Гм… зайсьці, вядома, можна. Чаму-ж не паталкаваць? Але што, калі ён зноў насядзе на арыентацыю? А Паліханаў, трэба сказаць, чалавек не надзейны: ён здольны на ўсе бакі арыентавацца.
Увечары пытаўся пра гэта ў Сымона: «Ты, — кажу, — у палітыцы куды арыентуешся: на ўсход ці на захад?»
— Я, — кажа, — ні туды, ні сюды, я — тутэйшы. Дый навошта мне кіравацца? Хай на мяне кіруюцца, каму трэба, а я ў сваёй хаце й на сваёй зямлі. Дзякаваць Богу, ніколі нікуды ня езьдзіў, і мне нікога ня трэба.
— Але ўсё-ж, — кажу, — нейкую палітычную лінію ты мусіш мець, бо цяпер кажны якую-небудзь лінію гне.
— А я, — кажа Сымон, — ніякай лініі ня гбаю. Ведаю я гэтыя лініі. Пачні гбаць, то будзе якраз тое, што зь серабранскім Хвэськам было. Той гэтую лінію ад сямнаццатага году пачаў гбаць. Ну, гбаў яе, гбаў, аж да трыццатага году, а тут яго ГПУ як хапанула, ды й самога ў дугу сагбала. Кажуць, дзесь на Сыбіру зусім загнуўся. Вось табе й лінія. А мне, браток, абы ціха. Жонка е, хата е, дзеці будуць. Вось і ўвесь мой кірунак.
Бясспрэчна, Сымон чалавек зусім апалітычны. Мне, як культурнаму, так разважаць ня выпадае… Але зноў-жа й з палітыкаю адны турботы. Вось тут і круціся, пакуль трапіш на сваю лінію. Паспрабую тымчасам арыентавацца на абодва бакі, але так, каб было ледзь значна.
5 жніўня. Ізноў чытаю газэту. Сымону асабліва спадабалася паведамленьне пад назовам «Бамбавозы Герынга над горадам Сталіна».
— Аддаў-бы, — кажа, — і каня й панарад, абы толькі паглядзець, як нашыя былыя правадыры ды з Крамля драпануць. То было-б пацехі. Ня дзіва, калі й нагавіцы памяняюць. Ведаю я гэтыя бамбавозы з практыкі.
Яська Разак выказаў думку, што нядрэнна было-б цяпер апынуцца ў Маскве:
— Во дзе дабра падгарнуў-бы, — кажа, — тым балей, што ўжо й практыка.
Думка Разакова, відаць, шмат каму прыйшлася да густу, бо ўсе неяк разам прыціхлі ў чароўных мроях, некаторыя ўздыхнулі, а Рыгор, дык той нават аблізнуўся.
Абжявы ў газэце выклікалі сьмеху. Пішуць, каб паадносілі прадпрыемствам рэчы, якія парасьцягнулі падчас вайны. Ну, хіба-ж вернуць? Ды ніколі! Сымон, дык той адразу сказаў:
— Дарэмныя турботы. Не аднясуць. Дзе вы бачылі, каб чалавек чужое зьвярнуў? Будзе якраз тое, што ў нас у камбінаце было. Зрабілі гэта ў нас нейкую касу, казалі, што ўзаемадапамогі. Ну, як звычайна было. Спачатку гэта пакрычэлі на сходзе, паагітавалі, а нарэшце й кажуць: «А цяпер, грамадзяне, давайце дабраахвотныя ўзносы ў абавязковым парадку».
Што будзеш рабіць? Мы, ведама, склалі гэтую складчыну, па рублі, па другім, адзін месяц, другі. А калі ўжо ў скарбонцы грошы троха наскрэблася, мы й шуганулі па дапамогу: хто на дзіцё просіць, хто на хворую жонку, што здаровая, як сьвежы сыр, а хто на цешчу вымагае, якую хаваць трэба, а яна тымчасам паміраць ня хоча. Зразумела, кажны браў матыву самую далікатную й важкую. Толькі гэта мы да касы, ажна — тпру, грошай няма. Дзе, пытаемся, нашыя рублі? А той член, што скарбонку гэтую трымаў (ні то прафсаюзны, ні то парцейны, цяпер ня памятаю), такі быў хвацкі — зь пяску мог вяроўку зьвіць ды ёю-ж цябе й задушыць. Дык вось ён і кажа:
— Грошы няма й ня будзе. Я іх усіх рашыў дашчэнту.
І што-ж вы думаеце? Колькі яго ні прасілі, колькі ні саромелі, навет пагражалі, нічога.
— Што ў мяне, — крычыць, — варштат, каб грошы рабіць? Няма, дый годзе. Адкасьніцеся!
Так і адкаснуліся. І скончылася нашая ўзаемадапамога — сабедапамогай. Так вось будзе й тут. Бо хто, прыкладам, аднясе малочнаму заводу, скажам, бідон, калі чалавек ужо ў бідон алею нацадзіў ці шпэку націскаў? Ніхто не панясе. Я народ ведаю.
Із Сымонам нельга не згадзіцца.
6 жніўня. Бачыў нейкі дзіўны сон. Нібы я ў Маскве. Толькі, здаецца, скончыўся налёт, а я чамусьці ў ювэлірнай краме стаю. І вось, быццам кладу я гэта ўва ўсе кішэні гадзіньнікі, пярсьцёнкі, ды ўсё залатыя, з дыямэнтамі. Золата й яшчэ золата. Толькі гэта я набраў поўныя кішэні й наважыў выйсьці, як пачуў нейкі гул, нібы гром. Я ў дзьверы, а перад самай крамай вялічэзны натоўп. Сьцягі навокал, музыка, тысячы людзей. Я ўжо быў нацэліўся пад прылавак сігануць, ажна чую, мяне нехта бярэць пад рукі й выводзіць з крамы. Напалохаўся я страшэнна, ажна нядобрае зрабілася (пра гэта я пазьней даведаўся, як прачнуўся). І вось з натоўпу выходзяць трое, набліжаюцца да мяне, схіляюцца нізка-нізка дый кажуць:
— Ты, Іван Іванавіч — цар Чужанінаў. Садзіся, цару, у Крамлі, кіруй намі, кіруй заместа Сталіна! Просім цябе. Просім! Ура! Аркестра! Музыкі, грай камарынскую!
Толькі гэта я расчыніў рот, каб згадзіцца, ажна раптам нешта як грымне! Я прачнуўся (відаць, жонка няўдала павярнулася). Расказаў пра гэты сон Рыгору й Сымону. Рыгор кажа, гэты сон глупства.