Выбрать главу

-- А ці гулялі вы з Максімам Багдановічам па Менску? – запытаўся я ў Зоські Верас.

-- Часта гулялі вечарамі па вулках Менску, -- адказала Людвіка Антонаўна.

-- А ці цалаваліся з Максімам Багдановічам? – зноў дапытліва спытаўся ў яе.

Зоська Верас усміхнулася, а пасля адказала: “Не. Але я была б і не супраць, ды Максім Багдановіч быў шчыры і сур’ёзны хлопец. Ён ведаў, што хворы на сухоты, таму не хацеў, каб ад яго перадалася гэта хвароба камусьці іншаму”.

А пасля Людвіка Антонаўна раздавала аўтографы. Праўда, кніжак яе ў настаўнікаў не было, таму аўтографы яна ставіла ў сшыткі і блакноцікі. А калі я назваў сваё прозвішча, ад чаго мне было прыемна і здзівіла ўсіх прысутных, яна сказала: "А-а-а, Сяргейка, а я завочна ведаю цябе, чытала твае творы ў беларускай прэсе...". Яна адчыніла шуфлядку, дастала адтуль сваю кніжачку "Каласкі" і падпісала: "Паважанаму Сяргею Чыгрыну на памятку сустрэчы. Вільня. 24.09.1987г. Зоська Верас"...

Пра Зоську Верас я згадаў невыпаткова. Справа ў тым, што дзяцінства яе цесна звязана з Беласточчынай. У сваёй аўтабіяграфіі яна згадвае: “Радзiлася я 30 верасьня 1892 году ў мястэчку Мяджыбаж памiж двума Бугамi-рэкамi Падольскай губернi Лятычаўскага павету, г. зн. на Украiне, у сям'i вайсковага. Бацька мой, Антон Сiвiцкi, паходзiў з Гродна, мацi, Мiлiя з Садоўскiх, з Сакольскага павету, дзе яе бацькi мелi невялiкi фальварак Альхоўнiкi. Ад наймалодшых гадоў кожнае лета я з маткай праводзiла ў Сакольшчыне, наведваючы часта i дзядоў у Гродне. Хоць удома гаварылi па-польску, бацька мой палякам сябе не лiчыў. Лiчыў сабе ''лiтвiном'', у тым значэннi, як Адам Мiцкевiч лiчыў сваю бацькаўшчыну Лiтвой.

З улюбёнымi паэтамi бацькi А.Мiцкевiчам i У.Саркомляй я пазнаёмiлася маючы 10 гадоў. Тады, помню, седзячы на сходках ганку, чытала ''Пана Тадэвуша''. У гэтым самым часе бацьку на iмянiны навучылася вынятак твору У.Сыракомлi "Ob murpwanie Wilna" (дванаццаць старонак друку). Агульнага назову твора не помню.

Паэзiя, знаёмства з прыродай, туга па роднай Гродзеншчыне... усё гэта ўзгадавалi ў маёй душы бацькi. Маючы 9-10 гадоў пачала пiсаць апавяданнi i вершы... наiўныя, дзяцiнныя. Першапачаткова бацькi вучылi мяне самi. Усяго, з музыкай уключна. Толькi ў 1904 годзе мацi выехала са мной у Кiеў, дзе я паступiла ў прыватную гандлёвую школу. Вось тады ўжо ў школе зарадзiлася ў мяне зацiкаўленьне лiтаратурай i батанiкай.

У 1906 годзе летам першы раз трапiлi мне ў рукi ''Наша Нiва'', "Дудка беларуская" i "Смык".

Насколькi яны мяне ўразiлi i спадабалiся, вiдаць з таго, што ў клясовай працы з польскай мовы "Charakterystyka Litvy" я старалася выяснiць рознiцу мiж лiтвiнамi i беларусамi i праводзiла як доказ асобнай беларускай мовы "Нашу Нiву", "Дудку" i "Смык". Разумеецца, зроблена гэта было па-дзiцячаму. А ўсё ж...

На жаль, навука ў гэтай школе, якая пакiнула ў маёй псіхiцы немалы след, нечакана абарвалася. У 1907 годзе ў лiстападзе памёр раптоўна мой бацька. Аставацца надалей у Кiеве нам з мацi не хацелася. Цягнула да сваiх. Я скончыла вясной 1908 годзе чацвёртую клясу i мы выехалi ў Гродзеншчыну. У 1909 годзе ў восенi я стала на тую сцежку, па якой iшла праз ўсё дальнейшае жыццё. Менавiта ў восенi 1909 году арганiзаваўся "Гарадзенскi Гурток Беларускай Моладзi". Адразу на арганiзацыйным сходзе мяне выбралi бiблiятэкарам гуртка. З гэтай прычыны завязалася карэспандэнцыя з Вiленскай Беларускай Кнiгарняй, рэдакцыяй "Наша Нiва", суполкай "Загляне сонца i ў наша ваконца", а пазней i асабiстае знаёмства з вiленскiмi беларусамi.

У 1912 годзе я скончыла гiмназiю, а ў 1913 выехала ў Варшаву на 10-месячныя курсы "Агароднiцтва, садаўнiцтва i пчалярства". Узяцца за даўжэйшую i салiднейшую навуку не пазваляла здароўе.

Яшчэ ў 1912-13 гадах я пачала складаць "Батанiчны зельнiк", ставячы на першае месца назовы расьлiн у беларускай мове. Падчас вайны (першай сусьветнай) зельнiк прапаў, але запiсаныя назовы засталiся.

Скончыўшы курсы 1-га лiпня 1914 году, я атрымала пасьведчаньне "аб'яздовага iнструктара" i мела намер адбыць яшчэ хоць бы аднагадовую практыку. Але пачалася Першая сусьветная вайна. Выехаць нiкуды не змагла i практыку адбывала ў свайго дзеда, замiлаванага садаўнiка i пчаляра. Ён, памiж iншым, вучыўся пчалярства ў Варшаве ў пчаляра Лявiцкага, якога iменем названы рамовы вулей яго ж канструкцыi.

У вольны час далей запiсывала назовы расьлiн, да таго песьнi, загадкi, прыпеўкi.

У 1918 годзе пад восень вярнулася ў Горадзеншчыну. Пяць гадоў пражыла ў дзедаўскiм фальварку (дзеда ўжо не было) Альхоўнiках...”.