Цёплымі маладзіковымі начамі, дзякуючы ўсё тым жа зацяжным дажджам, на пачатку верасня ў маладых сасонніках і на параслях з зямлі палезлі праўдзівікі - хоць іх касой касі, у верасовых нерушах спорна пракінуліся чырвонагаловікі, у сіўцы вакол палян і на ўзлесках знайшліся тлустыя маслякі, старыя пні ў змрочных ельніках кучна абсыпаліся цыбатымі апенькамі. Шчодры вераснёўскі лес прынёс людзям усё ж нейкае суцяшэнне: мала хлеба, дробная бульба, марныя агуркі, дык узімку на стале будзе хоць вараная капуста з сушанымі грыбамі. На баравіны, у дубровы і бярозавыя гаі, забыўшы пра іншыя неадкладныя справы, кінуліся незлічоныя чароды грыбнікоў з пудовымі кашамі і вялікімі, сплеценымі з луцця, карзінамі. Маршрут у маласельцаў адзін і той жа: паўз Капцы, паўз Імшэчак, а там, далей, пачынаюцца самыя цікавыя грыбныя мясціны. Вось толькі Імшэчак, яшчэ нядаўна прыгожы і маляўнічы, цяпер не пазнаць - пасля летняга пажару ён стаў нязвыкла чужы і незнаёмы.
З пачарнелай балацявіны прагорклы дым ужо даўно не паўзе на Горскую, таму што запозненыя жнівеньскія дажджы патушылі жар у глыбокім тарфянішчы. На выгаралых ямах упокат ляжаць апечаныя ў зыры бярозкі, на алёсах і на струзе ўшчэнт пажоўклі лахачоўнік і багун, у шыях між пажухлымі верасовымі астраўкамі агонь бязлітасна спляжыў чорнагалоў і асаку-разак. Напрадвесні, калі надарыцца бяскорміца, зжаць тут ужо не будзе чаго. З другога боку Імшэчка, залітага ў западзінах дажджавою вадой, датла згарэла спарахнелая бабрыная хатка, адны дробныя асмалкі і кураўкі засталіся ад гарбатай плаціны, якую калісьці цераз шырокую пратоку збудавалі прыблудныя бабры. Ручай, перасохлы ў спякоту, зноў паўнаводны і, хоць не такі чысты, як у колішнія гады, выцякаючы з пратокі, зноў паўз голыя выжарыны няспешна бруіцца ў недалёкую Кудаху.
Змрочным і непрыглядным Імшэчак будзе да першага снегападу, пакуль нацянькі цераз гаці і брады на святое Ўвядзенне сюды не прыблытаецца расхрыстаны, басаногі Зюзя. Валадар холаду сярдзіта зачмыхае ў сівую бараду, і снежаньскія мяцеліцы аж да вясны схаваюць пад белай коўдрай жахлівую і злавесную чарнату лясной балацявіны.