Выбрать главу

— А ці маеце ў сваім хатнім архіве музычны зборнічак Вашага бацькі, які называецца “Вялікдзень”?

— Не, не маю. Толькі ёсць фотаздымкі, хаця і на фотаздымках я не ўсіх ведаю, дый і многіх не памятаю.

— А што сёння часцей за ўсё згадваецца, аб чым думаецца?

— Хочацца яшчэ трохі пажыць. А душу я сваю лячу царквою, калі прыходжу туды на богаслужэнні і ў царкоўны хор. Хаця, шчыра скажу, старому чалавеку жыць ужо сумна.

2008

Васіль Сакалоўскі

Імя Маршала Савецкага Саюза і Героя Савецкага Саюза Васіля Сакалоўскага на Беласточчыне незаслужана забыта. Ды і хто з беларускай моладзі пра яго наогул сёння што ведае? Практычна нічога. Тым не менш беларус Васіль Сакалоўскі заслужыў памяці ў сваіх нашчадкаў, пра яго мы ўсё ж павінны памятаць. Ды і не ўсім у той час давалі званні герояў і маршалаў. Хаця не ўсё так гладка складвалася і ў вайскоўца-беларуса, як пра гэта пісалі ў свой час савецкая прэса і кнігі.

Васіль Сакалоўскі нарадзіўся ў вёсцы Козлікі Заблудаўскай воласці Беластоцкага павета ў 1897 годзе ў сям’і беларускага селяніна-бедняка. Спачатку дома скончыў двухкласную настаўніцкую школу і пэўны час працаваў настаўнікам у вясковай школе. Калі пачалася Першая сусветная вайна сям’я Сакалоўскіх выехала ў бежанства ў Пскоўскую вобласць Расіі.

У 1918 годзе Васіль Сакалоўскі пасля заканчэння настаўніцкай семінарыі марыў працаваць настаўнікам, але ў Расіі адбыўся кастрычніцкі пераварот і, каб не памерці з голаду, юнак дабраахвотнікам уступіў у Чырвоную Армію і быў накіраваны на першыя Маскоўскія ваенна-інструктарскія курсы. Пасля курсаў зноў працягваў вучобу ў Акадэміі Генеральнага Штаба. І, вядома ж, ваяваў. Спачатку на Усходнім фронце, пасля на Каўказкім, дзе быў прызначаны начальнікам штаба Трыццаць другой стралковай дывізіі. Дывізія гэта ўстанаўлівала савецкую ўладу ў Азербайджане і ў Дагестане.

У 1924 годзе Васіль Сакалоўскі пераводзіцца ў Маскоўскую ваенную акругу і прызначаецца на пасаду начальніка штаба стралковай дывізіі. Свае службовыя абавязкі Сакалоўскі выконвае паспяхова і праз два гады становіцца начальнікам штаба корпуса спачатку ў Паўночна-Каўказскай , а затым Беларускай ваеннай акругі. На гэтых пасадах наш зямляк працаваў да 1930 года з невялікімі перапынкамі для вучобы на вышэйшых акадэмічных курсах. Затым Васіля Сакалоўскага пераводзяць на камандную работу, дзе на працягу пяці гадоў ён паспяхова камандуе стралковай дывізіяй Беларускай ваеннай акругі.

Калі пачалася вайна Васіль Сакалоўскі працаваў на пасадзе намесніка начальніка Генеральнага штаба па арганізацыйна-мабілізацыйных пытаннях савецкіх войскаў. Але ў ліпені 1941 года яго прызначаюць начальнікам штаба Заходняга фронту, войскі якога прыкрывалі найбольш важныя і небяспечныя стратэгічныя раёны першага перыяду вайны.

Талент Васіля Сакалоўскага, як выдатнага военачальніка, праявіўся ў бітве пад Масквою. А ў 1942 годзе яму было прысвоена званне генерал-палкоўнік.

У лютым 1943 года генерал-палкоўнік Сакалоўскі быў зацверджаны на пасаду камандуючага войскамі Заходняга фронту. На працягу лютага і сакавіка Заходні фронт пад яго камандаваннем паспяхова правёў аперацыю па ліквідацыі Ржэўска-Вяземскага плацдарма нямецка-фашысцкіх войскаў. А летам войскі Заходняга фронту пад камандаваннем Васіля Сакалоўскага (ужо генерала арміі) выдатна правялі яшчэ дзве аперацыі – Арлоўскую ва ўзаемадзеянні з Бранскім і Цэнтральным фронтамі і Смаленскую ва ўзаемадзеянні з Калінінскім фронтам. Салдаты яго фронту вызвалілі Смаленшчыну, пасля Віцебск і іншыя гарады Беларусі.

У 1944 годзе наш зямляк займаў пасаду начальніка штаба Першага Украінскага фронту, а пасля быў намеснікам камандуючага войскамі Першага Беларускага фронту. Яго салдаты вызвалялі родную Беларусь, Украіну, Польшчу, прымалі ўдзел у падрыхтоўцы Берлінскай аперацыі. У 1945 годзе Васіль Сакалоўскі атрымаў Героя Савецкага Саюза, а праз год яму было прысвоена званне Маршала Савецкага Саюза.

У пасляваенныя гады маршал Васіль Сакалоўскі быў прызначаны галоўнакамандуючым групай савецкіх войск у Германіі і галоўнакамандуючым савецкай ваеннай адміністрацыі ў Германіі.

Пасля працаваў намеснікам міністра абароны СССР, быў генеральным інспектарам Групы генеральных інспектараў Міністэрства абароны СССР.

У апошнія гады свайго жыцця ( памёр у 1968 годзе) Васіль Сакалоўскі шмат працаваў над развіццём савецкай ваеннай тэорыі, галоўным чынам у галіне стратэгіі, а таксама гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Ён часта выступаў у друку, пад яго кіраўніцтвам былі распрацаваны кнігі «Ваенная стратэгія», «Разгром нямецка-фашысцкіх войскаў пад Масквою» і іншыя. Плённа працаваў наш зямляк і пры напісанні шасцітомнай гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза.