Выбрать главу

Праз год А. Гяршун наведвае Германію, а вярнуўшыся адтуль, піша і выступае на пасяджэннях з дакладам „Аб аптычных заводах Шота і Цэйса ў Іене”.

У час руска-японскай вайны выявілася, што расійская армія слаба забяспечана оптыкай. Выпраўленне гэтай памылкі практычна лягло на плечы Аляксандра Гершуна. Пад яго непасрэдным кіраўніцтвам на Аляксандрыйскім заводзе пачаўся выпуск артылерыйскіх аптычных панарам, дасканаласць якіх пацвердзіла нават аўтарытэтная камісія. А ў 1914 годзе ў Пецярбургу пад кіраўніцтвам Аляксандра Гершуна быў пабудаваны оптыка-механічны завод. Адначасова працавала і майстэрня Абухаўскага завода, дзе рамантавалі дальнамеры розных сістэм, якія тады знаходзіліся на ўзбраенні ў расійскай арміі. І ўсё гэта кантралявалася фізікам і оптыкам з Саколкі прафесарам Аляксандрам Гершунам.

Наш зямляк працаваў вельмі многа. А 26 мая 1915 года ў яго адбыўся сардэчны прыступ, які каштаваў таленавітаму ініцыятару рускага аптычнага ваеннага прыборабудавання цэлага жыцця. Праўда, справа Аляксандра Гершуна не памерла. Да яе спрычыніўся ягоны сын Андрэй Гяршун — адзін з найбольш вялікіх святлотэхнікаў і фотаметрыстаў, заснавальнік навуковай школы ў галіне гідраоптыкі. Ён закончыў фізіка-матэматычны факультэт Ленінградскага універсітэта (1924). Працаваў лабарантам, навуковым супрацоўнікам, начальнікам лабараторыі Дзяржаўнага рускага аптычнага інстытута (1920-52). У 1937 годзе абараніў доктарскую дысертацыю, быў прафесарам па спецыяльнасці святлотэхніка (1937). Напісаў больш за 90 навуковых прац. У асноўным гэта ў галіне святлотэхнікі (штучныя і натуральныя асвятленні, святломаскіроўка, маячныя сістэмы), тэарэтычнай фотаметрыі (святлавое поле, распаўсюджванне святла ў паглынаючым святлорассейваючым наваколлі, фотаметрычны інварыянт, тэрміналогія), гідраоптыкі (даследаванні марскіх вод, бачнасць у вадзе, маскіроўка караблёў, прыборабудаванне). Андрэй Гяршун (1903-1952) быў узнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР, двойчы атрымліваў Сталінскую прэмію другой ступені.

2002

Яўген Хлябцэвіч

У верасні 1915 года родны брат вядомага беларускага літаратуразнаўцы, педагога, бібліёграфа і бібліятэказнаўцы Яўгена Хлябцэвіча Уладзімір пісаў яму: “Усе сёла гарэлі пры непрысутнасці нашых людзей. Кнігі (10 скрыняў) закапаны ў вельмі надзейным месцы. Там тваё ўсё. Закапывалі я і Маліш. Твае рукапісы пра беларускіх пісьменнікаў і лісты іх тожа былі схаваныя там, у скрынях. Я знаю дзе...” (Часопіс “Вialoruskie Zeczyty Historyczne”, 1995 г., № 2(4). С.135). Гэтыя скрыні ў вёсцы Кленікі на Беласточчыне шмат гадоў шукала настаўніца беларускай мовы і літаратуры мясцовай школы Марыя Базылюк (Марыйка — як яе ласкава называлі вяскоўцы і беларускія літаратары ў Польшчы). У гэтых скрынях захоўваецца невядомы літаратурны скарб Хлябцэвічаў. І Марыя Базылюк яго шукала, а таксама сама даследавала творчасць Яўгена Хлябцэвіча. Яна нават напісала магістарскую працу на тэму “Публіцыстыка і літаратурная крытыка Яўгена Хлябцэвіча”, якая да сённяшніх дзён чакае асобнага выдання. Але так склаўся лёс, што гэтыя скрыні Марыі Базылюк знайсці не ўдалося. Яе зламала хвароба ў 1996 годзе ва ўзросце 38 гадоў.

Цікава, якія рукапісы Яўгена Хлябцэвіча ляжаць у тых скрынях? Пісьмы якіх пісьменнікаў захоўвае гэты скарб на Беласточчыне? Можа там лісты ад Янкі Купалы, Цёткі, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Максіма Горкага? Ён шчыра з імі сябраваў, сустракаўся, перапісваўся. Цяпер цяжка сказаць, хто той скарб адшукае. І ці адшукаецца ён наогул. Усё ж прайшло з таго часу амаль 90 гадоў.

Да сённяшніх дзён пад адну вокладку так і не сабрана, і не выдадзена спадчына Яўгена Хлябцэвіча. А напісана ім было вельмі шмат. У Коўне ў 1912 годзе выйшла з друку яго першая кніга “Бібліятэка і кааперацыя”, дзе аўтар разгледзеў пытанні тэорыі і арганізацыі бібліятэчнай справы. У Пецярбургу свет пабачылі ягоныя працы “Адраджэнне беларускай народніцкай літаратуры” (1914 г.), “Народніцкая паэзія беларусаў” (1917 г.), у якіх малады крытык са Слонімшчыны прааналізаваў вытокі і характар беларускага мастацкага слова, даў высокую ацэнку творчым пошукам Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча. А ў маскоўскіх выдавецтвах з’явіліся яго кнігі “Масавы чытач і антырэлігійная прапаганда” (1928 г.), “Масавы чытач і праца з кнігаю” (1936 г.).

Яшчэ ў Пецярбургу Яўген Хлябцэвіч пасябраваў з Янкам Купалам. Песняр часта наведваў не толькі беларускія вечарынкі, але бываў і на розных рэпетыцыях. Ён удзельнічаў у рабоце беларускага студэнцкага навуковага гуртка, слухаў даклады пра Беларусь, часам чытаў свае вершы. Аднойчы Янка Купала перадаў Яўгену Хлябцэвічу верш “Прарок”, прысвечаны гэтаму студэнцкаму гуртку.