Выбрать главу

Я, ведама, зразумеў, дзе выйгранка, але на гэтую працу не пайшоў-бы.

10 сакавіка. Жыхары з цэнтру чагосьці сігаюць па ваколіцы. Да Рыгора прыйшла сваячніца, да Наязнога — швагерка. Да іншых таксама. Іх там, здаецца, паветрам трохі напалохалі. А Сымон зь іх жартуе:

— Дарэмныя турботы, — кажа, — жыві там, куды цаляць хочуць — будзеш цэлы. Бо паветра, яно таксама рух мае — зганяе.

А ў нашай ваколіцы палахлівых няма. Толькі Разак напалохаўся, як пачуў трывогу, бо ў гэты час якраз скончыў брагу калбаціць. Пасьля казаў, што ўсё іншае глупства, але на выпадак чаго — брагі шкада было-б.

11 сакавіка. У кажнага свой закон. Юрэц Бладук трохі павучыў сваю жонку. Каб сказаць моцна, дык не, так, зьлёгку. А бабе чамусь не спадабалася. Выбегла на вуліцу і ў лямант. Забіў, крычыць, пакалечыў! гвалт! Як на тое ліха, вайскоўцы ехалі. Натуральна, пацікавіліся, аб чым лямант. А ў выніку — павучылі Бладука па свайму закону. Зьезьдзілі яму тры аплявухі, ды шчэ і ў паліцыю патрабавалі. Ня бі, кажуць, бабу, ды шануй. Баба ўжо й ня радая, а мужчыны сьмяюцца.

— Завошта ён цябе гладзіў, Бладучыха?

— Каб-жа было за што, а то за глупства. Засьпеў ён нас з Байцовым у гарызантальным палажэньні, ну й азьвярэў.

Дзіва, што азьвярэў.

— Але гэта толькі на жарт было, — апраўдвалася Бладучыха. — Мы так жартавалі.

— Добры жарт, — рагатаў Сымон, — ад такога жарту бывае, што бацька потым свайго дзіцяці не пазнае.

Толькі жонкі спачувалі.

— А якое-ж каханьне ў іх было, любачкі, проста даваеннай якасьці. А ён, гад, біцца!

Але хутка Юрэц вярнуўся без аварыі, і ўсе супакоіліся. Назаўтра Бладук пайшоў упрочкі, але хутка вярнуўся. Бо ўсё-ж, як той казаў, жонка не балалайка — пайграўшы, на сьценку не павесіш.

12 сакавіка. Хадзілі з Сымонам у тэатар слухаць пра новы зямельны закон.

— Хвалю такія парадкі, - цешыўся Сымон. — Свая зямля — гэта ўсё. Шчэ мой дзед казаў: лепш свае тры аршыны, чымся чужая валока. І гэта сьвятая праўда. Калі мой швагра жыў на сваіх трох дзесяцінах, дык ня тое, што хлеба на пяць душ хапала, а й скварка ня выводзілася, а як загналі дабравольна ў калгас, дык ажна з Лагойшчыны ў Менск дыбаў па кілю хлеба. Зямлі ў калгасе было па тры дзесяціны на душу, хлеб-жа, што калгасьнікі рабілі, улада забірала на рублі, а ім прадавала па рублю за кілю.

А мне гэты закон абы-што, бо зямлю рабіць мне не да твару, і хлеба на мой век хопіць.

14 сакавіка. Што на сьвеце дзеецца — чысты сьмех. Настаўнік Дзівак разжаніўся з жонкаю. А жылі разам 45 год. Ці-то надворже на іх паўплывала, ці вайна — невядома. Толькі старыя не захацелі жыць супольна. Падзялілі свой пакой папалам, перацягнулі ў куты кажны свае рэчы, а пасьля ўзяліся агульнае дабро дзяліць. Праўда, дабра гэтага ў іх небагата — усяго адна бочка агуркоў. Як яны перахаваліся ў старых — невядома. Але гэты скарб старыя, як людзі старой загартоўкі, мусілі падзяліць сумесна. Толькі нешта ня выйшла ў іх сумленна — пасварыліся ў час дзяльбы. Ці то старая хацела старога на агурочках абжехаць, ці можа й стары перасморгнуў агурком — пра гэта не хваліліся. Паклікалі на дапамогу суседзяў. Людзей прыйшло шмат. Ведама, кажнаму хочацца на такую рэч паглядзець. Ну, стаўпіліся суседзі й раяцца, як такую справу найлепей абстругаць. Адны раілі расьпілаваць бочку напал, але іншыя запяэрчылі, бо гуркі папілуеш, дый расол выльлецца. Хацелі раскласьці гуркі па штуках: табе, бабка, табе, дзедка, але зноў бяда: другое судзіны ў старых няма. Нарэшце наважылі на месцы агледзець справу й там памеркаваць. Рушылі да бочкі з гуркамі, адчынілі яе, дзівяцца. Ну й гуркі!

Узяў адзін сусед агурок на зуб — хрумшчыць. Другі таксама паспытаў — добра. Трэйці — таксама. Старыя толькі вачыма лыпаюць. І пайшла спроба, як іхныя гуркі хрумшчаць.

— Эх, — кажа нарэшце адзін знаўца на агуркох, — грэх такую закусь усухамятку хрумстаць, сьмяротны грэх.

І неўзабаве джгануў за дзьверы. Праз колькі часінаў вярнуўся з паўлітрам, якое тут-жа й разьмеркавалі. Вядома, не абмінулі й старых. Пасьля сігануў другі сусед, трэйці. І пачалося. Як скончылася гэтая спроба — старыя ня памяталі. Але калі назаўтра зірнулі ў бочку, дык дзяліць ужо ня было чаго. Толькі на дне нейкім цудам захавалася колькі шаптуноў. Вось табе й параілі суседзі. І сядзяць цяпер старыя ў розных куткох ды пазіраюць ваўкамі адзін на аднаго.

Ну, ці ня грэх? А хто ў гэтым вінаваты? Хіба-ж не старыя?

18 сакавіка. У Фэцкага зноў няўдача. Быў апёкся на пісклях, а цяпер на трыбухох скруціла. Купіў ён іх ля бойні ажна мяшок, прывалок дахаты й пачаў вылічваць, колькі на іх заробіць. Але пакуль ён калькуляваў ды вылічваў найвышэйшы прыбытак, трыбухі не марудзілі, узялі дый сквасіліся. Дух ад іх пайшоў па ўсёй кватэры такі цяжкі, што ня толькі на рынак, але й на сьметнік выкінуць небясьпечна. Мусіў збыць за бясцэньне. Каб ня зусім страціцца, завалок гэты злаякасны прадукт Адбіткоўскаму на мыла, па марцы ад трыбуха. Але ашукаўся й Адбіткоўскі. Варыў ён гэтую квашаніну паўдня, але, не ўважаючы на ўжытую ім розную хэмію, мыла з трыбухой ня выйшла, а толькі адна пена.