У гэты час у Беластоку кіпела беларускае жыццё. Хведар Ільяшэвіч, Масей Сяднёў і Уладзімір Тамашчык стварылі тут Беларускі камітэт (Масей Сяднёў у сваёй “Масеевай кнізе”(Мінск, 1994) назвае гэты камітэт Беларускім аб’яднаннем у Беластоку). Хлопцы наладзілі выпуск газеты “Новая дарога”. Да іх далучаецца сваёй культурна-асветнаю справай і Кастусь Кіслы. Ён аднавіў свой хор, актыўна выступае з канцэртамі. Разам з хорам паказвае сваё майстэрства і танцавальны калектыў, таму хутка Кіслы арганізоўвае цэлы ансамбль беларускай песні і танца, які выступае не толькі ў Беластоку, але і па ўсёй Беласточчыне.
У чэрвені 1944 года Кастусь Кісель пакінуў Беласточчыну і выехаў у Германію, а праз некалькі гадоў пераехаў жыць у Бельгію. Жылося там нялёгка, ды і працавалася ў шахце яшчэ цяжэй. У 1953 годзе ў Лювэне памірае беларускі кампазітар і хормайстар Мікола Равенскі, які кіраваў тут студэнцкім ансамблем беларускай песні і танца. Для беларускай моладзі ў Бельгіі гэта была вялікая страта. А таксама праблема: хто зможа замяніць таленавітага Міколу Равенскага? І на дапамогу прыйшоў Кастусь Кіслы. “Пачынаць трэба было ад найгалаўнейшага для хору – ад дырыгента, -- піша ў сваёй кнізе “Дванаццатка” (Нью Ёрк, 2002) Янка Запруднік. – З гэтым, на шчасьце, справа выглядала не безнадзейна: із сп. Кіслым (Кастусь) мы ўжо працавалі кавалак часу; дырыгент ён дасьведчаны (кіраўнік беларускага хору ў Беластоку падчас нямецкай акупацыі), і галоўна, што зь Льежу ў Лювэн і візы ня трэба, і цягнікі спраўна ходзяць. Спадар Кіслы ахвотна згадзіўся прыяжджаць на суботы й нядзелі ў Лювэн, цяжка адпрацаваўшы тыдзень у вуглякапальні, каб адразу ж пачаць рэпэтыцыі. Зь ім прыяжджала й прыгожая спадарыня Крутуль (Ірэна) для дапамогі ў танцах і ў песьні “Калыханка”.
Кастусь Кіслы вельмі шчыра і шмат працаваў з ансамблем, папулярызаваў беларускую песню ў Еўропе. Выступаў з канцэртамі ў Лондане, Кёльне, Бруселі, Боне, Парыжы. Янка Запруднік 21 красавіка 1954 года пісаў з Лювэну да Алеся Карповіча: “Мы падскочылі былі адзінаццатага гэтага месяца ў Парыж (у складзе: Кіслы і 9 харыстых – “Лятучая каманда”) на міжнародны канцэрт, ладжаны Інтэрнацыянальнай Камбатанцкай Арганізацыяй народаў Сярэдняе Эўропы. Дзеля нястачы часу мусілі абмежавацца чатырмя песьнямі: “Партызанскі марш”, “Полька Янка”, “Паласа” й “Пагоня”. Пайшло добра: у праграме былі адзіныя мы , што давалі вакальныя нумары” (Янка Запруднік. Дванаццатка. Нью-Ёрк, 2002. С.433).
З траўня 1956 года Кастусь Кіслы жыў у Кліўлендзе (ЗША). Тут таксама не стаяў убаку ад беларускіх справаў. Ён кіраваў хорам моладзі у Кліўлендзе, іншымі свецкімі і царкоўнымі калектывамі . Пад яго кіраўніцтвам беларускі хор моладзі быў ператвораны ў жаночы ансамбль “Васількі”. Кастусь Кіслы напісаў дзесяткі твораў царкоўнага ўжытку, выкарыстоўваючы ў сваёй творчасці багатыя традыцыі беларускай царкоўнай музыкі. Ён умела кампанаваў царкоўную музыку, выдаў нават музычны зборнік “Вялікдзень”.
На працягу некалькі апошніх гадоў свайго жыцця наш зямляк моцна хварэў. У канцы 1979 года з ЗША яго забрала дачка і прывязла ў Беласток, дзе 8 студзеня 1980 года Кастуся Кіслага не стала. Яго пахавалі на праваслаўных могілках у Беластоку-Выгодзе. Знайсці дачку Кастуся Кіслага ў Беластоку аўтару гэтых радкоў не ўдалося. Можа выпадкова трапіць мой артыкул спадарыні Кіслай і яна адгукнецца, і раскажа нам больш пра свайго таленавітага бацьку.
Па інфармацыі Барыса Данілюка, пляменнікі Кастуся Кіслага (дзеці Аляксандра Кіслага) жылі ў Аўстраліі. А ўнукі працавалі ў Новай Зеландыі. Такі лёс беларуса Кастуся Кіслага, яго братоў, дзяцей, пляменнікаў і ўнукаў.
2008
Галіна Кіслая ўспамінае бацьку
Сёлета 27 студзеня ў тыднёвіку “Ніва” (Беласток) быў апублікаваны мой матэрыял, які называўся “Дырыжор і кампазітар Кастусь Кіслы”. У ім я згадаў пра праваслаўнага і культурна-грамадскага дзеяча беларускага замежжа, рэлігійнага музыкаведа і кампазітара, дырыжора царкоўных і свецкіх хораў Кастуся Кіслага (1898-1980). Пасля публікацыі, у рэдакцыю “Нівы” патэлефанавалі чытачы і сказалі, што дачка Кастуся Кіслага — Галіна Кіслая жыве ў Беластоку і рэгулярна наведвае царкоўны хор, які дзейнічае пры праваслаўным саборы святога Мікалая. З дапамогай беларусаў Беластока мне ўдалося адшукаць спадарыню Галіну, дамовіцца аб сустрэчы і зрабіць з ёй інтэрв’ю.
— Спадарыня Галіна, вялікі дзякуй, што Вы пагадзіліся са мной сустрэцца і пагутарыць пра лёс Вашах сваякоў, а таксама пра Вашага бацьку — слыннага беларуса Кастуся Кіслага. Пры напісанні артыкула я меў мала звестак пра Вашага бацьку, можа Вы дапаможаце сёе-тое згадаць і ўдакладніць.