Выбрать главу

- Бабы, глядзіце! - крыкнула раптам перапалоханая Паляжанка. - Чалавек упаў з неба!

Паслухайце, што яна меле: які чалавек, якое неба? Чалавек жа не апостал, каб спакойна вандраваць з аблачыны на аблачыну, а калі нехта там і ўпаў, то, мусіць, такі ўжо няўдаліца і недалэнга - свет не бачыў. Кабеты, зірнуўшы ўгару, паспелі ўсё ж заўважыць, як ад самалёта аддзялілася шэрая кропка і над ёю ў тое ж імгненне, рэзка, з выхлапам, расцвіў белы падснежнік парашута. Вецер там, уверсе, мусіць, добра адчувальны, гоніць парашутыста проста на Горскую. Перад ім на невялікай адлегласці зніжаецца штосьці дужа трапяткое і яркае, як потым высветлілася, чырвоны вымпел - знак бяды і ўвагі. Яркі каснік упаў дзесьці ў Капцах, а парашутыст апусціўся на жытнёвым палетку, ледзь не зачапіўшыся стропамі за калючую дзічку. Каржакаваты мужчына ў сінім камбінезоне і ў лётніцкім шлеме з вялікімі акулярамі, пакуль збегліся людзі, злажыў парашут у пакоўную брызентавую торбу, з планшэткі, што целяпалася ў яго на баку, дастаў тапаграфічную карту і пачаў у ёй нешта ўдакладняць, штораз звяраючыся з мясцовасцю.

- Ачаг загарання там! - беспамылкова паказаў ён на бела-чорны слуп дыму. - Будзем тушыць.

Чырвоны «кукурузнік» зрабіў над Горскай колькі кругоў, пазыбаў на развітанне крыламі і знік за Стаўпішчамі, перакананы, што зараз усё тут будзе добра. У вачах людзей, якія збегліся на дзіва з усёй вёскі, мацак у сінім камбінезоне выглядае няйнакш як героем, бо спакон веку яшчэ ніхто ў Малое Сяло не заяўляўся на белым парашуце. Жнеі кінулі жаць, забылі і пра нядоеных кароў, і пра галодных свіней. Во хто ўпаў з неба! І грэшна нават падумаць, што перад імі вялікі няўдаліца і недалэнга, хоць, зразумела, вандраваць па аблоках і ён не ўмее. Сяму-таму з маласельцаў стала няёмка і сорамна. Чужы, незнаёмы чалавек прыляцеў з-за свету ратаваць іх дабро, а яны, мясцовыя гультаі і абібокі, нават не парупіліся глянуць, адкуль жа, урэшце, паўзе гэты чорны, злавесны дым.

Гарэў між тым тарфяністы Імшэчак, гарэў прылеглы да яго баравы лясок, дзе аднойчы міліцыянты, як зайцоў, ганялі па снезе самагоншчыкаў пана Вінцуся і пана Бронюся і дзе Паляжанчын Ванька, перацяўшы дарожку дротам, летась, на Яна, спусціў з жарабца запанелага Аляксея Хамутовіча. Пад камандай адважнага лётчыка маласельцы, пераважна бязвусыя дзецюкі і няўрымслівыя падлеткі - гэтым абы прыгода - кінуліся тушыць лясны пажар.

Хто збіваў полымя зламанай яловай лапай, хто засыпаў зямлёй дымныя кучы ламачча і хлуду, а сам пасланец неба затлелыя сухія верасы і шыгаллё растоптваў кірзавымі ботамі. Агонь яшчэ не ўзяўся на поўную сілу, дапяў толькі да колішняй выжарыны і, не знайшоўшы тут сабе вялікай спажывы, пачаў слабець. Густа, неўтаймоўна і зусім без полымя куродыміць Імшэчак. На балотцы агонь пайшоў глыбока ў торф, і цяпер ён будзе тлець, пакуль спорныя дажджы не зальюць выгаралыя ямы і западзіны. Востра пахне дымам, разагрэтай смалой. З Кругавіцкага лясніцтва запознена прылескатаў гусенічны трактар і масіўным адналямешным плугам абараў пажарышча - цераз шырокую і не плыткую баразну пажар наўрад ці перакінецца на ацалелыя баравыя нерушы. Страшна падумаць, што было б, калі б полымя шуганула ад Імшэчка да самай Кудахі: там жа, за Кругавічамі, як бор, дык гэта бор, як гай, дык гэта гай!

Мурзатыя, быццам чэрці, задаволеныя скуткам сваёй працы, адвячоркам утаймавальнікі агню вяртаюцца ў вёску. Маласельцы адмылі пажарніка-парашутыста ад сажы і попелу, накармілі, напаілі і спаць палажылі, а раніцай эмтээсаўскай машынай з пашанай адправілі ў Ганцавічы на чыгуначную станцыю. Па ўсім відаць, у свой лётніцкі атрад нябесны чалавек дабраўся шчасліва і пасцяхова, таму што на другі дзень над Малым Сялом зноў кружыўся чырвоны «кукурузнік», робячы зацяжныя развароты якраз у тым баку, дзе не перастае куродыміць тарфяністы Імшэчак. Шаляніца-агонь схаваўся ад цікаўнага самалёта ў глыбокія лёхі, і нічым яго адтуль не выпараш і не патушыш.

Спякота апошнім часам пайшла на спад, але дажджоў па-ранейшаму няма. Жыта на Горскай даўно зжата і звезена. Кабеты маглі б ні разу так і не ўспомніць смелага парашутыста, які ў жніво спусціўся ім проста пад ногі, калі б не гэты цягучы, горкі, надакучлівы дым. Той, хто жыве каля самага лесу, з дымам кладзецца спаць, з дымам падымаецца раніцай. Калі вецер павявае з Імшэчка, у Фядорынай хаце стаіць ачмурэлы пах гарэлага торфу і бяросты - жывы дзёгаць, дый годзе. Але да смуроднага дыму, як і да ўсяго на свеце, можна, у рэшце рэшт, прывыкнуць. Не зважае на значны дамешак гару ў паветры заклапочаная Фядора Чыркун, не зважае Ядзюня, змучаная бяссоннымі начамі, а балотца непадалёк куродыміць і куродыміць, таму што дзесьці ў падземнай вогненнай кузні апантаны Жыжаль і яго чаляднікі ўсё ніяк не кінуць каваць сваё праклятае жалеза.