Выбрать главу

— Не ляжыць, — кажа, — у мяне душа да гэтых суполак. Тут нямінуча нехта некага ашукае: або ты суполку, або яна цябе. Бо дзе ты цяперашнім сьветам знойдзеш чалавека, каб ён ротам мух лавіў, падумай!

Што праўда, то праўда. Ну, але й я не пакульлем падбіты. Тым больш, што й супольнікі ў ашуканасьцьве шчэ ня надта адукаваныя. Дзюрка, хоць-бы й хацеў, дык ня ўмее, а Наязноў — той ужо зусім тэарэтык. Адзін назоў, што прафэсар, а спрыту ніякага.

21 верасьня. На фроньце дзеецца нешта дзіўнае. Петраград абкружаны, Будзённы абкружаны, а разам зь ім абкружаны яшчэ тры арміі. Суцэльнае акружэньне, а генэрал Чыстоў — той яшчэ лепш — трапіў у палон на самай перадавой лініі. Прызнаўся, што ня ведаў, дзе фронт, думаў, што да немца далёка ды сунуўся ў самыя рукі разам із машынаю. Што-ж гэта робіцца, дзе-ж нашая магутнасьць? І чаму генэралы ня ведаюць, дзе фронт?

Мы доўга дыскутавалі на гэтую тэму. Наязноў тае думкі, што пра Чыстова, мабыць, няпраўда, больш для агітацыі пушчана. Але Сымон сьцьвярджаў, што тут нічога дзіўнага няма.

— Усё гэта можа быць, — казаў Сымон. — Калі я шчэ за царом служыў у войску, то ў нашым батальёне быў адзін палкоўнік, які сам сябе на гаўптвахту пасадзіў. Дальбог! Выпусьціў загад: «Палкоўніка Яхрэмава заарыштаваць на трое сутак». І падпісаўся: палкоўнік Яхрэмаў. Можа, пісар пажартаваў, а можа й сам палкоўнік з пжяных вачэй выдаў такую цыдулку. Мы гэтага ня ведаем, але як чыталі загад — слухалі ўсе. Дык то-ж было за царом, а цяпер, то ўжо дзівіцца няма чаго. Якое дрэва, такі й сук.

Я не хацеў-бы служыць салдатам у такога генэрала.

22 верасьня. Рыгору пашанцавала. Забаронена будавацца, а ў яго на хаце ўжо й нумар блішчыць. Раіліся сяньня наконт хатняга абсталяваньня. Ёсьць загад, каб здавалі перасьцягнутую мэблю. Будзем варочаць ці не? Рыгор тае думкі, што варочаць ня трэба. Хто там дакапаецца — ці перасьцяганая, ці мазалём нажытая?

Сымон таксама не раіць:

— Пакуль, — кажа, — гаспадар вернецца, дык і мэбля струхлее. Я, кажа, шчэ ў васемнаццатым годзе ў такі-ж самы спосаб прыдбаў бочку. То гаспадара й дагэтуль няма, а бочка шчэ трывалая.

Пастанавілі: не варочаць і адзін аднаго не выдаваць.

23 верасьня. Хутка пойдзе трамвай. Загржэмбіцкі надта цешыцца: ці гэта суржёзна, пытае, ці так сабе пішуць? Добра было-б, каб на суржёзна, бо на даным этапе транспарт вырашае ўсё.

І праўда. Калі штодня даваць рэйсам ад Сураскага да Камароўскага ды назад, то бяз тэхнікі не пасігаеш. Добра, калі з сахарынаю, а калі дрожджы ці ёміна якая? Тут нехаця тэхніку вітаць будзеш.

24 верасьня. Меў выпадак бліжэй прыгледзецца да заходняе сілы, пра якую хваліўся Авечка. Сустрэлі ў Арыентацкага. Запраўды, дзяцюкі нішто сабе — гладкія, ёмкія — відаць, што гадаваліся не на дрэнных харчах. Але асабліва страшнога нічога няма. Ведама, канкурэнцыя будзе, бо ў шмат каго зь іх рукі даўжэй за бацькавы. Адзін зь іх мне навет спадабаўся. Мы зь ім мелі цікавую гутарку на розныя гаспадарскія тэмы. Відаць, чалавек добра арыентуецца ў каньюнктуры цэнаў і рынкаў.

— А наконт машыны, — скончыў паважаны Пралазэвіч нашую размову, — то вы не клапаціцеся, мы гэта ўраз абсталюем… Транспартныя сродкі будуць.

Добра! З такою сілаю шчэ жыць можна. Праўда, іншыя прадстаўнікі гэтае заходняе моцы не паказалі такое жыцьцяздольнасьці. Яны таксама, як Шчыры, больш гаваруны, чымся дзейнікі. Усё крычаць: трэба! гэта трэба! гэта трэба! а гэта ня трэба! Яно й лепей: пакуль тэарэтык дыскутуе, то спраўны на практыцы сьмела можа павыварочваць яму ўсе кішэні.

25 верасьня. Сьвет стаў дыба. У ангельскіх цэрквах наігрываюць інтэрнацыянал, а жыды патрабуюць свае арміі й жыдоўскае дзяржавы ў Палестыне.

Сымон кажа, што нічога з гэтага ня будзе.

— Калі ўжо, — кажа, — і зьбярэцца жыдоўскае войска, то я, хоць і ня бравы ваяка, а пайду адзін супроць усёй іхнай арміі. Абы толькі кала добрага ў рукі. Ведаю я гэтых ваякаў. Калі я шчэ за Мікалаем у войску служыў, то быў у нашай роце адзін жыдок, за барабаншчыка хадзіў. Дык вось, як пойдзем, бывала, на стрэльбішча ды як пачнем з гарматаў бухаць, то яго адразу бы трасца на зямлю кідае — барабанам накрыецца й енчыць:

— Вой, — крычыць, — калі яшчэ адзін раз, то мяне ўжо ня будзе, вой!

А ты кажаш — армія. З такою арміяй толькі хіба курэй душыць.

Сымон штосьці адмоўна ставіцца да жыдоўскае ваяўнічасьці. А мне здаецца, што калі й зайца пачаць біць, то й ён будзе запалкі паліць.

26 верасьня. І сьмех, і грэх. Сёньня да Маржі Іванаўны заскочыла нейкая верхалазка, ейная прыяцелька.