Выбрать главу

Масіўныя дзверы кватэры паспяхова адсланяюць яе ад знешняга свету. Пасля некалькіх начных выпадкаў, калі ў дзверы ламаліся п'яныя іншаземцы, памыліўшыся дзвярмі з суседняй вышэй паверхам інтымнай установай, яна пастанавіла сабе забяспечыцца саліднымі і моцнымі замкамі, жалезнай засаўкай і мяккай абіўкай, якая глушыла ўсе вонкавыя шумы.

І тым не меней ноччу з лесвічнай пляцоўкі далятае рэзкі стукат высокіх абцасаў альбо п'яныя крыкі неспатоленых кліентаў.

У калідоры яе кватэры старая мэбля пакрытая цёмнай палітурай, такой моднай у канцы шасцідзесятых, прыгнятае сваёй безгустоўнасцю. Але ўжо пакой, у якім яна праводзіць большую частку жыцця, дае мне адчуванне пэўнасці. Хоць, халодны і поўны пагардлівай, задзірыстай няўкладнасці, ён мае некалькі прадметаў хатняга ўжытку і кніг, моцна абжытых у такой самай эстэтыцы, якую калісьці ў Польшчы апісаў нейкі малады сацыёлаг, высмейваючы хіпі ў доўгіх пацёртых світарах, з акулярамі на носе і прышпіленым на грудзях рэастатам. Што нас яшчэ лучыць, дык гэта яе вялікі альпінісцкі заплечнік у куце за шафай і заквэцаныя боты. У Беларусі цяжка з гарамі, а ейную любоў да вылазак у Судэты і Татры пацвярджаюць шматлікія здымкі, хаатычна развешаныя над сталом і кніжнай паліцай.

Калекцыя кампактдыскаў дае ўяўленне як пра добрую музычную адукацыю, так і пра малады ўзрост. Ад Баха, Скарлацці праз Равэля, Стравінскага, Шапэна аж да найноўшых дыскатэкавых хітоў. Іншая рэч, што даступнасцю гэтай моднай прадукцыі можна заўдзячваць пірацкаму бізнесу і нізкім цэнам. Заўсёды, як я прыязджаю ў Кракаў, усе мае знаёмыя карыстаюцца маімі запасамі навінак CD без якіх-колечы азнакаў пачуцця віны.

Калі я гляджу ў высокія старыя вокны, поўныя духу сталінскага класіцызму, як і ў большасці гэтых камяніц у цэнтры Менска, мяне забірае ўражанне, нібыта я пабывала ў Новай Гуце. З аднаго боку адчуванне чужароднасці, нават варожасці, з другога - усведамленне, што навокал напэўна ж бо жыве шмат цікавых людзей і яны трактуюць гэтую архітэктуру не як божае дапушчэнне, а як месца адыходу ад навыкаў нянавісці і непрыхільнасці да непрыязнай прасторы.

Нехта сказаў мне, што ўвесь цэнтр Менска будавалі ваеннапалонныя вермахту пасля прайгранай вайны. Напэўна ж яны адшкадавалі сабе страчаныя месяцы лагернай бяздзейнасці і галодных пайкоў працай у сваіх прафесіях. З прускай рамесніцкай стараннасцю яны выконвалі заданні савецкіх недавучаных дойлідаў.

З яе вокнаў я цяпер азіраю гэты «навагутны» Менск. Найбольш люблю глядзець на тусоўкі каля Макдональда. Тут найбольш праяўляецца значэнне гэтага слова. Тусоўка - гэта спроба наладзіць грамадскія сувязі з апораю на бачанне і павярхоўны дыялог. Нешта як калода картаў, тасаваная спрытнай рукою абавязковай моды. Дзяўчаты какетнічаюць, хлопцы ж тут дужа крутыя.

Тусоўка пад Макдональдам, бадай што, найважнейшае месца ў цэнтры, дзе можна ўмовіцца пра спатканне, выпіць альбо зайсці ў падземны пераход і там пад гукі разладжанай гітары і хрыпатых песенек Чыжа купіць газету, каб даведацца, як там бацька - ці не прыдумаў якога дэкрэту супроць тусовак.

Неяк бацька ўжо быў папракнуў, што на адкрыццё «закусачнага бара», гэтага сімвалу амерыканскага імперыялізму, прыйшло зашмат моладзі, занаджанай таннымі гамбургерамі. Але я зразумела гэта неадольнае жаданне мець кавалачак Амерыкі дома, калі пачула расказ, як на пачатку дзевяностых менскія дзяўчаты ездзілі начным цягніком у Маскву, каб прывезці адтуль пластмасавы ці папяровы кубачак, упакоўку з-пад бігмаку ці яшчэ якое падобнае смецце.

Прыгадаліся і ўспаміны аднаго асістэнта ў нашым інстытуце, як за пару джынсаў ён колісь прывозіў з Масквы залатыя абручыкі і масіўныя пярсцёнкі з жахліва дарагімі камянямі. Амерыканскі міф у цане золата.

З нядаўняга часу пад менскім Макдональдам выгульваецца патруль АМАПу. Кантралююць паводзіны моладзі, зганяюць з гранітнай балюстрады, забараняюць пляваць на тратуар, правяраюць дакуманты. Бацька чувае як Старэйшы Брат.

З другога боку яе кватэры адкрываецца панарама не надта маляўнічага царства КДБ, пракуратуры, МУС і чагосьці там яшчэ. Вокны гэтых ўстановаў палохаюць тупымі і бяздушнымі правалінамі як і распасвеныя квадратныя храпы іх гаспадароў, перакананых у сваёй усемагутнасці і моцы.