трашчала ад жытнёвых снапоў.
Неўзабаве пасля вайны ў Малым Сяле пайшлі ўпартыя чуткі пра калгасы, і, у рэшце рэшт, людзі зразумелі, што гэта не пустыя размовы, калі з Ганцавіч, бруднага палескага мястэчка, у вёску прыблыталася гайня балбатлівых чырвоных агітатараў. Вострыя, дасціпныя языкі надзіва лёгка ўгаварылі сялян, і тыя, жадаючы хутчэй убачыць наабяцаныя залатыя горы, з адвечнай беларускай пакорлівасцю, без асаблівых душэўных пакут развіталіся з уласнымі надзеламі, а коней, хто іх меў, завялі ў даўжэзную, як абора, стайню, на скорую руку скіданую наводшыбе вёскі. З дня на дзень павінны былі арыштаваць хіба што аднаго Сцяпана Аліфера, бо гэты вупар наадрэз адмовіўся пісацца ў калгас ды, мала таго, навідавоку ў прыезджага начальства пачаў калупацца з плугам на сваім, не такім ужо і марным, засеўку. І яны прыйшлі, бяззбройныя, добрыя, лагодныя, забралі наравістага пустэльніка з поля, ледзь не пад белы ручкі павялі ў хату. Аб чым яны там размаўлялі - ніхто толкам не ведаў, але ўжо на другі дзень спахмурнелы Сцяпан Аліфер выкаціў з гумна калёсы, зашчаміў у аглоблі рухавага коніка, кінуў у драбіны плуг, радоўку, барану і марудна паклыгаў на калгасны двор. Дахаты пакрыўджаны, нарваны селянін прынёс толькі кавеньку і пракураную арэхавую люльку, ды і тую без тытуню.