Творы Савёнка, адмыслова напісаныя не аўтарскаю мовай, а мовай масы — той мовай, што падмацоўвала і ўмацоўвала савецкую культуру наагул, мову «вылучэнцаў» — у прыватнасьці. Мова клішэ, мова штампаў, што гучыць дысанансам з народнай мовай асобных герояў — прыкладам, таго-ж Сымона, аўтарскага варыянта філёзафа Торбы, які кажа пра сябе: «я тутэйшы. Дый навошта мне кіравацца? Хай на мяне кіруюцца, каму трэба, а я ў сваёй хаце й на сваёй зямлі». І галоўны герой, ці дакладней, Антыгерой (кажа пра сябе: «Хто я такі? Дзіўна. Такога пытаньня я сабе яшчэ ніколі ня ставіў»), таксама створаны выключна моўнымі сродкамі: парадыраваньнем афіцыёзнай мовы, камбінацыяй стыляў, сродкамі стылістычнага «зьніжэньня», карнавалізацыяй падзеяў і герояў. І ўсё гэта руйнуе наш спрадвечны страх перад Сыстэмай.
Кожны дзёньнікавы запіс, маналёг — гэта маленькае самастойнае апавяданьне, звычайна анэкдатычнае (ды й сама падзея, што ляжыць у ягонай аснове — часам падаецца нам проста нерэальнай, зрэшты, як самое жыцьцё ў Сістэме), якое нязьменна заканчваецца маральлю, павучэньнем Чужанінава, «ня-тутэйшага», што жыве сярод нас як прымак, наводны, чужы, адным словам. Маналёг (маналёгі) герояў Л. Савёнка, калі карыстацца тэрміналёгіяй М. Бахціна, уяўляюць сабой, па сутнасьці сваёй, спрэчку, бясконцую спрэчку, ад пачатку запраграмаваную на пройгрыш — з Сыстэмай, зь любой таталітарнай сыстэмай, будзе гэта бальшавіцкая ці фашысцкая — вынік той самы.
Вось толькі жанр Савёнка мае адну, але адметную асаблівасьць, дзякуючы якой і здабыў ён нянавісьць самой Сыстэмы: прайграе герой — выйграе чытач. Бо, як завяршае Лявон Савёнак «Дзёньнік Чужанінава», «трэба глядзець у корань».
Беларусізацыя працягваецца.
Лявон Юрэвіч
Чароўная іголка
Калі паўнапраўны грамадзянін вёскі Гнойнае Адам Бабіч ішоў у сераду раніцой з гумна, дзе складаў акалот, к двору, то быў нямала зьдзіўлены. На страсе яго ўласнае хаты стаяла некалькі вяскоўцаў і моўчкі па цаглінцы разьбіралі яго комін.
І што больш усяго было незразумелым і дзіўным для Бабіча: грамадзяне ня толькі не раскідалі цэглы, а наадварот, нават дробныя кавалачкі гліны й пылу з сажай акуратна зграбалі ў торбачкі, зносілі ўніз і рассыпалі на разасланую на сьнезе посьцілку. Некалькі вясковых панятых, пад непасрэдным наглядам члена сельсавету А. Жураўскага, поўзалі па посьцілцы й чагось пароліся ў шуме.
Тут-жа стаяў і ўважліва сачыў за працай Пятро Жураўскі, найзласьнейшы вораг Адама Бабіча, зь якім ён судзіцца за дарогу вось ужо два гады.
«Што за трасца, — разважаў Бабіч, — шукаюць нечага ў коміне… Зваржяцелі, ці што?».
І неяк троху баючыся, ён падышоў да хаты..
— Па якому праву? — зьвярнуўся ён да члена сельсавету.