- Ого, і да цябе дабраліся, хітры жук! - сказаў уголас Сцяпан Аліфер і амаль подбегам пачаў спускацца з Горскай.
Здалёк не дзіва было памыліцца: гумно знікла, але яшчэ не да канца. Няма саламянай страхі, няма крокваў, напалову разабраны ўжо і самі сцены. Цесляры, усё тыя ж, з будаўнічай брыгады Гаўрылы Трафімчыка, кучна абляпілі рэшткі зруба і, каб дагадзіць свайму брыгадзіру, робяць выгляд: от сам зірні, як мы нехаця, як мы неахвотна пляжым і нішчым тваё кроўнае дабро. Той жа стаіць збоку і ледзь не плача. Гаўрылу, мабыць, не так і гумна шкада, колькі непрыемна і прыкра лавіць на сабе з'едлівыя, насмешлівыя позіркі. Сюды ж, на рэзрух, паглядзець, як лысы Глеб шкуматае несусветнага хітруна, сабралася ледзь што не паўвёскі. Пераважна гэта тыя людзі, у якіх колькі гадоў назад Гаўрыла Трафімчык і яго спрытныя малойцы без літасці і жалю разбурылі пуні, ёўні, гумны. Прыкульгаў з кульбакай у руцэ Якаў Пеўнік, заявіліся аднекуль Луцэя Падгайская і Тадорка Дрозд, крыху са спазненнем паказаўся на прыгуменні Сцяпан Аліфер, ды яшчэ багата хто прыдыбаў. Ну, з гэтымі ўсё ясна і зразумела - пакрыўджаныя, але якой трасцы ў натоўпе таўкуцца і адкрыта пахіхікваюць маласельскія шляхціцы - пан Вінцусь і пан Бронюсь.
- Ішлі б вы адсюль ды людзей не смяшылі! - ціха, каб мала хто чуў, гоніць прэч валацуг раззлаваны Гаўрыла Трафімчык.
- Не турбуйся! Часу ў нас хапае, пастаім яшчэ трошкі, - нявінна ўсміхаецца пан Вінцусь.
- Помніш, казалі ж мы табе: нядоўга ты сваім гуменцам пацешышся, - зусім сур'ёзна дакарае хітруна пан Бронюсь.
- Ды пайшлі вы куды Макар цялят не ганяў! - канчаткова ўзрываецца Гаўрыла Трафімчык і знікае дзесьці на сваім панадворку.
Цесляры, здаецца, і не рупяцца дужа, а справа ідзе як па масле: сцены раскіданы да апошняга вянца, выкапаны бакавыя шулы, выкарчаваны з зямлі дубовыя сохі. Нечапаным застаўся толькі гліняны ток, але ён, зразумела, лысаму Глебу не патрэбны. Цяпер будаўнікі грузяць бярвенне на вазы, і доўгі цуг фурманак з Гаўрылавым гумном марудна сунецца селавым прасёлкам да калгаснай фермы. На гумнішчы лёгкі ветрык падымае пыл, дробнае смецце і друз, змятае з гладкага, як шкло, тока птушынае рабое пер'е і белы пух. Збянтэжаныя ластаўкі праносяцца над галовамі ў людзей, перапалохана свіргочуць, і ім, бедным, няўцям, куды ж падзеліся іх цёплыя гнёзды разам з вялікім і такім утульным гумном? Рэзрух на Гаўрылавым панадворку, здаецца, менш за ўсё хвалюе шэрых вераб'ёў: абсыпалі чародкай кусты малінніку, што вырас калісьці на абмежку, і сядзяць спакойна, хоць і ў іхнім пустым чырыканні зрэдку чуюцца ноткі трывогі і жалю.
Прыгуменне спрэс завалена дошкамі, латамі, кучамі гнілой саломы, усялякай непатрэбшчынай. Сцяпан Аліфер пастаяў, патаптаўся сярод людзей і наважыўся ісці дахаты. Не яго справа шкадаваць Гаўрылу Трафімчыка: хацеў быць хітрэйшым за ўсіх, дык на і табе - застаўся, браце, без гумна. Перад адыходам яшчэ раз акінуў позіркам апусцелае чужое прыгуменне і здзівіўся: нешта вельмі ўжо знаёмае замазоліла ў вачах. Рамонак! Запаланіў увесь пляц, і тут ён нават гусцейшы, чым на вуліцы, каля бліскучага валуна. Дай, Божа, памяць: там жа, паблізу, зранку была гасцінна расчынена Тафіліна брамка! Гасцінная брамка, а што ўжо казаць пра кухонны стол, засланы сурвэтай?
- Лыкні, Сцяпанка, яшчэ хоць чарачку.
- І лыкну, Тафілька. Але скажу: слабая ў цябе самагонка. Вада!
- У мяне - вада?!
- Ага, у цябе вада.
- Ось табе і маеш! Пасадзі свінню за стол, а яна і ногі на стол.
- Збыткуеш, Тафілька. Век у тваю хату не ступлю.
- І не ступай. Вельмі ты мне патрэбен.
Да такіх дробных і нязначных сварак Малое Сяло даўно прывыкла і не зважае на пустое дзівацтва. Яны ж, вясковыя задзіры, інакш, мусіць, ужо і не могуць: ціха жывуць, ціха варагуюць і потым гэтак жа непрыкметна мірацца. Назаўтра пасля шчодрай вячэры Тафіля і Сцяпан Аліфер, замаркоціўшыся ў адзіноце, пачалі шукаць якой-небудзь злагады. Кожны з іх узяў на сябе сваю долю віны, і, забыўшы пра ўзаемныя абразы і крыўды, неўзабаве суседзі зноў сядзелі на славутых валунах, размаўлялі, як быццам учарашняй сваркі наогул не было, а над імі плылі аблокі, чырвоныя ад вечаровага сонца, над блізкай аселіцай пад камарыны звон слаўся белы кужалёвы туман.
- Слаўная пагодка стаіць! - пхаючы ў люльку тытунь, казаў Сцяпан Аліфер. - Як сена рабіць, то лепшай і не трэба.
- І туман нізка сцелецца, - радавалася Тафіля. - Грыбы пойдуць расці. Як камарно, то і грыбно.
- Якое табе грыбно, калі дажджоў вобмаль.
- Але ж, суха ў лесе. А чарніц багата.