Выбрать главу

Наагул, кажу, каб ня было дурных, то разумнаму надта цяжка было-б жыць.

8 верасьня. Хадзілі із Сымонам аглядаць гароды. Сымон кажа, што кажную справу трэба пачынаць загадзя, каб пасьля ня было мітусьні й хапаніны. Намацалі два ладныя гароды. Былыя гаспадары недзе зьніклі, а бульбы тымчасам шмат.

— На булён хопіць, — сказаў Сымон, — абы скварка.

Хутка пачнем капаць.

9 верасьня. А Фэцкі зноў лічыць. Гэтым разам вылічае, калі скончыцца вайна. Паводле ягоных табліцаў выходзіць, што вайна скончыцца, а калі — шчэ не падрахаваў. Нешта ў яго ў інтэгралах заела: атрымліваюцца вялічыні то бясконца малыя, то бясконца вялікія, так ён і ня можа схапіць за хвост канца вайны. Сымон раіў, каб ён лавіў гэны канец на дарозе, бо ад вялікага да малога ня так многа.

— Тады ўцэліце ў самы пункт, бо найлепш пераймаць у дарозе. Толькі, - кажа, — лічэце ня надта па-вучонаму, дзе сотня менш, сотня больш — ня мае значэньня. Бо для жывога чалавека часам і год нешта значыць. Я ведаў аднаго чалавека, на Пярэсьпе жыў, які дваццаць год чакаў на спадчыну ад багатага дзеда й не дачакаў аднаго году: дзед перажыў яго на адзінаццаць месяцаў і дваццаць восем дзён. Хіба-ж гэта ня крыўда? Вось вы так і лічэце, даражэнькі, каб людзі не пакрыўдзіліся.

А па мне, то хай лічыць, як хоча. Калі скончыцца — для мяне ня мае значэньня.

10 верасьня. Ці то час такі, ці то людзі цяпер такія. Адно — злодзей на злодзеі. Тую бульбу, што мы нагледзелі, - ужо капаюць. Прыходжу сяньня на гарод, а там два дзяцюкі шастаюць бульбоўнікам ува ўсе бакі.

— Што гэта, — кажу, — робіце? Хіба прыватную ўласнасьць ужо скасавалі?

— А даўно, — кажуць, — скасавалі. Цяпер усё агульнае. Няма, — кажуць, — ні свайго, ні чужога.

Вось і гавары з такімі! Ледзь прагнаў. Напалохаў урэшце, што жаўнераў паклічу.

Раіліся з Сымонам, што рабіць. Сымон тае думкі, што цяперашнім часам лепш міска дранікаў на стале, чымся асьміна бульбы на гародзе. Трэба заўтра капаць.

12 верасьня. Два дні капалі бульбу, а пад канец неспадзявана зьявіўся гаспадар. Абурыўся — страшэнна. А чаго, каб хто спытаўся?

— Рабаўнікі! — крычыць. — Хто дазволіў!? Зладзейства! — і панёс…

Сымон ледзь яго супакоіў.

— Ты чаго, — кажа, — крычыш, чалавеча? Якое зладзейства, калі мы толькі ўсяго таго, што ашукаліся. Тут недзе мае цешчы хаціна стаяла й бульба ейная расла. А калі ўсе нумары пагарэлі, то як можна распазнаць, што цешчына, а што тваё. Сам бачыш, што скрозь толькі каміны стырчаць… А нам чужога ня трэба, — скончыў Сымон. — Забірай сваю бульбу.

Мяшкі два бульбы яму аддалі, бо рэшту мы ўжо перавезьлі да хаты. Страта, ведама, невялікая.

13 верасьня. У беларусаў нічога ня будзе, бо надта ўжо вялікі ў іх разнабой. Сяньня быў у Ахрэма Авечкі. Прыйшлі таксама Арыентацкі й Шчыры ды яшчэ нейкі новы, толькі што з Заходняй зьявіўся, зь дзіўным прозьвішчам — Кіндзюк Банадысь. І вось, як толькі зышліся, то адразу й пайшло: хто ў лес, хто па дровы. На адну й тую самую справу кажны глядзіць із сваёй званьніцы. Гутарка йшла пра тое, што ўправу апанавалі чужыя людзі (мяне яны ўважаюць за свайго), а свае па кутох, і якая гэтаму ёсьць прычына. Шчыры вельмі горача насядаў на тое, што яны самі вінаватыя:

— Мы, — крычыць, — стаімо на месцы! Мы сьпімо! Там, дзе трэба дзеяць дружна, мы гуляем у выперадкі! Мы… і г.д. Наогул даводзіў, што яны замала актыўныя.

Авечка на гэта адказаў яму, што ўсё гэта так і ўсё трэба рабіць абавязкова, але як будзе на гэта дазвол.

— Як толькі дазволяць, — скончыў ён, — то мы адразу усіх прагонім і пачнем апаноўваць. Абы дазволілі.

Арыентацкі, наадварот, тармазіў абодвых. Ён даводзіў, што трэба рабіць і так, і гэтак.

— Бачыце, — казаў Арыентацкі, - калі на справу кінуць позірк з аднаго боку, то яно выходзіць нібы й так, калі глянуць із другога, то выходзіць якраз наадварот. Значыцца, бяручы на ўвагу вышэйпаданыя акалічнасьці, трэба рабіць і так, і гэтак або лепш ні так, ні гэтак, а зусім наадварот.

Дыскусія трывала дзьве гадзіны, але ні да чога не дамовіліся. Так яно ў іх, відаць, і надалей будзе: як кажуць, што шапка, то й розум.

Сьвежы чалавек, што прыехаў з Заходняй, у гутарцы ўдзелу ня браў. Ці то ён яшчэ слаба арыентуецца, ці яго іншыя пытаньні цікавяць, бо ў часе прамовы Шчырага ў самым гарачым месцы ён у мяне спытаўся: