Выбрать главу

На камяністым жытнёвым палетку, які ад Капцоў па схілах гары спускаецца ледзь не да самай аселіцы, шчыруюць жнеі - у светлых строях ад гарачага сонца, у белых паркалёвых хустках. Сюды паспрабаваў быў паткнуцца эмтээсаўскі камбайн, але з першым заходам зламаў у жняярцы колькі зубоў і ўлегцы, з пустым бункерам, пасунуўся на чысцейшы ад камяніцы Кругляк. Сярпы, добра назубленыя ў вясковай кузні, - Костусь Танец гэта табе не Жыжаль! - імкліва разбегліся наўсцяж усёй пажоўклай каласістай нівы. Побач з Фядорай Чыркун жнуць свае загоны Паляжанка і Алена Хамутовіч, яшчэ далей нізка кланяюцца зямлі Тадорка Дрозд і Луцэя Падгайская, за імі гнуць спіны самыя маладыя тут жнеі - былыя трактарысткі Яня і Ніна. Спалохаўшыся, што дачок не бяруць замуж, мацяркі сілком вырвалі іх з жалезнага пекла, і цяпер закарэлыя ад саляркі дзявочыя рукі прынамсі пахнуць жытам, валошкамі, гарачым прадымленым ветрам. Хоць якая, а мацяркам радасць.

Сухмень не дужа зашкодзіла жніву, і дзіва ў тым няма: нахапілася, калі жыта адкрасавала. Снапы тугія, важкія, як перацяць вязьмом. Іржышча за жнеямі бязладна застаўлена бухматымі бабкамі, на дзікіх грушах сярод поля крычаць і трывожацца груганы. Напэўна, сцярвятнікаў палохае бляск вострых сярпоў, частае мільганне ў збажыне белых хустак, якія няўхільна набліжаюцца да калючых дзічак. У Фядоры Чыркун перасмяглі губы, ад стомы гудуць рукі і ногі, ные ў крыжы - разагнуцца б, пастаяць хоць хвілінку вольна, але ж побач жне Алена Хамутовіч, і, прызнацца, не хочацца кожны раз лавіць на сабе яе вінаваты, выбачлівы позірк. Вяселле свайму круцялю, што і казаць, яна справіла па цяперашняй бядноце шыкоўнае і гучнае - Папіха яшчэ і сёння хваліцца, які багаты і шчодры пачастунак мела з рук свата Костуся Танца. Крыўда і віна, крыўда за падманутую дачку, віна за ашуканца-сына, пасля Першамая ні разу не сутыкаліся так блізка - твар у твар, вочы ў вочы, і, бадай, вось і зараз не было б гэтай цяжкай, шчымлівай размовы, калі б не вельмі разборлівая брагадзірская «каза» адмерала іх загоны ў розных канцах палетка.

- Фядора, ты яшчэ ўсё злуешся на мяне? Але ж пры чым тут я? - перастала на момант жаць Алена Хамутовіч. - Мазгі свайму Ляксею я не змагла ўправіць. Захацеў гэную, з духтароў, і хоць кол на галаве чашы. Забраў у Магілеў і там жыве цяперака.

- Сабака не вяртаецца туды, дзе нашкодзіў. Але Бог яму суддзя, - з палёгкай выпрастала спіну Фядора Чыркун. - Не прападзе мая Ядзюня. І ўнучак выкідаецца. Яшчэ ж я сама не ўломак. І здароўе, і сілу ў руках маю.

- Калі-нікалі і я, чым змагу, буду падсабляць.

- Не трэба, Алена! Я не жабрачка.

- Фядора, а ці не казала я табе: няхай ідзе Ядзюня за майго Ваньку, - навастрыла вушы цікаўная, зяўластая Паляжанка. - Хлопец мой не які-небудзь абібок. Вунь колькі жыта зарабляе штолета.

- Дык хіба я пярэчыла? Ці слова благое казала пра Ваньку?

- Не хвалілася б, Зося, сваім шалапутам, - азвалася з суседняга загона Тадорка Дрозд. - Мая Манька не сказаць, што красуня, але ўсё адно я не аддала б яе за твайго выпівоху.

- Ты бачыла, як ён п'е? Ты бачыла?

- Бачыла. Не раз ідзе - ледзь на нагах трымаецца. І яшчэ, кажуць, хлебам у гарэлку мачае.

- Перастаньце! - падышла бліжэй да кабет Луцэя Падгайская. - Зараз пачнецца калатнеча на ўсё поле.

Пасварыцца, а то і счубіцца залаб прычына ёсць, і не адна, але няма ўжо часу. З пашы гоняць статак, трэба хутчэй бегчы дахаты - даіць кароў, карміць свінства, ды і самім не зашкодзіць пасёрбаць чаго-небудзь рэдзенькага. Пра абед, як звычайна ў буднія дні, вельмі дарэчы напомніла і Кругавіцкая цагельня. Рэзкі, захлёбісты гудок перакаціўся цераз лес і, падвоены рэхам, вісіць над галовамі, закладаючы жнеям вушы. На дзічках гучней закрычалі груганы, уздоўж усёй жытнёвай лавы не пабліскваюць вострыя сярпы: полудзень і для іх полудзень. Гудок як пачуўся, так раптам і звяў, растварыўся ў мляўкім палясоўі. У нізе гары, над аселіцай, яшчэ доўга трымціць засмужанае, нібы памочанае ў сіньку, паветра.

Але ў небе з рэдкімі белымі аблачынамі зноў няма цішыні і спакою: з-за Стаўпішчаў імкліва выкуліўся чырвоны «кукурузнік» і з тарахценнем кіруецца ў напрамку Горскай. У яго нарастаючым зыку адчуваецца нейкая жуда і пагроза, Фядора Чыркун няўцямна азірнулася і аж войкнула: о насланнё! У прамежку паміж яе і Палазковай хатамі наводдаль, дзе тарфяністы Імшэчак і баравы лясок, падымаецца бела-чорны султан дыму. Напэўна, якісьці валацуга, каб яму губы папухлі, кінуў у сухі верас недакурак. Жанкі яшчэ не бачаць, як сцялася ўся, як пабялела Фядора. Гэта ж так блізка - баравы лясок і яе жытло. Крый Божа, даляціць хоць адна іскрынка! Першапачатковы спалох умомант прайшоў, і ўжо разважлівей яна падумала: не трэба, аднак, хвалявацца, вялікага ветру няма, а бела-чорны слуп дыму вісіць усё ж далекавата ад яе сялібы. І Фядора Чыркун зноў пачула блізкі гул пажарнага самалёта.