Тут і народ падтрымаў загадчыка ды насеўся на мастака:
— Слушна! Які ён мастак, калі няздатны без чаргі піва сербануць?
— Дрэнь ты, — кажуць, — а не мастак!
— А яшчэ й культурны!
— Пінская варона!
Зьбянтэжаны мастак сігануў із сталоўкі. Відаць, пабег із скаргаю да вышэйшых інстанцыяў. Сьледам выйшлі й мы:
— Ну, як, — пытаецца Супрынайц, — спадабалася табе? Як харчы?
— Што-ж, — кажу, — харч? Дармо. Ведама, па такіх харчох жыць будзеш, але… Ну а сталоўка — таксама акурат ранейшае грамадзкае харчаваньне: і людзі тыя, і парадкі тыя. Адно, — кажу, — добра — вясёла, бы ў цырку.
Калі мы разьвіталіся і я пайшоў дахаты, то праз усю дарогу думаў пра культуру. Сяньняшнія назіраньні ў сталоўцы мне давялі, што культура — зусім лішняя нагрузка, бо безь яе шмат весялей.
12 лістапада. Зноў пішуць — хутка пойдуць трамваі. Цікавая рэч — чалавечая натура. Як прачытаў першы раз — паверыў, прачытаў другі раз — ужо вера ўдвая паменшылася. А што будзе, як трэці раз прачытаю?
13 лістапада. Нагляд устанавіў, што Разак шукае пакупніка на крамніну. Сяньня прасачылі, што зь ягонага двара зноў выехала хурманка. Цяпер няма сумліву — Яська збывае лішкі. На нашай вуліцы агульны спалох. Што рабіць зь лішкамі?
14 лістапада. Ад сацыялізму да сьпірытызму — адзін крок. Учора я ў гэтым сам пераканаўся. Наязноў прычапіўся, каб пайсьці зь ім да нейкай Ніны Васільеўны, што сьпірытычныя сэансы выдае.
— Хоць ты, — кажа, — ні ў якое таямніцтва ня верыш, але ў Ніны Васільеўны твой нігілізм разьляціцца ў друзачкі.
Пайшлі. Дарогаю Наязноў апавядаў, хто такая Ніна Васільеўна. За бальшавікамі яна лічылася недзе «па асьветніцкай лініі», выступала на ўсіх сходах і ўсё крычэла: «Камунізм! Сацыялізм! Мы — бальшавікі!». А была яна беспартыйнай бальшавічкай, мужык-жа ейны быў парцейны бальшавік. Цяпер ён у ролі бравага камісара недзе люта змагаецца на ўсіх франтох, ну, а бабе, натуральна, карціць даведацца, ці хутка ён вернецца дзеля пакаёвага змаганьня. Вось яна й рынулася ў сьпірытызму, каб хоць дух які дарадзіў ёй у гэтай самотнай справе.
Мы прыйшлі якраз у пару. Выклікалі духа Аляксея, але дух нешта зацяло — ён чамусьці не адгукаўся на выклік: ці то ён дзе па малой справе адхінуўся, ці можа яму кумпанія ня спадабалася. Бо кумпанія, трэба сказаць, была несамавітая: сама Ніна Васільеўна, асоба ўжо ладна пацёртая, ейная прыяцелька, нейкая абскубаная істота, адзін былы камуніст, з абвіслым чэравам, і яшчэ нейкі стары хрэн. Калі ня лічыць мяне й Наязнова, дык зусім зразумела, што ад такой кумпаніі які хочаш дух нос адверне. З гэтае, мабыць, прычыны й другі й трэці дух не адгукаліся. Нарэшце выклікалі нейкага духа Макса. Той, праўда, адразу пачаў круціць сподачкам. Напачатку ён настукаў, што мужык Ніны Васільеўны вернецца праз два тыдні сам, бязь ейных клопатаў. Пасьля адказаў, што вайна скончыцца праз тры тыдні. А якая-ж улада будзе, запыталіся ў яго ўсе, наша ці не? Ты, дух, скажы толькі адно слова — так ці не. І дух адказаў «так». Тут жанкі запляскалі ў далоні, а былы камуніст пагладзіў сваё чэрава.
Я, ведама, не даў гэтаму веры, але на ўсялякі выпадак занатаваў у дзёньніку: вайна скончыцца трэцяга сьнежня.
Калі варочаліся з Наязновым дахаты, то я спытаўся: ці можна гэта з навуковага гледзішча пагадзіць такія дзьве рэчы, як марксызм і сьпірытызм. Ён адказаў, што калі ўжыць дыялектычны мэтад, дык, бязумоўна, можна пагадзіць якія хочаш рэчы. Хоць ён і прафэсар, але тут, як мне здаецца, збрахаў.
17 лістапада. Назіраньні апэрацыяў Разака пакуль што не далі ніякіх станоўкіх вынікаў. Зноў вывезены машына мэблі й воз мяхоў. Што ў мяхох — не ўстаноўлена.
19 лістапада. А ў беларусаў няма адзінага фронту. Сяньня чытаў у газэце пра заходнікаў і ўсходнікаў. Вынікае, што яны паміж собку ня зусім у згодзе. У чым разыходжаньні, я з артыкулу так нічога й не зразумеў, але разыходжаньні ёсьць. Трэ будзе даведацца пра гэта ў Арыентацкага.
25 лістапада. Меў сустрэчу з прадстаўніком аграрыяў. Да Рыгора прышкандыбала аж з-пад Чэрвеня ягоная цётка. Ну, ведама, мы ўсе сабраліся да Рыгора, бо кажнаму цікава даведацца, што на сьвеце дзеецца. Сядзімо й слухаем, як цётка лепартуе:
— А дзетачкі мае, — казала яна, — ня бачыла я гораду два гады, каб яго й век ня бачыць. Ледзь ня здурэла. Прывезьлі гэта мяне тыя хлопцы, што на тракце пасадзілі ў машыну, ды ссунулі прост у руіны.