Дзейнасць беларускага ўраду ў іншых накірунках была больш выніковаю. Хутка там усталяваліся шчыльныя кантакты з прадпрымальнікам, выхадцам з Беларусі Станіславам Львом Сапегам-Ваяводам, які, маючы надзею наладзіць выгадныя гандлёвыя сувязі з Беларуссю, стварае ўласную фірму -- "Сіндыкат Сапегі для Еўропы і Азіі на Беларусі". Пэўны час ён аказвае прадстаўніцтвам беларускага ўраду ў Берліне пасільную фінансавую дапамогу. У складзе Берлінскае канторы "Сіндыкату Сапегі..." працавала шмат беларусаў, у тым ліку паўнамоцным дырэктарам яе быў да лета 1920 года Антон Борык. Станіслаў Сапега-Ваявода стаў заснавальнікам першае за межамі былой Расейскай імперыі Беларускае службы друку і тэлеграфнае інфармацыі, якая двойчы на тыдзень выдавала інфармацыйныя бюлетэні, дзе галоўная ўвага надавалася беларускай тэматыцы.
Афіцыйная рэгістрацыя Дыпламатычнае місіі БНР у Нямеччыне была зроблена Антонам Луцкевічам. 4 траўня 1919 года ён звярнуўся ў Міністэрства замежных спраў Нямеччыны з наступнай заявай: «Гэтым сьведчыцца, што ў склад Дыпляматычнай Місіі Беларускай Народнай Рэспублікі, якая ў гэты час знаходзіцца ў Бэрліне, уваходзяць наступныя асобы: старшыня Рады Народных Міністраў і Міністр Загранічных Спраў – Антон Луцкевіч; пасол -- Аркадзь Смоліч; служачыя – Антон Борык і Янка Натусевіч”.
Восенню 1919 года Надзвычайная дыпламатычная місія БНР у Нямеччыне складалася ўжо з трох аддзелаў (консульскага, ваеннага і аддзелу прэсы) ды наступных асобаў:
1. Шэф Місіі -- Леанард Заяц (пазней Леанід Баркоў);
2. Сакратар -- Доктар Паўлоўскі;
3. Юрысконсульт -- Бруно Мілера (консульскі аддзел);
4. Начальнік ваеннага аддзелу Місіі -- Антон Борык;
5. Райца па вайсковых справах--Яўхім Бялевіч (ваенны аддзел);
6. Райца па справах прэсы -- Валянцін фон Дзітман.
У Германіі Антон Борык разам з іншымі беларусамі вырашае не толькі вайсковыя пытанні, але не шкадуе грошай для беларускіх дзетак, аказваючы вялікую фінансавую дапамогу беларускім школам у Менску.
У сярэдзіне лета 1920 года Антон Борык пакідае Берлін і вяртаецца ў Латвію. Яго па-ранейшаму хвалююць беларускія справы і па запрашэнню беларускіх вайскоўцаў восенню таго ж года ён спыняецца ў Вільні, а пасля ў Гародні. Вярнуўшыся дамоў, наш зямляк узначаліў агульны аддзел Беларускай вайсковай камісіі. А восенню разам з групаю беларускіх афіцэраў капітан Борык накіраваўся ў Слуцк, дзе ўзначаліў штаб Першай Слуцкай брыгады. Актыўна папаўняў сваю брыгаду мясцовымі паўстанцамі і не вельмі сябраваў са Станіславам Булак-Булаховічам, выступаў супраць альянсу слуцкіх паўстанцаў і яго войскам. Антон Борык зрэд часу даваў інфармацыі ў газету “Наша Думка” (выходзіла ў Вільні са снежня 1920 па ліпень 1921 гадоў) і ў газету “Беларускае Слова” (выходзіла з кастрычніка 1920 па студзень 1921 гадоў і выдавалася Беларускім нацыянальным камітэтам Гарадзеншчыны). Начальнік штаба беларускіх паўстанцаў паведамляў: “Беларускае паўстаньне маець партызанскі характар. У ім ёсьць тутэйшыя сяляне, “зялёныя” і дэзэртыры з Чырвонай Арміі. Бальшавікі стараюцца скрыць яго істнаваньне і давяць вялікарасейскімі аддзеламі. Паўстаньне пашыраецца па ўсіх беларускіх паветах, нягледзячы на недахват броні і агульнай помачы”(Наша Думка. 1920, 24 снежня).
Калі ў канцы снежня 1920 года паўстанне было задушана, атрады паўстанцаў перайшлі на тэрыторыю Польшчы і былі раззброеныя і інтэрнаваныя ў лагеры ў Беластоку, а пасля – у лагеры ў Дарагуску. Антон Борык спачатку знаходзіўся ў Латвіі, пасля ў Коўне, Вільні, Варшаве. Дарэчы, у Варшаве ён быў адным з арганізатараў Таварыства Беларускай Школы. Перад самым пачаткам Другой сусветнай вайны наш зямляк жыў у Вільні, працаваў у кіраўніцтве Віленскай чыгункі. Сляды яго губляюцца ў час вайны. Магчыма ён загінуў падчас акупацыі ў пачатку 1940-х гадоў.
2007
Баляслаў Грабінскі
Баляслаў Грабінскі пражыў доўгае жыццё. Было яно дужа нялёгкім, але цікавым. Цікавым, шчырым і апантаным беларусам быў і сам Баляслаў Грабінскі – доктар-дантыст па спецыяльнасці. Але адной медыцынскай прафесіяй наш зямляк не абмяжоўваўся. Ён – адна з яркіх постацяў беларускай Вільні 30-40-х гадоў ХХ стагоддзя. Наш зямляк быў старшынёю партыі Беларуская Хрэсціянская Дэмакратыя, старшынёй Нацыянальнага Камітэту ў Заходняй Беларусі, актыўным грамадска-палітычным дзеячам на эміграцыі.