Выбрать главу

У 1906 годзе Яўген Хлябцэвіч стаў студэнтам Юр’еўскага ўніверсітэта, а праз год перавёўся ў Пецярбургскі ўніверсітэт. Тут ён рэдагаваў “Кніжны і бібліятэчны лісток” пецярбургскай газеты “Новая Русь”, дзе дапамог на яе старонках друкавацца Янку Купалу.

Будучы студэнтам Яўген Хлябцэвіч выступаў на Першым Усерасійскім з’ездзе па бібліятэчнай справе з дакладам “Развіццё бібліятэчнай справы на Беларусі”. А калі закончыў універсітэт, працаваў інструктарам Беларускага пададдзела аддзела асветы нацыянальных меншасцей Народнага камісарыята асветы РСФСР у Кіеве.

У 1919 годзе наш зямляк атрымаў новую пасаду — ён стаў узначальваць бібліятэчнае аддзяленне Палітычнага ўпраўленне Рэўваенсавета РСФСР, а пасля перайшоў у Народны камісарыят асветы.

З 1943 года Яўген Хлябцэвіч працаваў у Маскоўскім бібліятэчным інстытуце, шмат пісаў, абараніў кандыдацкую дысертацыю. У Маскве і пражыў ён свае апошнія гады: яго не стала ў кастрычніку 1953 года. Час прыспешвае выдаць асобнымі кнігамі працы Яўгена Хлябцэвіча па бібліятэказнаўству, а таксама пакінутыя ім успаміны пра беларускіх пісьменнікаў і палітыкаў, якіх ён ведаў і з якімі сябраваў. І яшчэ. Адна з бібліятэк на Слонімшчыне і Бельшчыне павінна насіць імя нашага слыннага земляка.

2004

Янка Чарапук-Змагар

У лістападзе 1997 года ў Сакольскім асяродку культуры Беларускім гістарычным таварыствам была наладжана выдатная навуковая канферэнцыя на тэму «Беларусы Сакольшчыны». На ёй навукоўцы і гісторыкі выступілі з цікавымі дакладамі, прысвечанымі знакамітым людзям Сакольшчыны. На той канферэнцыі я не прысутнічаў, але ведаю, што Алег Латышонак на ёй выступаў з дакладам пра беларускага палітычнага дзеяча Янку Чарапука, якому некалі Іван Луцкевіч даў мянушку “Змагар”. Не ведаю я таксама ці друкаваў дзе свой даклад Алег Латышонак, але сёння хачу яшчэ раз згадаць пра палітыка з Сакольшчыны, пра якога варта нашым гісторыкам пісаць часцей, бо ён заслугоўвае нашай шчырай памяці і пашаны.

Янка Чарапук нарадзіўся ў 1896 годзе ў мястэчку Новы Двор на Сакольшчыне. Спачатку вучыўся ў мясцовым гарадскім вучылішчы, а пасля скончыў гімназію ў Гародні і ў 1914 годзе паступіў у Пецярбургскі універсітэт на юрыдычны факультэт.

Падчас вучобы Янка Чарапук пазнаёміўся з украінскімі нацыянальнымі дзеячамі, якія яго, шчыра кажучы, уцягнулі ў палітыку. У Пецярбургу беларускага юнака ўкраінцы прызначаюць сакратаром Пецярбургскай місіі Цэнтральнай Украінскай Рады. А пазней ён стане супрацоўнікам Міністэрства замежных спраў Украінскай Народнай Рэспублікі (УНР) і пераедзе ў Кіеў.

Тым не менш, беларуса з Сакольшчыны больш цікавілі і хвалявалі родныя справы Бацькаўшчыны. Таму ў Пецярбурзе Янка Чарапук стварае грамадскую культурна-асветную арганізацыю “Вольныя беларусы”, а ў Кіеве становіцца сябрам Беларускае Рады на Украіне. Там, у Кіеве, ён арганізоўвае нават Беларускую партыю незалежных рэвалюцыянераў.

У 1918 годзе Янка Чарапук вяртаецца на радзіму і актыўна даручаецца да спраў Беларускай Народнай Рэспублікі. Ён удзельнічае ў Беларускім з’ездзе Віленшчыны і Гарадзеншчыны, яго прызначаюць сакратаром беларускай рады гэтых рэгіёнаў. Янка Чарапук шмат піша, друкуецца ў газетах “Беларус”, “ Родны край”, у “Нашай думцы”. Як падае “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі” (Мн., 2003, т. 6. С.138), Янка Чарапук з канца 1919 года едзе ў Рыгу, дзе працуе сакратаром Вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі, з’яўляецца сябрам беларускай калоніі ў Латвіі, дыпламатычным кур’ерам пры ўрадзе БНР на чале з Антонам Луцкевічам. З 1920 года малады палітык узначальвае дэлегацыю Беларускай Народнай Рэспублікі на міждзяржаўнай канферэнцыі балтыйскіх дзяржаў, удзельнічае ў Першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе, прызначаецца сакратаром Дыпламатычнай місіі БНР у Каўнасе.