Напісаў ліст у Таронта Раісе Жук-Грышкевіч. На днях атрымаў адказ. Спадарыня Раіса напісала: “Паважаны спадар Сяргей! Сёння атрымала Ваш ліст і адразу яго прачытала жонцы Алеся Грыцука – Вользе, якая жыве ў Кінгстан. Яна паведаміла, што “Бацькаўшчына” у Менску выдала ейную кнігу пра мужа Алеся Грыцука “Мы стваралі сваю Беларусь”. “Там , -- кажа, -- ўсё ёсць”, а таксама фотаздымкі. Яна Вам напіша. Дасылаю Вам свой артыкул на 30-я ўгодкі смерці Алеся Грыцука. Болей Вам нічога не змагу прыслаць, бо я цяжка хворая. Застаюся з найлепшымі пажаданнямі і пашанай – Раіса Жук-Грышкевіч. 18.07.2007”.
Праз пару дзён з Мінску наша слынная пісьменніца Вольга Іпатава перадала мне кнігу Вольгі Грыцук пра жыццё і дзейнасць Аляксея Грыцука, тую кнігу, пра якую мне згадала ў лісце Раіса Жук-Грышкевіч. Менавіта Вольга Іпатава была ўкладальніцай і літаратурным рэдактарам гэтага цікавага выдання.
Аляксей (Алесь) Грыцук нарадзіўся ў вёсцы Міхноўка Падляскага ваяводства на Беласточчыне ў 1910 годзе. У сям’і яго бацькоў было яшчэ тры браты і пяць сясцёр. Але Аляксею ўдалося скончыць Варшаўскі універсітэт.
Калі пачалася Другая сусветная вайна, прымаў удзел у абароне Варшавы, быў ранены, пасля трапіў у нямецкі палон. Адтуль уцёк і вярнуўся ў Ляўкова. Стаў кіраваць на Беласточчыне Школьным Інспектаратам. “Стаўшы акруговым школьным інспектарам Беластоцкай акругі, Аляксей Грыцук прысвяціў гэтай справе ўсю сваю энергію, нягледзячы на супраціў з боку польскіх настаўнікаў. Сярод паплечнікаў яго былі Хведар Ільяшэвіч, Уладзімір Тамашчык, які пазней стаў япіскапам Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) у Нью-Йорку Васілём”, -- згадвае ў кнізе Вольга Грыцук. У 1944 годзе Аляксей Грыцук выехаў на Захад, стаў асветным афіцэрам у Першым батальёне Беларускай Краёвай Абароны: выкладаў гісторыю для беларускіх вайскоўцаў. “Дарэчы, -- згадвае Вольга Грыцук, -- ягоны брат Коля таксама быў у Краёвай абароне, ён знік без вестак, будучы ў беларускім антыбальшавіцкім падполлі Родзькі-Гелды, і Аляксей вельмі цяжка перажываў гэтую страту”. Перад самым заканчэннем вайны спадар Грыцук трапіў у амерыканскі палон у Аўстрыі, але зноў адтуль уцёк і апынуўся ў Зальцбургу. Тут ён паспеў пазнаёміцца з украінскімі дзеячамі і наладзіў з імі супрацоўніцтва. А яны прынялі яго ў свае лагеры. Там ён аб’яднаў вакол сябе беларусаў і яны пачалі разам праводзіць сваё культурна-грамадскае жыццё. А таксама выдаваць часопіс “Пагоня” са старонкай “З беларускага жыцця”. “Пагоні” выйшла чатыры нумары, а “З беларускага жыцця” – 37 нумароў. Рэдагавалі іх Аляксей Грыцук, Алесь Салавей і Уладзімір Дудзіцкі.
У сваёй кнізе “Мы стваралі сваю Беларусь” Вольга Грыцук успамінае: “Быў Алесь мужны і бясстрашны чалавек, таму меў у лагеры вялікі аўтарытэт. Вось жа толькі адзін прыклад з тых часоў: у 1945-1946 гг., калі яшчэ не было ніякіх візаў на выезд з Аўстрыі ў іншыя краіны, ён хадзіў нелегальна цераз Альпы ў Нямеччыну, каб навязаць лучнасць з Радай БНР, якая ў той час знаходзілася ў Мюнхене. Кожны раз я моцна перажывала за яго, бо гэта было небяспечна і таму, што пераходзіць цераз гэтыя велічэзныя горы простаму чалавеку, не альпіністу, зусім няпроста, а яшчэ таму, што гэта было забаронена і наступствы маглі быць самыя цяжкія. Адтуль, з Нямеччыны, Алесь прыносіў розныя навіны і весткі аб адраджэнні беларускага жыцця, што для нас было вельмі важна”.
У студзені 1948 года Аляксей Грыцук выехаў у Канаду. Яго ўзялі ў гэтую краіну па кантракту, які трэба было адрабіць, працуючы год лесарубам. І Аляксей працаваў. Але разам з тым актыўна ўключыўся ў беларускія справы. У 1965-1967 і ў 1970-1972 гадах ён узначальваў Згуртаванне беларусаў Канады, шмат друкаваўся ў газеце “Беларускі эмігрант”. Дарэчы, у кнігу Вольгі Грыцук увайшлі артыкулы, эсэ, урыўкі з дысертацыі Аляксея Грыцука. Ён марыў абараніць доктарскую дысертацыю па жыцці і творчасці Максіма Багдановіча. У кнізе друкуюцца ўрыўкі з дысертацыі, абарона якой не адбылася. Назвы артыкулаў гучаць так : “Максім Багдановіч і станаўленне сучаснай беларускай літаратуры”, “Французскі сімвалізм і паэзія Максіма Багдановіча”.
Пра што яшчэ думаў тады і пісаў наш зямляк? Гартаю кнігу і чытаю ягоныя цікавыя матэрыялы, якія ён друкаваў у беларускім эміграцыйным друку. Гэта артыкулы пра Крэва, пра Гародню, пра Вялікае Княства Літоўскае, пра Цётку, якая “праклала далейшы шлях для развіцця беларускай літаратурнай мовы”, пра Францішка Скарыну, які “не толькі ўславіўся як першы друкар ва Ўсходняй Еўропе, але і як вялікі вучоны тагачаснасці. Ён быў наскрозь прасякнуты ідэямі гуманізму і пашыраў іх на сваёй Бацькаўшчыне Беларусі. Слава яго выйшла далёка па-за межы Беларусі”. Напісаў і пакінуў нашчадкам Аляксей Грыцук і сур’ёзнае даследаванне “Беларусь у Х-XII стагоддзях”. Даследаваў на эміграцыі наш зямляк і беларускі друк у Канадзе. Ён адзначае, што “на працягу дваццацігадовага існавання беларуская эміграцыя не стварыла вялікага спісу надрукаваных працаў, і для тлумачэння гэтага існуюць дзве прычыны. 1. Зусім нямногія з інтэлектуалаў абіраюць Канаду сталым месцам жыцця і 2. Вельмі абмежаваныя грашовыя рэсурсы”.