Выбрать главу

- Каму іх збіраць?

У адзін з такіх ліпеньскіх вечароў Тафіля сядзела маўклівая і самотная. Неяк вінавата глядзела на суседа і не рашалася выказаць яму свой пякучы, тужлівы боль. Усё ж адважылася, расказала, што на год ці на два едзе да малодшай дачкі ў Карлафінск, і Сцяпан Аліфер ад нечаканасці аж падскочыў на сваім бліскучым валуне.

- А калі ж ты едзеш?

- Скора, мо цераз тыдзень. Дзіцёнак у яе знайшоўся. А сама Гэлька здароўя не мела. Вось і паеду. Буду глядзець абаіх - і яе, і дзіцёнка.

- Раз так, то трэба ехаць, - уздыхнуў Аліфер, і ў яго вачах бліснулі слёзы. - Хто Гэльцы дапаможа, як не маці?

Развітваліся яны доўга і так сардэчна, як быццам разумелі, што могуць ніколі больш не сустрэцца. З вялікай торбай на плячах Тафіля ў адной руцэ трымала авоську, а другой выцірала чырвоныя, заплаканыя вочы. Сцяпан Аліфер стаяў побач, пасярод вуліцы, і голас яго таксама здрадліва дрыжаў:

- То едзеш, Тафілька?

- Еду, Спяпанка, - вінавата ўсміхнулася Тафіля. Пастаяла, памаўчала і выціснула скрозь слёзы: - Як жа ты цяпер будзеш? Не дай Бог, калі што якое з Маркай, адзін застанешся, як пуп.

- Э, пражыву як-небудзь, - паспрабаваў той пажартаваць. - Забавіўся я на гэтым свеце. Марцін Палазок на тры гады быў за мяне маладзейшы.

- Не пляці дурное! Табе яшчэ жыць ды жыць, - Тафіля крута павярнулася і ўжо на хаду сказала: - Ну, то бывай, Сцяпанка.

- Бывай, Тафілька!

- Чакай, я вярнуся яшчэ!

Пасля Тафілінага ад'езду Сцяпан Аліфер вечарамі сядзеў каля калодзежа адзін, маркоціўся, пакутаваў. Ён увачавідкі пастарэў, згорбіўся, вясёлыя іскрынкі ў вачах патухлі, рыжыя, пракураныя вусы абвіслі, і толькі люлька была па-ранейшаму цяжкая, грувасткая, з меднымі абадкамі на муштуку. Валун на другім баку вуліцы пуставаў. Перад ад'ездам Тафіля здала хату ў арэнду мясцовай школе, а новая маладжавая настаўніца, якая пасялілася ў ёй, не магла ацаніць усе вартасці нязграбнага пляскатага каменя, што дастаўся ад Тафілі.

- Гэта ж бач, як павярнулася, - уздыхаў Сцяпан Аліфер і сам сабе ціха лаяўся: - Хай Бог панам барануе!

Ён, пажылы, прабеглы, мудры чалавек, наогул добра ўяўляў, які лёс з цягам часу суджаны іхнім старэнькім хатам - яго і Тафілінай. Спачатку яны апусцеюць, потым доўга будуць стаяць з забітымі вокнамі, потым іхнія хаты, дарэшты спарахнелыя, моўчкі, без шкадавання разбяруць на апал. Насупраць адзін аднаго, цераз вуліцу, застануцца ляжаць гэтыя векавечныя валуны - пляскаты і гарбаты. Яны, безумоўна, абрастуць сівым мохам, наўкруг падымуцца бур'ян, чартапалох, густая крапіва, і каля замшэлых камянёў не знойдзецца нават лапіка зямлі для звычайнага пахучага рамонку.

Гэтым жа летам рамонак цвіў хораша, цвіў доўга, пакуль не надарылася спёка. Рамонак завяў, і цяпер каля валуноў самотна рыжэюць яго пажухлыя, сухія галоўкі.

5

Зацяжная, неміласэрная спёка, як справядлівая боская кара за цяжкія людскія грахі, навалілася з сярэдзіны лета на Заходняе Палессе. Раніца яшчэ не возьмецца ў сілу, яшчэ над комінамі маласельскіх хат пагойдваюцца струмкі бялёсага дыму, а ўжо нясцерпна горача, духата, немагчыма дыхаць. З пашы, выгаралай і выбітай на бубен, у хлявы, задраўшы хвасты, уцякаюць каровы: даймае заедзь - усе гэтыя куслівыя і нахабныя авадні, сляпні, машкара. Часам з-за лесу выплываюць шэрыя адзіночныя аблачыны, але яны ніяк не сальюцца ў грозную навальнічную хмару, хоць вечарамі, калі трохі астыне сасмяглая зямля, дзесьці далёка, за Агарэвіцкім балотам, глуха буркоча гром і неспакойна трапечуцца на небасхіле вогненныя бліскавіцы.

На аселіцы ў перасохлай да дна канаве патрэскалася зацвярдзелая скарынка глею, абмялела каля школы глыбокая сажалка, агаліўшы пакручаныя, вужаватыя карані аеру, а гразкі брод, які на добрую вярсту цягнецца па канаве ўздоўж Стаўпішчаў, цяпер можна, не намачыўшыся, перайсці ў сандалетах. Над сухадоламі за калгаснай фермай, над паплавамі і лугавінамі папаўдні вісіць дрыготкае марыва, і ў разагрэтым, аж сінім, паветры востра адчуваецца гаркаваты пах дыму.

Гараць лясы і тарфянішчы. Што ні дзень удалечыні то над Кудахай, то над Агарэвіцкім балотам, то і зусім ужо блізка - за Стаўпішчамі - ускідваюцца ў неба чорныя дымныя каснікі. У сівую даўніну сказалі б, што гэта ў сваёй падземнай вогненнай кузні апантана працуе, куючы жалеза, бог агню і кавальскага рамяства Жыжаль, і таму над разагрэтай зямлёй усталявалася зацяжная спякота. Гараць лясы і тарфянішчы, больш за месяц няма дажджу. На баравінах і ў прыціхлых гаях вакол Імшэчка ад зыркага сонца спякліся чарніцы, змарнелі лапавухія лісічкі, якія былі пракінуліся напрыканцы чэрвеня. Суш такая, што хопіць адной іскрынкі, каб у мяшаных старалессях і хвойных маладняках шуганула неўтаймоўнае полымя. Над Малым Сялом час ад часу, як добры дух, аглядаючы з вышыні пажухлае і счарнелае ў засуху палясоўе, кружыцца чырвоны пажарны самалёт. Лясныя пажары заўсёды наганяюць людзям жуды, страху, і маласельцы з трывогай паглядаюць і на самалёт, і на далёкія злавесныя клубы дыму - вось жа разлютаваўся Жыжаль!