Я із Сымонам ня згодзен, але Рыгор тое-ж думкі: «Той, што пнецца ўгару, той ня здольны на нізе», — кажа.
17 ліпеня. Намацаў соль. Хоць у мяне й ёсьць невялікі запас, але ў вайну, кажуць, перасолу ня бывае. Прывалок два мяшкі — каштавала паўпляшкі «маскоўскай». Крыху дарагавата, але нічога ня зробіш.
18 ліпеня. Сымон набыў адначасна каня й панарад. Якім парадкам — ня ведаю, кажа, што безгаспадарныя, на пагарэльлі блукалі. Ну, добра, скажам, блукаў конь, а як мог панарад блукаць? Але мне што? Хай сабе й блукаў. А Сымон, можа, калі й палку дроў прывязе.
19 ліпеня. Закінеш назад — наперадзе знойдзеш. Даведаўся, што з малясу выходзіць першагатункавы самагон. Вось шчасьце падваліла! Шкада — мала назапасіў. Каб-жа гэта ведаць! Адмераў два вядры Віцьку Фамёнку. Той наладзіў сталую самакурную фабрыку, але сырцу няма. Кажа, што зь вядра выходзіць дзесяць пляшак. Паглядзімо!
20 ліпеня. Зноў быў на біржы. Народ крыху зьмяніўся. Падваліла былых савецкіх. Пачалося выразнае ажыўленьне. Некаторыя цэляцца на працу, але мала, бальшыня стаіць нэўтральнай сьцяной: усе чакаюць, пакуль зусім праясьніцца. Больш цікавяцца ваеннымі падзеямі: хто каго сьцігуе.
Сымон з гэтага поваду казаў, што людзі, відаць, яшчэ не галодныя.
— Нідзе яны ня дзенуцца, — кажа, — як у жываце завурчыць, дык і на працу закарціць. Пойдуць. Знаў я аднаго чалавечка, як я пры анатомцы трупаў варыў. Кволы такі, спакойны. Паглядзіць, бывала, як я трупаў у катле мяшаю, дый кажа: «Цяжкая твая праца, Сымон. Я, прыкладам, з голаду памёр-бы, а цяжкой працы не рабіў-бы. Не магу». А як загналі яго, небараку, за Котлас ды ўпрэглі ў пілу, то праз цэлую зіму лес пілаваў. Голад усяго навучыць!
21 ліпеня. Прывезьлі із Сымонам па два вазы дроў. Вартаўнік ля складу ё, але дровы вазіць можна. Вартаўнік навет спрыяе: «Вазі, хлопцы, зіма будзе». Навошта тады варта, калі яна не вартуе. Сымон із гэтага казаў, што ў жыцьці такія праявы часьцяком здараюцца, калі чалавек працуе, але нічога ня робіць.
— Быў і ў нас пры Акадэміі фрухт такі, нейкім прадстаўніком лічыўся. Што ён рабіў — ніхто ня ведаў, але грошы браў нядрэнныя. Агледзеліся праз пяць гадоў, што ён нічога ня робіць, ды навет і пасады такой няма. Але звольніць не маглі, бо ўжо стаж вялікі меў. Так і заставаўся на працы ды нічога не рабіў. Каб Акадэмія не расьцярушылася, то й да гэтае пары працаваў-бы. Так вось і гэты вартаўнік.
22 ліпеня. Пацешныя бываюць людзі. Сустрэў сяньня Ваську Байцова. Толькі што вярнуўся з уцёку. Ну, натуральна, ні хаты, ні ў хаце. Голы, як бізун. Кінуўся туды, кінуўся сюды — пуста: скрозь ужо разьмеркавалі. Як у тэй песьні пяецца: «усё разьмяло магутнай навальніцай».
— Як жыць, — пытаецца, — дзе дастаць спажыву?
— А чаго цябе, — кажу, — нялёгкая насіла да гэтай пары? Ты-ж бы раней прыйшоў, калі спажыва да падноскаў ліпла?
— Уцякаў, - кажа, — прабіваўся да сваіх. Я ўсё-ж патрыёта сваёй радзімы.
Ці ня дзівак? Калі ты такі патрыёта, то ўзяў-бы гармату ды пуляў зь яе, а не ўцякаў. Можа я таксама патрыёта, ды яшчэ мацнейшы за яго, але-ж на ражон ня пру, бо трэба ўмець арыентавацца й за пагодай даць нырца, а як хвалі сыдуць, ды адстаіцца — ізноў выплывай.
23 ліпеня. Сяньня жонка павесіла на куце абраз (здаецца, у музэі дастала), а былых-жа правадыроў хацела спаліць, а я запярэчыў. Паўстаў невялікі канфлікт, але да бойкі не дайшло. Перамог, ведама, я. Правадыроў завалок на гару й там замаскаваў. Хай ляжаць, яны есьці ня просяць, а мо калі й спатрэбяцца. Вось-жа, скажам, маляс — ня ведаў, калі цягаў, а цяпер вунь як прыдаўся!
24 ліпеня. Нешта на мяне Маржя Іванаўна лагодна пазірае. Сустрэліся сёньня, так ветліва размаўляе, руку цісьне: «Заходзьце, — кажа, — калі-небудзь, мне аднэй сумна». Гм… Чаму не зайсьціся? На свайго лейтэнанта, відаць, надзею пакрысе губляе. А кабетка нішто сабе… Правільная… І вага нядрэнная… Наведаю, абы жонка не пранюхала.
25 ліпеня. Цяперашняму сьвету нельга верыць ні на грош. Ну, хоць-бы, скажам, Віцька — свой чалавек, навет прыяцель, а як ашукаў! Прынёс сяньня самагону… пяць пляшак.
— Атрымай, — кажа, — прадукцыю.
— Гэта што, — пытаюся, — усё? Ты-ж абяцаў дваццаць пляшак!
— Аварыя, — кажа, — здарылася, прадукцыя падгарэла.