Выбрать главу

Асноўная тэматыка твораў Уладзіміра Мацюка (рэльеф, круглая скульптура) – гэта гісторыя беларускага народа, яго сялянская праца, да якой мастак быў бліжэй і добра ведаў. Сама скульптурная прапрацоўка формы ў работах Уладзіміра Мацюка вылучаецца мноствам дробных парэзаў, якія дапамагалі мастаку выявіць пластыку фігур.

Сярод твораў гэтага таленавітага чалавека, якія захаваліся ў розных музеях, вядомы такія, як напрыклад – “Араты” (1940 г.), “З данясеннем” (1945 г.), “Дудар”, “Тры пакаленні ў барацьбе за Радзіму” (абодва ў 1954 г.), “Скончаны працоўны дзень”, “Начлег”, “Жанчына з граблямі”, “Жывёлавод”, “Стары на прызбе” (усе 1950-я гады) і многія іншыя працы Уладзіміра Мацюка.

Гэтая невялікая нататка няхай нагадае пра нашага земляка. А раптам нехта яго ўспомніць, а можа ў кагосьці і на Беласточчыне зберагліся яго мастацкія творы з дрэва.

2007

Пра айца Яўгена Віхрова і Клаўдзю Бяляеву

У беластоцкім “Czasopise” (2007, № 7-8) быў змешчаны артыкул Марыюша Андрайчука (Mariusz Andrejczuk) “Cerkiew pod lupa bezpieki”. Гэты артыкул узяты з магістарскай працы “Касцёл праваслаўны на тэрыторыі беластоцкага ваяводства ў 1944-1956 гадах”, якая была абаронена аўтарам ў 2005 годзе ў Беластоцкім універсітэце пад кіраўніцтвам прафесара Антона Мірановіча.

У часопісным артыкуле Марыюш Андрайчук згадвае айца Яўгена Віхрова і Клаўдзю Бяляеву. Каб дапоўніць гэты цікавы артыкул, хачу згадаць невялікі, але дужа каштоўны ўспамін пра гэтых людзей майго земляка са Слонімшчыны Барыса Данілюка, які цяпер пражывае ў ЗША. Спадар Данілюк нядаўна мне прыслаў фотаздымкі Віхрова і Бяляевай і згадку пра іх: “У мяне захаваліся здымкі а. Яўгена (на жаль пашкоджаны) і ягонае гаспадыні Бяляевай. Я палічыў, што можа яны табе, Сяргей, прыдадуцца калі”. І, сапраўды, прыдаліся. Далей спадар Барыс Данілюк прыпомніў, што яго бацька Хведар Данілюк і а.Яўген Віхроў былі знаёмыя яшчэ да пачатку Першай сусветнай вайны. У 1931 годзе сям’я Данілюкоў пераехала ў вёску Парэчча Слонімскага павета, а. Яўген у той час працаваў у вёсцы Мяльканавічы. Тады паміж імі завязалася вялікае сяброўства. “Мы два ці тры разы ездзілі ў Мяльканавічы на фэсты і некалькі разоў проста так наведвалі а.Яўгена Віхрова, каб пагутарыць. Час ад часу сустракаліся таксама, калі ездзілі ў Слонім па закупы й затрымліваліся ў “папоўскай” альбо ў “Варшаўскай” гасцёўні ў жыда, якога дражнілі “сучкай”. Айцец Яўген быў удавец і меў, здаецца, толькі аднаго дарослага сына, якому пашчасціла сярод амаль суцэльнага безрабоцця ў Польшчы ў тую пару, уладкавацца на службу паліцыянтам у Варшаве. Для хатняе гаспадаркі а. Яўген трымаў хатнюю гаспадыню Клаўдзю Бяляеву, з якою пасябравала мая маці”, -- успамінае Барыс Данілюк.

У 1934 годзе палякі пачалі сачыць за а. Яўгенам і пасля 1935 года ў Слоніме яго ніхто з Данілюкоў не сустракаў. “Паверыць, што Яўген Віхроў зрабіў нейкія злачынствы падчас нямецкага займа, пэўна ж немагчыма. Што да ягонага выезду ва Ўсходнюю Прусію ўлетку 1944 года, дык мне круціцца ў галаве хісткі згад, што ён спярша рушыў некуды далей у Нямеччыну, адкуль яго перавязлі ў лагер для праваслаўнага духавенства ў Kustrin, на ўсход ад Берліна, які неўзабаве захапілі савецкія войскі. Ехаць у той лагер прапанавалі і майму бацьку з усёй сям’ёй, але мы цвёрда вырашылі ехаць на паўднёвы захад Нямеччыны, таму катэгарычна адмовіліся”, -- згадвае спадар Данілюк.

Больш нічога успомніць пра праваслаўнага святара Яўгена Віхрова і Клаўдзю Бяляеву ён не змог. Спадар Данілюк таксама даслаў і фотаздымкі Віхровай і Бяляевай, якія былі зробленыя ў 1932 годзе.

2007

Піліп Пестрак і Беласточчына

Адзін з папулярных паэтаў і празаікаў былой Заходняй Беларусі Піліп Пестрак (1903-1978) сёння ў Беларусі амаль забыты. А гэта быў таленавіты пісьменнік, мужны і вясёлы чалавек. Ён быў заслужаным дзеячам культуры Беларусі, а ў 1964 годзе за раман “Серадзібор” атрымаў рэспубліканскую Дзяржаўную прэмію імя Якуба Коласа. А яшчэ Піліп Пестрак напісаў і выдаў шмат кніг паэзіі, прозы, раман “Сустрэнемся на барыкадах”, паэму “Слова пра Мінск”. Дарэчы, ці не адзіны гэта быў беларускі літаратар, які пры жыцці тады выдаў свой збор твораў у 4-х тамах.