Выбрать главу

Быў і ў Якіма.

— Давай, браток, урад мантаваць, — кажу яму, — ты, прыкладам, будзеш прапагандай заварочваць, Юрка справы забясьпечаньня возьме, ён ужо на гэтым набіў руку, ну, а я хоць-бы сабе й прэмжера ўзначалю.

— А пад якім шыльдам ты мяркуеш свой урад зьбіваць — пад фэдэральным ці самастойніцкім?

— А ці не адно ліха, — кажу, — пад якім шыльдам ён будзе? Мне абы ўрад.

— Не, — кажа Якім, — я сам урад твару, але мой ідзе пад фэдэральным шыльдам. Калі хочаш, далучайся да мяне.

— Ты што, — кажу, — учадзеў? Каб я ды ў твой урад пайшоў, калі свой маю зьбіваць.

Плюнуў, бразнуў клямкай ды й пайшоў наўпрасткі да Міхася Лясьніковіча.

— Здрасьце, — кажу.

— Здрасьце.

— Можа-б партфэлю ў мяне ўзялі? — пытаюся.

— Патрфэлю? Дзякаваць. Сваю тэчку маю. Хоць старэнькая, але..

— Не, я пра іншую партфэлю кажу, пра міністэрскую… Урад ствараю.

Той і рукамі замахаў.

— Барані Божа! Гэтага дабра мне ня трэба. Я быў свой урад стварыў, ды цяпер і сам ня ведаю, што зь ім рабіць. Міністэрства прапаганды хоць сяньня зачыняй, бо міністар напачатку так быў асатанеў да ворагаў народу, што як сеў за стол, дык усе свае думкі ўраз на машынцы й выстукаў, а цяпер ня ведае, што далей стукаць. Сядзіць за сталом ды адно вачыма лыпае. Баюся, каб зусім з глуздоў ня зьехаў. Такое-ж і міністэрства асьветы — ніяк не знайду на міністра пісьменнага чалавека. Міністар вонкавае палітыкі зусім апэцкаўся. Зноў-жа прэмжер — ён хоць языком трохі шавеліць, але-ж гультай і нічога ня ўмее рабіць. А пра іншых і гаварыць няма чаго. Адзін мой трывалы памоцнік — гэта Гарасім, але вы-ж самі ведаеце, якая гэта боўтка.

— Ведаю, — кажу, — даўбня ладная.

— Вось жа… Адно чыноўнік на адмысловыя даручэньні вёрткі хлапец. Але й той, калі праўду сказаць, задаўгі мае нос. Пхае яго й туды, і сюды й да сваіх, і да чужых. Ненадзейны, шэльма.

— Дык уважаеце, што гэта нялёгкая справа?

— А вось, як бачыце, прыемнага мала. Няма людзей, няма кадраў.

Такім парадкам не ўдалася ўрадавая кааліцыя з Міхасём Лясьніковічам. Пасьля Міхася я шчэ быў у васьмёх чалавек, і ніводная шэльма не ўзяла партфэлю. Той адмаўляецца, што часу няма, другі кажа, ён ужо заангажаваны ў другім урадзе, а некаторыя дык наагул чаўпуць, што ніякіх урадаў ня трэба, бо ўжо ёсьць адзін сталы, законны ўрад. Чулі? Законны! А як гэта ён будзе незаконны, калі я яго сам арганізую? А былі такія дзівакі, што пыталіся, на якой партыйнай базе я разбудоўваю свой урад. Пры чым тут партыя? Зьвярнуўся я ў гэтай справе да знаёмага юрыстага, як ён глядзіць на гэтыя партыі.

— Я ўважаю, — казаў юрысты, — што ўрад можна стварыць і бяз партыі, але ізноў-жа, у гісторыі ведамыя выпадкі, што да ўраду даходзілі праз партыю. Так што самі глядзіце, як зручней.

Пасьля кансультацыі ў юрыстага пачаў тварыць партыю. Але справа сунецца марудна. Пакуль заангажаваў жонку, сына ды суседку, — яна ў нас балею часта пазычае, дык не магла адмовіцца. Але далей справа йдзе туга. Кажны хоча, каб яму даў гарантыю. А якую-ж гарантыю дасі цяперашнім сьветам?

Дык вось, як бачыце, спадарове, палітыка рэч ня зусім лёгкая. У мяне ўжо ня раз лоб пацеў ад думаньня: што рабіць і як рабіць? А тут — яшчэ й жонка пілуе:

— Вунь, — кажа, — усе людзі ў чыны вылезьлі, міністрамі парабіліся, адзін ты самапасам ходзіш!

Ну? Падабаліся-б вам такія гутаркі?

Дык што-ж рабіць, спадарове суродзічы? Парайце, будзьце ласкавы! Бо час не чакае.

Ліст у рэдакцыю пра кансалідацыю

Паважныя спадары Рэдакцыя!

У нумары 29-м вашае газэты вы ўмясьцілі стацьцю пад загнётам «Справа кансалідацыі». Тамака вы пішаце, што ўсе людзі хочуць, каб «рэдакцыя ўзяла на сябе ініцыятыву кансалідацыі ўсяго беларускага грамадзянтсва на чужыне й распачала ў гэтым кірунку на сваіх балонках адпаведную акцыю».

Гэтыя радкі нас вельмі ўсьцешылі. Або-ж і праўда, калі азірнуцца навокал, па ўсіх чужых селішчах, то скрозь людзі жывуць, як браты, а ў нас — не. А чаму, гэтага ня ведаем.

Як шчэ за старымі грашыма прыяжджаў на наш хутар араталь зь Міхайлаўкі, то ён казаў, што ўва ўсіх нашых неладох вінаватая шопка й крывічы, бо яны ў нейчы бок цягнуць. Наш Ксавэры тады моцна пакрыўдзіўся, чаму яго да віны чапляюць і быў ужо рукавы закасаў, каб выцяць араталя, але той пачаў бажыцца й клясьціся, што ён ня меў на мэце каго-небудзь з прысутных абразіць і што ён гаварыў не пра нашага Шопку Ксавэрага, а зусім пра інакшае, а пра якога шопку — гэтага не сказаў.

А пазьней прыехаў да нас прамоўца зь Вялікага Двара, дык той, наадварот, прамаўляў, што ўсё ліха ад зарубежнікаў, якія таксама цягнуць у нейчы бок.