Выбрать главу

Нарадзіўся Баляслаў Грабінскі 3 жніўня 1899 года ў вёсцы Урачыншчына Сакольскага павета. “Гаспадаром хаты, дзе я радзіўся, быў бацька маёй маткі Мацей Станкевіч. Мой бацька прыйшоў у прымічы з суседняе парафіі – з вёскі Грымячы”, -- згадвае ў сваіх успамінах Баляслаў Грабінскі. Дарэчы, успаміны яго друкаваліся ў мінскім часопісе “АRCHE” (2000, № 5). Рукапіс гэтых успамінаў знаходзіцца цяпер у архіве БІНІМу ў Нью-Йорку. Баляслаў Грабінскі іх пачаў пісаць 3 жніўня 1979 года, каля яму ўжо было 80 гадоў.

Успаміны Баляслава Грабінскага вельмі шчырыя. Пра дзеда Мацея Станкевіча ён згадвае, што “дзед – відавочна, хацеўшы скампэнсаваць сваё невуцтва, а ня маючы свайго сына, каб паслаць у школу, -- меў мяне, унука, першага па лініі да шкаленьня, бо ж толькі хлапцоў пасылалі тады ў школу. Калі ў вёсцы паказваўся хто-небудзь адзеты па-мястоваму, ён стараўся запрасіць на пачастунак. І ня мела розьніцы, ці то быў ксёндз, ці каморнік, ці аб’езчык, ці нават “цыцылісты” (маецца на ўвазе сацыяліст – С.Ч.) зь Беластоку, ставіў самавар, даваў на стол што меў найлепшае: копчаную ялаўцом шынку ці кілбасу, сыр, мёд, канфітуры. Апрача таго, хата Мацея Станкевіча была месцам начлегу ўсім, хто меў патрэбу пераначаваць у вёсцы... Таксама мой дзед меў звычай пазычаць грошы суседзям з ваколіцы. Пазычаў на вэксалі й ня браў працэнтаў...”.

Пра бацьку і маці аўтар успамінаў згадвае наступнае: “Бацька мой, Франак, быў уроджаным прыроднікам. Хаця ніколі ён не наведваў школы, але меў асаблівы талент назіральніка й чула ўспрымаў праявы натуры. Ведаў ён, як назваць кожнае зельле, кожную найдрабнейшую кветачку. Знаў ён таксама й птушыны сьвет: ведаў, як бакас, летучы з выраю, бэчаў; дзе было над Баброю гняздо чаплі; як паводзілі жураўлі на балотах; як улажыць барану на таполі для буславага гнязда, і любіў часта гаварыць пра птушак... Фізічна мой бацька належаў больш да скандынаўскага тыпу, чым да славянскага. Быў ён вышэй сярэдняга росту зь сьветлымі валасамі й блакітнымі вачыма. Маці мая была малога росту зь цямнейшымі валасамі, належала да тыпу, які антрапалёгі называюць другім сьветлым тыпам Эўропы. Зрадзіла маці ўсіх дзяцей дзесяцёра, але выгадавалася нас толькі пяць...”.

З вялікай павагай і дакладнасцю Баляслаў Грабінскі апісвае сваю вёску Урачыншчыну, назоў якой звязаны з тапанімікай пушчы. “У пушчы былі ўрочышчы (урочыскі), багны, пакосныя прагаліны, дубіны, грабіны, альшыны, ляшчыны й г.д. Адсюль і назовы Багнэ, Ольша, Пакосна, Ляшчане. Прыкладам, калёнія паміж лесам і маёй вёскаю звалася Ўрочыска Пакосна... Урачыншчына была малою вёскаю – 17 хатаў, каля 120 жывых душ...”, -- згадвае аўтар.

У 80-гадовага аўтара ўспамінаў, калі яны пісаліся, захавалася добрая памяць, бо ён вельмі падрабязна ў сваіх успамінах згадвае родную вёску, кожнага яе гаспадара, які меў “запасныя сохі, выцесаныя з дубовага або бярозавага камялька”, згадвае кожнае ўзвышша, вуліцу, хаты, гародчыкі, дзе вяскоўцы саджалі табаку, бо да першае сусветнае вайны не было забаронена гадаваць сваю табаку, як піша аўтар.

Адзін з раздзелаў успамінаў называецца “Мова”, дзе аўтар параўновае гаворкі вёсак. “Каб параўнаць шкацёўскую гаворку з запушчанскаю, -- піша Баляслаў Грабінскі, -- даюць такі прыклад: А ў сенцах на млінцы стаіць вада ў вядзерцы, вазьмі пітунец і нажалопкайся. У запушчан гэты сказ будзе гучаць так: У сенях на жорнах стаіць вада ў вядру, вазьмі кубак і напійся”.

З гумарам чытаецца ва ўспамінах згадка пра суседаў Кундзейчаў (Кундзевічаў). Вінцук Кундзейч любіў парнаграфічныя песенкі і выказы. Можа нават ён іх сам і выдумляў. Асабліва іх любілі слухаць дзеці і падросткі. Вось як гучыць адна яго мініяцюра:

Сідар, Сідар-макацёр На дарозі бабу цёр: Цо паверне – баба перне, Цо пацісне – баба дрысне.

А бацька гэтага Вінцука наогул быў чалавек дзіўны. “Аднойчы, -- успамінае Баляслаў Грабінскі,-- ён муштраваў каня й накруціў павадок на вялікі палец левае рукі. Конь гвалтоўна шарпнуў (тузануўся) і сарваў скуру з пальца. Убачыўшы, што засталіся толькі косьці, нядоўга думаючы, ён палажыў руку на калодку й адсёк сякераю два чалонкі (фалянгі). Пасьля заўсёды прыціскаў табаку ў люльцы абрубкам вялікага пальца. Гаворачы, ён часта паўтараў быб, таму ў вёсцы яго празвалі Быб”.

Вельмі прыгожа наш зямляк апісвае святы, якія адзначала яго вёска. Найперш, гэта Вялікдзень. Асабліва на Вялікдзень цешыліся дзеці. У гэты дзень яны разам з дарослымі маглі “зубіць яйкі, ды качаць яйкі з гары”.