— Мне вугальля ня трэба. Я дроў назапасіў, дзякаваць Богу. А вось што Крым агортваюць — гэта добра, бо колькі там дармаедаў пуза на сонцы грэла ды ў вадзе паласкалася, колькі хлеба марнатравілі. Не давядзі Бог!
На гэтыя словы абурыўся Наязноў:
— Вы, даражэнькі, ня тое кажаце. Не адны там дармаеды, былі й трудзяшчыя.
— А я, — узьняўся Сымон, — ня трудзяшчы? а ці паласкаў я хоць што-колечы ў гэнай цёплай вадзе? Га? Што Вы на гэта, пан прафэсар?
Наязноў на гэта нічога не адказаў, і дыспут зноў набыў канкрэтныя формы. Дзюрка разважыў, што калі на фронце так справа стаіць, то хутка й вайна скончыцца. Зь ім шмат хто згадзіўся, і ўжо пачалі падлічваць — калі? Але Сымон зноў адцягнуў увагу ўсіх у іншы бок.
— Цяпер, — кажа, — нельга варажыць, калі скончыцца вайна, бо якая-ж гэта вайна? Вось даўней ваявалі… Чытаў я недзе, як старабытныя цары біліся… Выйдуць гэта варагі ў чыстае поле, стане адно войска супраць другога й пачалі:
— У вашага начальніка, — кажуць адны, — маці кульгавая.
— А ў вашага, — кажуць другія, — дзед быў на адно вока крывы.
— А вы вяроўкаю хлеб кроіце.
— А ў вас дзеўкі ўсе рабыя.
4 лістапада. Суполка «Вытворчасьць і разьмеркаваньне» лопнула. Дзюрка злавіў Наязнога на жывой справе, як той цадзіў супольны пяршак у сваю бутэлечку з-пад парфумы «Тэжэ» «Чырвоная Ружа». Апанас так зьдзівіўся, што ледзь не пашкодзіў бутлю з самагонам аб Наязнову галаву.
— Каб не пяршак, — казаў, - дальбог, нешта покнула-б — ці бутля, ці ягоны чэрап. Першаку пашкадаваў.
І хто-б мог спадзявацца, што Наязноў здольны на такія ўчынкі? Такая адукаваная, разумная асоба.
А Сымон здаволены:
— Я табе казаў, што тут зладзейства ня мінеш. У суполцы хоць сьвяты — і той красьці будзе. Такая ўжо ўрода ўсіх гэтых суполак, каб зь іх цягнуць.
Асноўны капітал і прадукцыю падзялілі паміж былымі сябрамі ў роўных часьцінах, а інвэнтар пусьцілі на жэрабя. Зьмеявік усё-ж застаўся ў мяне.
5 лістапада. На гаспадарска-палітычным адцінку нейкая актывізацыя. Кіндзюк Банадысь зрабіў на захад ажно тры рэйсы, Арыентацкі — два. Туды машыну — назад машыну. Нешта адвозяць, нешта прывозяць. Рыхтуюцца ў падарожжа і іншыя прадстаўнікі. Авечка гаворыць, што ўлагоджваюць грамадзкія справы. Магчыма. А тымчасам заўважаецца ажыўленьне й на мясцовым рынку. Дрожджы ўскочылі ў цане, зьявілася сахарына, некім выкінутая на рынак, вялікія партыі горадзенскай махоркі. Загржэмбіцкі, як шалёны, гайсае ад рынку да рынку. Ажыўленьне відавочнае.
6 лістапада. Разак паперадзіў: купіў Фэцкага сакрэт пра канец вайны і ўсе ягоныя, як ён казаў, аўтарскія правы. Ну, ад гэтага нічога не даведаешся. Усё толькі прыглядаемся, што ён пачне рабіць. Сымонісе ўдалося прасачыць, як сяньня раніцою зь яськавага двара вывозілі нечага цэлы воз — ці на схоў, ці на продаж — не дагледзела. Гэтая навіна ўзрушыла ўсю вуліцу. Дзюрка ўжо з усімі раіўся, што рабіць зь цьвікамі — ці хутчэй збываць, ці хаваць у яму. Але што можна параіць, калі самі ўсе, як упоцемках.
За Разаком устаноўлены ўзмоцнены нагляд.
7 лістапада. Пацеха! З маймі знаёмымі беларусамі здарылася аварыя. Хацелі яны ў нейкі аддзел прапхнуць свайго чалавека, але выйшла асечка. Другі іхны, таксама беларус, ткнуў на гэтае месца якогась свайго знаёмага палячка. Колькі ні крычэлі, колькі рукамі ні махалі — дарэмна: палячок неяк вельмі хутка ўкараніўся, і яго ўжо ня выдзярэш цэлай грамадой. Спрытны чалавек — асечкі ня зробіць.
8 лістапада. Іншага чалавека дык і гора не навучыць. Сяньня сустрэў гэнага Дзівака (прозьвішча ня ведаю, але, мабыць, так яно й будзе), што нам вайною на складах назаляўся. Я навет зьдзівіўся, што ён шчэ жывы. Худы, абшастаны, а жывот падцягнула пад самыя рэбры. Цяпер недзе за настаўніка працуе.
— Вы, — кажу яму, — даражэнькі, хоць і настаўнік, а памылку ўрэзалі.
Уздыхнуў, але на словах не прызнаецца.
— Я, — кажа, — не шкадую, але жонка насядае, штодня пілуе. А што я меў рабіць, калі маё пераконаньне не дазваляе рабаваць?
Запраўды — дзівак! Пераконаньні… Іх, браток, у гаршчок ня ўсыплеш — навар ня той. Праўду кажуць, што гарбатага магіла паправіць.
9 лістапада. Круглова не задавальняе сытуацыя на сучасным рынку.
— На рынках, — скардзіўся, — пануе страшэнны хаос. На Чэрвеньскім за картовы пінжак далі лапатку бараніны й пяць кілё мукі, а на Камароўцы такі самы пінжак ідзе за дзьве лапаткі. Такая каньюнктура, сьцьвярджае, не заахвочвае да разьвіцьця прыватнага капіталу й ня спрыяе цэнтралізацыі мясцовага капіталу.