Хадзіў я й на рынак, па сьляпой кнізе варажыць. Але варажбітка, таксама сьляпая, мабыць, узяла мяне за вайскоўца й намалола, што быццам я нядаўна з-за кроплі крыві ледзь ня згубіў свайго маладога жыцьця, але што неўзабаве, не пазьней як праз месяц, я зноў вярнуся пад роднае скрыло, якое мяне абагрэе, як прамень сонца. Цьфу! Толькі дваццаць рублёў зьбяёдаў!
Рыгор параіў зьвярнуцца да службы парадку. Добра, скажам, зьвярнуўся-б, але які толк?
— Знайсьці, - кажа Рыгор, — ня знойдуць, а так, для ачышчэньня грамадзкага сумленьня.
Дзякую! Каб мяне ўшчэнт пачысьцілі, тады яшчэ іншая рэч. А то яшчэ нейкія крошкі пазасыпаліся. А тут могуць так пачысьціць, што ня толькі сумленьня — нічога не застанецца. Горш за ўсё, што спачуваньня ні ад кога ня бачыў. Усе толькі раюць, а Сымон, той проста сьмяецца: «Рабуй нарабаванае» ды рагоча. А чаго рагатаць?
— Не па-суседзку, Сымон, — кажу, — тут плакаць трэба, а не рагатаць.
— Дармо, — кажа, — па гэтым дзеці будуць. Чалавек толькі сам сябе не перажыве, а так — усё здолее! Калі я быў у трэсьце, то ў нас адзін скарбнік усю скарбонку вытрас сабе ў партфэлю — дваццаць тысячаў натрос. Але не пасьпеў бядак да хаты дайсьці, як дарогаю ў яго перакралі гэтыя тысячы. Думаеш, павесіўся? Ані Божа барані. Праз год ужо ў другім трэсьце краў. Так вось і тут.
Недарэчнае параўнаньне, але ён мае рацыю, што чалавек усё перажыве. Перажыў і я гэтую катастрофу.
28 кастрычніка. Дзеля свайго калецтва тры тыдні ня чытаў газэтаў. А Рыгор казаў, што шмат было цікавага. Пісалі, што вораг ужо зламаны, арміі Цімашэнкавыя зьнішчаныя, ён сам звольнены, а Будзённы ўжо на Лубянцы вусамі шаволіць. Даскакаўся «брацішка наш Будзённы на кані сваім». Сёньня сам прачытаў. Праўда. Усё гэта ёсьць. Але Наязноў штось пэсымістычна ставіцца да ваенных падзеяў: «За летам яшчэ зіма будзе, а там — ізноў лета. Хто яго, кажа, ведае». Хітры чалавек — гэты Наязноў. Ніколі не дакапаешся, што ён думае. Але зь нейкімі крыніцамі ён зьвязаны. Гэта — напэўна. Дакапаюся!
29 кастрычніка. Хамовіч (ёсьць такі музыка на нашай вуліцы) пайшоў рэгістраваць духовую аркестру, бо ёсьць загад, каб грамадзяне рэгістравалі музычныя інструманты, якія ім не належалі. Мы яму не раілі.
— Дзівак, — казалі, - хто яго ведае, што гэтыя трубкі не твае?
А ён іх вайною падхапіў недзе поўнаю капэляю.
— Не, я хачу ўсё паводле формы, бо маю клясычныя канцэрты выдаваць — вось толькі барабана нестае.
І за што толькі людзі не хапаюцца!
30 кастрычніка. Хто я такі? Дзіўна. Такога пытаньня я сабе шчэ ніколі ня ставіў. А сяньня ў Арыентацкага адзін нейкі тып (клічуць яго Юрэц Бладук) прычапіўся да мяне:
— Хто вы такі? — пытаецца.
Як хто? Чалавек.
— Чалавек? Гэта на сяньня ніяк ня гучыць. Мы ўсе людзі. І чалавек на сяньня — дрэнь, пустое месца, словам — міт і больш нічога.
— Але-ж выбачайце..
— Нічога ня выбачу. Я ў вас пытаюся — хто вы паводле нацыі?
Дзівак. А што мне да нацыі?
— Ну, сяньня я, скажам, беларус.
— А заўтра?
— Скуль-жа я ведаю, што заўтра будзе? Я не прарок, я — дыялектык.
— Ах, так? То вы, крычыць, балота, вы гнільлё, вы не патрэбны для нас тып! Вы…
І панёс. Я ўжо ўзяўся быў за шапку, каб уцякаць, але Арыентацкі заспакоіў:
— Плюй, — кажа, — ён толькі гаворыць, а зрабіць нічога ня можа. У іхнай хэўры ўсе такія, але народ спакойны.
Усё-ж мяне гэта не заспакоіла. Калі пачынаюць ставіць такія пытаньні, то недзе нешта ёсьць. Мабыць, я штосьці прагледзеў.
1 лістапада. Усе рынуліся браць патэнты. Хто — на піўніцу, хто — на шаўца, хто на дробны гандаль. Раілі й мне не зацягваць справы, але я шчэ не наважыў, на якую спэцыяльнасьць падацца.
— А ці табе ня ўсё роўна, — кажа Сымон, — на сёньня або паперка. Бяры хоць на музычнага майстра, а пасьля ўжо расчаўпёмся, хто ты ёсьць.
А швагра Апанаса Дзюркі, дык той выбраў патэнт і навет шыльду павесіў. На белай габляванай дошцы нарысаваў дзёгцем: «Раблю сталы, шафы, крыжы, труну ды іншую мэблю, а таксама прыймаю розныя заказы. Мікіта Гузак». А ніжэй дробнымі літарамі напісаў: «Тут купляем цьвікі негарэлыя». Але дарма — заказаў ніхто не нясе, і шыльда ў яго целяпаецца так, для собскага задавальненьня.
Такое-ж палажэньне і ў іншых патэнтшчыкаў. Мабыць, таму, што наш куток глухі, далёка ад цэнтралі.
2 лістапада. Быў дыспут пра вайну. Сёньня зноў усёй парафіяй чыталі газэту. Ужо нямецкае войска ўвайшло ў Крым, прасякнула ў цэнтар Данецкага басэйну й наблізілася да Масквы.
Сымон пра гэта сказаў, што яго Данбас ня цікавіць: