— Гандаль, — кажа, — асноўнае, што цяпер трэба чалавеку, бо гандаль — гэта рухавік усяе культуры.
Ухапіўся й ён за гэты рухавік, але першыя ягоныя крокі былі ня зусім моцнымі. Купіў на інкубатарнай станцыі 30 піскляў па рублю галаву й меркаваў прадаваць па 10 рублёў. Такім парадкам ад гэтага рухавіка мусіла атрымацца пэўная культурная астача. Але, як кажуць, рыба ў рацэ, ды ня ў руцэ. Пакуль ён валок у сетцы гэтых 30 піскляў із станцыі, пяцёх па дарозе ўдалося задушыць, рэшту пасадзіў на авёс. Піскляты адмовіліся ад аўсу. Ведама, які пісклячы розум, скуль ім ведаць, што паводле навукі ім належыць ужываць толькі гэтае зерне? Але Фэцкі конча пастанавіў прымусіць іх падпарадкавацца вымаганьням навукі й безадкладна дзюбаць авёс. Пачалося ўпорыстае змаганьне. Піскляты вымагалі дробна пасечанага тугога яечка ды дробных крупак, але Фэцкі яйка й крупы еў сам, а піскляў засыпаў градам аўсу. У выніку трохдзённага змаганьня, праводжанага зь несьціханай жорсткасьцяй з абодвух бакоў, яшчэ 10 змагароў выбыла з варожага стану, а колькі атрымала цяжкія пашкоджаньні. Толькі тады Фэцкі змогся й рэшту недабіткаў выкінуў на рынак. Але тут яго чакала канчальная аварыя: піскляў ня толькі ніхто ня купляў, але навет й дарма ня браў.
Ізноў навука падвяла.
— Усё было-б добра, — казаў пра гэтую аварыю Сымон, — каб піскляты былі натуральныя. Тыя дык і авёс-бы жэрлі. А тут — зробленыя электрыкай.
Зь ім згадзіўся й Мікіта:
— Ды хіба электрыкай можна жывое зрабіць? Пісклё — гэта, браток, не чалавек: у яго арганізма кволая. Дый чалавека, бадай, ці зробіш электрыкай? — скончыў ён у задуменьні.
5 сакавіка. Трэба падаваць дэклярацыю аб прыбытку, ведама, каб падаткі плаціць. Дайце рады, якія ў мяне прыбыткі, калі я нічога не раблю! Але патэнту маю, знацца, павінен быць і прыбытак. Раіўся з Рыгорам і Наязновым. Наязноў ня даў ніякае парады. Гэта, кажа, не па маёй лініі. А спытайся што па ягонай лініі — таксама ня скажа. Вось табе й прафэсар!
Рыгор параіў проста:
— Накруці ім якую хочаш лічбіну, абы ня зусім мізэрную, і падавай. Хто цябе спраўджваць будзе?
Давядзецца так і зрабіць. А Мікіта Гузак, хоць і шыльду мае, але дэклярацыі падаваць ня думае.
— Ніякага прадпрыемства ў мяне, — кажа, — нямашка. А калі й сталярка, дык я з гэтага саматугам хлеб зарабляю й лішніх прыбыткаў у кішэню не кладу, бо мне лячыцца трэба.
Хто тут сушэйшым із вады выйдзе — ня ведаю.
8 сакавіка. Мірылі Апанаса Дзюрку і Мікіту Гусака. Зьвялі гэта мы іх у Рыгора й кажам:
— Ну й што гэта, хлопцы? Вы-ж, тымчасам, швагры… Трэба жыць дружна, як суродзічы, а вы вунь што… за чубы…
Дзюрка здаўся хутка:
— Я, — кажа, — што-ж? Я гэта ўсё разумею… І гатовы ад свайго боку…
Цяжэй было зь Мікітам. Той ніяк не хацеў пагадзіцца на тое, што ён вінаваты.
— Я чалавек спакойны, — кажа, — курчанё не пакрыўджу, а тым больш такую сьвіньню.
І гэтым ледзь не сапсуў усёй справы. Бо Апанас пасьля такое пігулкі таксама стаў дуба. Добра Рыгор скеміў нацадзіць ім па шклянцы. Тыя палыпалі вачыма й… выпілі. Зрабілася лягчэй. Згоду конча замацавалі яшчэ трыма пляшкамі. І калі швагры пасунуліся ў абдымку дахаты, дык на галаве Мікіты ражном стырчэў Апанасаў капялюш — гэты галоўны стрыжань нязгоды, а да Дзюркавай галавы прыліпла Мікітава кепка. Знацца, згода была поўная.
9 сакавіка. Сяньня малоў рыс на муку — жонка паслала. Пілавала мяне ўжо даўно:
— Што гэта, каша ды каша. Зьмялі рыс на муку, дык каржоў сьпяком.
Прыходжу ў млын, а там людзей, як на рынку. Хто пуд, хто пяць меле, а хто й дзесяць пудоў пытлюе. Ведама, як каму Бог спасобіў. Прыглядаюся я гэта да ўсіх скрозь аржаны пыл, ажна глянуў… Божухна! Пачаканцаў Юрка сядзіць ля латка й рот разявіў. А Пачаканцава я ведаю добра, бо мы зь ім колісь на савецкай «хаўтурцы» рублі касілі.
— А, даражэнькі, - кажу, — што-ж ты тут робіш і чаго рот разявіў?
— Жыўлюся, — кажа.
— А каб ты спух, — кажу, — якое-ж гэта жыўленьне, калі тут адзін пыл.
— А вось-жа ў гэтым і сэнс. Мне адзін прафэсар параіў: «Калі падыхаць, — казаў, - 8 гадзінаў гэтым аржаным пылам, дык ня менш за 200 грамаў хлеба глынеш. Бо, — кажа, — у Баварыі быў адзін млынар, важыў 4 пуды, падымаў 80 пудоў». Вось што значыць гэты пыл.
— Ну й што-ж?
— А вось нічога. Глытаю.
— А працуеш дзе?
— Дзівак! Якая-ж праца, калі я тут 8 гадзін сяджу й глытаю свае 200 грамаў бяз усялякае працы. Зразумей, дзе выйгранка. Не, на працу я шчэ пачакаю.