Сапраўды, Канада была не лепшым месцам для адукаваных эмігрантаў у 1948 годзе, асабліва для тых, хто меў гуманітарную адукацыю. Таму некаторыя з іх праз пэўны час эмігрыравалі ў ЗША. А тым, хто застаўся, давялося змагацца за працу, забываючы адукацыю і падрыхтоўку. Як згадваў Аляксей Грыцук, усведамляючы гэта, беларусы Канады звычайна злучалі свае намаганні з беларусамі ў ЗША.
Цікавым дакументам, які надрукаваны ў кнізе, з’яўляецца “Рэляцыя Алеся Грыцука, кіраўніка галоўнага Школьнага Інспектарату па Беластоцкай акрузе ў 1943-1944 гг.”. Дарэчы, яна друкавалася ў “Беларускім гістарычным зборніку”(рыхтаваў Вячаслаў Харужы) у 1999 годзе (№ 11). “Да 1943 года існавала на Беласточчыне прыблізна 20 школаў. 95 школаў пачало працу ў верасні 1943 года. У канцы траўня 1944 года канчала школьны год каля 115 школаў з 140 настаўнікамі. Галоўны Школьны Інспектарат не быў у сілах пакрыць усе запатрабаванні на адкрыццё новых школаў з прычыны браку людзей. Я не ведаю, якія раёны абнімае цяперашні Сакольскі павет, але там школы не было. Там справа пагоршылася, калі Міхась Васілёк перайшоў у партызаны. Адтуль была заява на школу ў 1944 годзе, але не было настаўніка”, -- згадвае Аляксей Грыцук.
Жывучы ў Канадзе, наш зямляк ведаў, апроч роднай мовы, рускую, нямецкую, польскую, украінскую, французскую і ангельскую. Аднойчы ў пошуках лепшай працы, ён прыехаў у горад Кінгстан, дзе ў мясцовым Квінс-універсітэце яму прапанавалі добрую працу. А ў 1966 годзе сюды ён перавёз усю сваю сям’ю. Працуючы ва універсітэце і маючы нядрэнны заробак, у 1970 годзе Грыцукі пабудавалі ў Кінгстане сабе новы дом і справілі наваселле. Хто толькі тут не пабываў! У іх гасцілі Жук-Грышкевічы, Вітаўт Тумаш, Наталля Арсеннева, Рагулі, Сурвіллы, Сажычы, Ганькі, Касцюкевічы, Пашкевічы, ды амаль усе прадстаўнікі беларускай эміграцыі ў Канадзе і ў ЗША.
З 1951 года Аляксей Грыцук быў то скарбнікам, то сябрам, а то і старшынёй сектару Рады БНР у Канадзе. Вельмі часта выступаў на розных навуковых канферэнцыях, сустрэчах, фестывалях, секцыях. Найперш гэтыя выступленні былі звязаныя з гісторыя Беларусі, яе знакамітымі людзьмі і датамі. Ён шмат з кім перапісваўся. Некаторыя пісьмы да Аляксея Грыцука і яго лісты апублікавныя ў кнізе. Гэта лісты ад Алеся Салаўя, Янкі Юхнаўца, Янкі Станкевіча, Міколы Абрамчыка, Сяргея Хмары, Янкі Запрудніка, Кастуся Мярляка і іншых беларускіх дзеячаў на эміграцыі.
Аляксей Грыцук пражыў 66 гадоў, яго не стала 30 траўня 1976 года. Кніга жонкі Вольгі Грыцук “Мы стваралі сваю Беларусь” – гэта спроба аднавіць памяць пра нашага слыннага суайчынніка. У кнізе надрукаваны і ўспаміны пра Аляксея Грыцука. Вось некаторыя вытрымкі з гэтых успамінаў. Івонка Сурвілла: “Алесь Грыцук ад самага пачатку выгнання ўзяўся за працу. Яшчэ ў Аўстрыі здабыў сабе і адначасна Беларусі мноства прыяцеляў. Атрымлівалася гэта ў яго лёгка. Вечная ўсмешка, ветлівасць, энтузіязм – прыцягвалі як магніт”. Яўген Кабатц: “Дзядзька Алёша – гэта выключная постаць у маёй памяці. Памятаю вакацыі 1943 года ў Нараўцы. Дзядзька Алёша быў спакойны, калі з’явіўся немец з планам ліквідацыі вёскі Плянта, да якой быў прыпісаны дзедаў двор. Дзядзька Алёша адразу растлумачыў немцу, што тэрыторыя, на якой знаходзіцца дом, гэта не вёска Плянта, а толькі пасёлак Плянта – гэта частка за чыгуначнымі пуцямі, што, на шчасце, была адзначана на карце. Немец скрупулёзна праверыў, развітаўся і сышоў, адчуваючы пад пахамі прыемныя формы бутэлек з самагонам”. Марыя Ганько: “ Аляксея любілі ўсе. Ён быў сапраўдным рухавіком усіх працэсаў, якія адбываліся ў самыя першыя гады ў Згуртаванні беларусаў Канады”. Барыс Аляксандрыў: “Аптымізм і ветлівасць, любоў да ўсяго прыгожага – былі прыкметнымі ўласцівасцямі гэтага вечнага эпікурэйца. Ад яго болей, чымся з кніжак, даведваліся мы пра непараўнаных паэтаў-рамантыкаў Максіма Багдановіча, Наталлю Арсенневу, Масея Сяднёва, Максіма Танка. Былі ў яго ўлюбёныя паэты і ўлюбёная паэзія, якую ён часта дэкламаваў”. Раіса Жук-Грышкевіч: “Алесь Грыцук – прыстойны, ветлівы, зраўнаважаны інтэлігент. Цяжка ўявіць сабе, каб ён калі каголечы не толькі скрыўдзіў, але нават каб зрабіў словам ці ўчынкам камусь прыкрасць... У грамадскім жыцці падчас гарачых дыскусій ён ніколі не падымаў голасу. Любіў Алесь прыгаство, і Бог надарыў яго прыгожай жонкай Вольгай і дачкой Юльянай”.