У 1919 годзе ў Амерыку ў пошуках працы едзе з Беласточчыны бацька Янкі Чарапука — Антон Чарапук. Там ён, як піша Вітаўт Кіпель у сваёй кнізе “Беларусы ў ЗША” (Мн., 1993), разам з В.Трафімовічам і П.Чопкам склалі першыя арганізацыйныя сходы беларусаў у Чыкага. У 1920 годзе была заснавана новая беларуская арганізацыя, якая называлася Беларускі нацыянальны камітэт. Мэта гэтай арганізацыя была адна — гуртаваць беларусаў Чыкага. Дарэчы, з 1892 да 1913 года ў Чыкага прыехалі 95 тысяч беларусаў. На той час гэта быў самы беларускі горад у ЗША. Сюды ў 1922 годзе прыязджае і Янка Чарапук. Прыезд яго ў Амерыку не быў выпатковы. Па-першае, тут ужо трохі абжыўся яго бацька, па-другое, яшчэ 18 лістапада 1919 года Янка Чарапук пісаў Антону Луцкевічу, выказваючы свае погляды на знешнепалітычную дзейнасць Беларускай Народнай Рэспублікі: “Зараз жэ пашлеце дзве місыі ў Англію, асабліва зноў у Амэрыку… Пры гэтым, што датычыцца Амэрыкі та я сам падняўся, каб быць Сэкратаром нашэй Місыі. У мяне там ёсьць вельмі многа знаёмых, адзін наш беларус Сукрановіч, з якім я і цяпер маю зносіны…” (Запісы-21. Нью Ёрк, 1994. С.126).
У траўні 1922 года Янка Чарапук назаўсёды развітваецца з Радзімай. Перад ад’ездам з парахода “Латвія” ён напісаў паштоўку Тамашу Грыбу: “Даражэнькі! Шлю мае сардэчныя прывітаньні усім сябрам Грамады. Сёньня моцна помню наш дэвіз: змагаймася — зможам. Цалую ўсіх. Ваш Я. Чарапук”.
Ці добра Янку Чарапуку спачатку было ў Амерыцы? Аб гэтым ён піша сам у пісьме да Вацлава Ластоўскага ў Коўна 9 ліпеня 1923 года: “Цяпер падзялюся з Вамі тым, што ёсьць у мяне тут. Прыезд мой у Амэрыку адбыўся пры самых цяжкіх варунках… Маё становішча ў Амэрыцы было адным з самых страшэнных з’явішч у маём маладом жыцьцю…” (Запісы-21, С. 134). Тым не менш, Янка Чарапук-Змагар не скарыўся, рук не апусціў. Найперш ён пачаў пашыраць кола сяброў Беларускага нацыянальнага камітэта і падаў ідэю склікання масавага з’езда беларусаў Чыкага. На гэтую ідэю Янкі Чарапука адгукнуўся ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі і паслаў у ЗША на дапамогу Чарапуку яшчэ аднаго лідэра — Язэпа Варонку, дарэчы, таксама родам з Сакольшчыны. Па словах Вітаўта Кіпеля, гэтае масавае мерапрыемства сабрала беларусаў не толькі з Чыкага, але і з іншых штатаў ЗША. У выніку працы з’езда была створана новая арганізацыя — Беларуска-Амерыканская Нацыянальная Асацыяцыя. Кіраўніком яе быў абраны Язэп Варонка, а Янка Чарапук — старшынёй рэвізійнай камісіі.
Арганізацыйныя здольнасці Янкі Чарапука і ўдзел у з’ездзе Язэпа Варонкі зрабілі тады на прысутных вельмі канструктыўны ўплыў і заахвоцілі ўсіх да далейшай дзейнасці. А абранае з’ездам кіраўніцтва і многія актывісты распачалі шырокую беларускую дзейнасць у Злучаных Штатах, хаця наперадзе ўсіх чакала шмат выпрабаванняў.
Жывучы ў Амерыцы, Янка Чарапук-Змагар быў яшчэ адным з арганізатараў Беларуска-Амерыканскага грамадскага задзіночання, а таксама Беларуска-Амерыканскай нацыянальнай рады, якая ставіла за мэту дабрачынную дапамогу ахвярам Другой сусветнай вайны. Наогул, наш эмігрант усё жыццё дапамагаў сваім землякам у Беларусі. Ён збіраў грошы і ахвяраваў іх беларускаму студэнцтву і школьніцтву ў Заходняй Беларусі, моцна дапамагаў беларускім арганізацыям у Беларусі і ў Чэхаславакіі. Хаця з 1936 года аж да пенсіі ён працаваў на дрэваапрацоўчай кампаніі “Chicago and Riverdale Lumber Company”, якая гарантавала толькі пэўны мінімум на жыццё і не больш.
У 1952 годзе на канадыйскім баку вадаспада Ніягара адбылася першая сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі. Яна была прысвечана Янку Купалу. На гэтай сустрэчы Янка Чарапук-Змагар, як прадстаўнік Ураду БНР, выступіў з прадмоваю. І такіх выступленняў і прадмоў было тысячы.
Яшчэ ў 1881 годзе ў Амерыцы была заснавана арганізацыя “Рыцары Калумба”, якая з гадамі стала міжнароднай. Янка Чарапук-Змагар уваходзіў у гэту арганізацыю і меў яе найвышэйшую 4-ю рыцарскую ступень, ступень Патрыятызму.
16 лістапада 1957 года нашага земляка не стала. Беларускі каталіцкі часопіс “Znic” (1957, № 43. С. 5) пісаў: “На святой Імшы і на праводзінах Янкі Чарапука-Змагара была амаль уся беларуская інтэлігенцыя з Чыкага… А на жалобнай вячэры чула памянуў яго генерал Дзямідаў ды іншыя”.
2006
Янка Геніюш
Пра беларускую паэтку Ларысу Геніюш у нас напісана даволі шмат. А вось пра Янку Геніюша, яе мужа, чамусьці нашы даследчыкі літаратуры і гісторыі згадвалі мала. А ў 2002 годзе яму споўнілася сто гадоў з дня нараджэння. Але аб гэтым юбілеі беларускага доктара, бібліяфіла, палітыка, мужа паэткі Ларысы Геніюш ніхто не ўспомніў ні ў Беларусі, ні на яго Радзіме — Беласточчыне.