Выбрать главу

Паводля першага спосабу бярэцца які-небудзь зборнік вершаў абы-якога паэты, зь вершаў выпісваюцца ў слупок апошнія рыфмаваныя словы й да іх падбіраецца адпаведны зьмест. Вось і ўсё. Але гэты спосаб трохі марудны.

Шмат прасьцей другі спосаб, так званая перамешка. Тут ізноў-жа бярэцца верш якога-небудзь паэты (пажадана ведамага) і ягоныя рыфмаваныя радкі спрытна перамешваюцца нанова з дамешкаю трохі сваіх словаў, так што атрымваецца зусім новы, сьвежы, навет з пахам, верш.

Вось гэтыя два самыя простыя й дзейныя спосабы рыфмаваньня. Калі іх ужываць спрытнымі рукамі, дык гэтая ўпартая рыфма будзе цалкам пераможная.

Нарэшце не пашкодзіць трохі спыніцца яшчэ на адным мамэньце ў тэхніцы пісаньня вершаў, гэта — на радку. Бо радок, асабліва ў справе ганарару, таксама сьпявае не апошнім голасам.

Некаторыя паэты пішуць поўнымі страфамі з доўгімі радкамі. Гэта хоць і музычна, але не практычна. А таму сярод некаторых паэтаў апошнім часам запанавала новая тэорыя, так званая тэорыя сечанага радка. Трэба сказаць, тэорыя надта практычная. Паводля яе звычайны радок мэханічна разьбіваецца на некалькі радкоў. Да прыкладу, радок «Да вершу, усе, як адзін!» можна выкласьці так:

Да вершу! Усе, як адзін!

Пры такой апэрацыі кажная страфа можа перакуліцца ў сто грамаў з коптарам. Выйгранка, як бачым, відавочная.

Можна шчэ больш удасканаліць гэтую справу й секчы ня словамі, а складамі. Прыкладам, так:

ма ма му ша

А наш мастак сігануў шчэ далей і высунуў праект клішаванага вершу. Ён прапануе секчы ўжо не склады, а літары.

— Магу, — казаў, - літару, прыкладам, ш, на тры радкі расшастаць, бо й мне-ж трэ капейчыну зарабіць.

Калі ў такім кірунку тэорыю сечанага радка разгарнуць ва ўсе шыркі, дык можна ўважаць, што будучыня забясьпечаная цалкам.

Вось тыя кароткія парады, з дапамогаю якіх мы патрапім больш бадзёра і ўпэўнена крочыць па дарозе парнаскай у змаганьні за лепшы свой лёс.

Дык-жа сьмялей, хлопцы! Да бою, да чынаў на карысьць Бацькаўшчыны!

Рынемся ўсе на змаганьне.

Ворага вершам раструшчым, як пісаў наш выдатны паэта Піліп Асіна. І слушна! Вораг нас куляй і вагнём, а мы яго — вершам!

Хай жыве! Наперад! Нам дапаможа лёс!

Што рабіць?

Я рынуўся ў палітыку. Ну, а што, думаю, пакуль у Канаду вывязуць лес церабіць ці мо ў Бэльгію вугальле калупаць або на якую Ганалюлю разынкі сушыць, то нашто, каб час марна травіўся? Падамся хоць у палітыку. Пайшоў. Напачатку свае палітычнае чыннасьці я даручыў сабе скласьці ўрад, бо бяз ураду, самі ведаеце, якая палітыка — ні табе рот расчыніць, ні рукамі памахаць… Слушна! Ну дык вось, іду я да Мікіты, бо ён, як мне здавалася, яшчэ нідзе ня быў заангажаваны. Прыходжу, а той шпэк сартуе: направа — па трынаццаць, налева — па дванаццаць.

— Ці ня возьмеш у мяне партфэлю? — пытаюся.

— А гэта што? Скураная торба такая? А давай, давай, браток! Я ў падарожжа часьцяком ежджу, дык яна гэтага… для шпэку…

— Ды я не пра гэтую торбу кажу, мая торба ня зусім практычная, а як-бы табе прасьцей сказаць, ну… больш мітычная торба — міністэрскай партфэляй завецца.

— Дык чаго-ж ты мне галаву дурыш? — раззлаваўся Мікіта. — У мяне шпэк сохне, а ты мне нейкую мітычную дулю пхаеш. Дзівак! Вось вазьмі лепш кручкі на рыбу, можа й твайму ўраду прыдасца гэтае снадзіва… Бяры, дурны! Танна аддаю.

Бачу, што Мікіта яшчэ не дарос да вялікае палітыкі й ураду зь ім ня зробіш. Але кручкоў я ня ўзяў, бо я-ж таксама ня дурны набываць снасьць, калі сэзон канчаецца. Падаўся да Рыгора. Той таксама адмовіўся ад міністра, матывуючы тым, што ён чалавек гандлёвы й ня хоча сабе апінію псаваць.

— Гэта, — кажу яму, — ня ёсьць перашкода. Вунь вазьмі Гусака — той і жбанкамі гандлюе, і ўрад узначальвае. У дэмакратыі гэта можна.

Не пераканаў. Хадзіў пасьля да Янкі. Той, праўда, адразу зварыў, пра што ходзіць.

— Урад, — кажа, — арганізуеш? Рэч нядрэнная. А які ты мне партфэль запрапануеш?

— А выбірай, — кажу, — які хочаш, яшчэ ўсе парожнія.

— Так, так, — пачухаў Янка патыліцу, — а колькі ты мне, эвентуальне, плаціцьмеш?

— Чалавеча, — кажу, — бойся Бога! Чым маю плаціць, калі ў мяне самога толькі 7 пачкаў ды й тыя турэцкія? Хіба пачакай троху, як справу разгорнем ды міністэрства зладзім.

— Э, не, дабрадзею, я напавер не працую. А ўрад бяз грошай я й сам меў-бы.

Бачу, што Янка да вялікае палітыкі аж занадта пасьпеў, можна сказаць, перасьпеў навет.