Другая частка ўспамінаў Баляслава Грабінскага прысвечана адукацыі. Ён успамінае тыя навучальныя ўстановы, дзе вучыўся, а таксама сяброў і людзей, якія былі з ім побач. Спачатку хадзіў дзве зімы да хатняга дырэктара. А восенню 1907 года дзед аўтара ўспамінаў завёс яго ў Дуброву ў трохкласнае прыхадское вучылішча, дзе настаўнікам быў нехта Чаквін (не блытайце з Чыквіным – С.Ч.). Але настаўнік не хацеў прымаць, бо было ўжо позна. Але дзед сказаў яму, што “я вучыўся арытмэтыкі й магу ўжо распісацца, згадзіўся прыняць в первое отделение ў першую клясу”. Вось гэтак пачаўся першы трохгадовы школьны перыяд Баляслава Грабінскага ў Дуброве. Менавіта тут аднойчы ён пачуў ад маладога настаўніка Краўцэвіча (імя не памятае) наступнае: “Вы ані рускія, ані польскія, а ўсе вы беларусы”. “Гэта быў першы раз, калі я пачуў назоў беларусы. Быў я тагды ў веку 9 гадоў і з кніжак ведаў Расею й пра Польшчу, але ніколі ня чуў пра Беларусь. Аднак жа застаўся мне ў памяці сказ настаўніка, і два гады пазьней я ўжо ўсьведаміўся, калі мой сваяк завёў мяне ў Горадні ў Гарадзенскі Гурток Беларускай Моладзі. Краўцэвіч быў у Дуброве толькі адзін год. Летам перад пачаткам заняткаў у наступным годзе прыехала паліцыя з Саколкі й забрала яго. Пасля, калі я даведаўся аб існаваньні ў тым часе Беларускае Сацыялістычнае Грамады (БСГ) і Згуртаваньня Беларускіх Настаўнікаў, зразумеў, што Краўцэвіч быў сябрам гэтых арганізацыяў”, -- успамінае Баляслаў Грабінскі.
Цікавыя звесткі ў сваіх успамінах пакінуў аўтар пра Гарадзенскую гімназію, дзе вучыўся. Яна была “адной з найбагатшых школаў у Расейскай імпэрыі”. Там тады вучыліся Язэп Лявіцкі, Янка Ляўковіч, Адам Бычкоўскі, Антон Доха, Адольф Зянюк – усе родам з Беласточчыны, усе добра вучыліся і, вядома ж, пра ўсіх трэба сёння шукаць звесткі і пісаць кнігі.
Прайшоўшы першыя азы вучобы, наш зямляк паступіў і скончыў Віленскі універсітэт. Менавіта ў Вільні пачалася яго самая актыўная дзейнасць на беларускай ніве. Падчас нямецкай акупацыі, Баляслава Грабінскага абіраюць старшынёй Беларускага нацыянальнага Камітэту ў Вільні. Гэта было 20 жніўня 1942 года. Па іншых звестках, як піша Юры Туронак “на пачатку ліпеня 1941 года, дзякуючы намаганьням Уладзіслава Казлоўскага, дзеяча беларускага нацыянал-сацыялістычнага руху, нямецкія вайсковыя ўлады дазволілі аднавіць працу Беларускага нацыянальнага камітэту, зачыненага ў 1938 г. віленскім ваяводам. Паводле рапарту нямецкай службы бясьпекі, Камітэт павінен быў утварыць процівагу для “надта актыўнага літоўскага руху”. Неўзабаве адбыўся ўстаноўчы сход з удзелам больш чым 60 мясцовых дзеячаў, на якім было абранае кіраўніцтва БНК. Старшынёй быў абраны Вацлаў Іваноўскі, яго намесьнікамі – Язэп Малецкі і Баляслаў Грабінскі...”. (Юры Туронак. Мадэрная гісторыя Беларусі. Вільня, 2006. С. 231).
16 верасня 1943 года Баляслава Грабінскага арыштоўваюць літоўцы і ссылаюць у канцлагер Правянішкі. Цудам ён пазбегнуў смерці. Вось што пісаў Язэп Малецкі ў сваёй кнізе “Пад знакам Пагоні” (Таронта, 1976. С. 87): “З арыштаваных палавіну лятувісы расстралялі ў ямах на Панарах, дзе яны забівалі й жыдоў. Другую ж палову вывезьлі ў лес на цяжкую працу. Там др. Грабінскі з праф. Вільчынскім спушчалі з пня тоўстыя сосны... Мы злажылі зразу ў гэбітскамісара гораду востры пратэст супроць самаволі лятувісаў. У хуткім часе др. Грабінскі й др. Грынкевіч былі звольненыя”.
Пасля заканчэння Віленскага універсітэта, Баляслаў Грабінскі працаваў доктарам-дантыстам, а таксама асістэнтам кафедры анатоміі медыцынскага факультэта універсітэта. Матэрыяльна быў нядрэнна забяспечаны. Таму шмат дапамагаў беларускім арганізацыям, найперш Беларускаму Навуковаму Таварыству, дзе быў намеснікам старшыні гэтага Таварыства. Шмат наш зямляк дапамагаў Беларускаму музею імя Івана Луцкевіча, фундаваў некаторыя беларускія выданні.
Летам 1944 года Баляслаў Грабінскі назаўсёды пакінуў Бацькаўшчыну і выехаў далёка на Захад. Ён жыў у Чыкага, а калі пайшоў на пенсію ў 1974 годзе, пераехаў у Фларыду (ЗША). За пяць гадоў сам пабудаваў сабе дом. І памёр ва ўзросце 92 гады.
На эміграцыі наш зямляк шмат працаваў, прымаў самы актыўны ўдзел у беларускіх справах. Ён быў сябрам Беларускай Народнай Рэспублікі, Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва, Беларуска-амерыканскага згуртавання. Часта друкаваўся на старонках часопіса беларускіх медыкаў на чужыне “Медэчная думка”, у газеце “Беларус”. Апублікаваў успаміны пра Станіслава Грынкевіча, пра апошні год жыцця Францішка Аляхновіча і шэраг іншых матэрыялаў.