Выбрать главу

— Ну дык за ваша здароўе, — запрапанаваў Антось.

— Вы думаеце, што тут нiдзе камунiстаў ужо няма? — выпiўшы самагонку, вярнуўся да спыненай тэмы Левандоўскi.

— Чорт iх ведаiць, — адказаў Дзяркач. — Можа дзе ў якiя дзiркi й пазалазiлi. Вам лепi пра iх ведаць. Мне толька плуг ды каса, а палiтыка мне, як кабыле пятая нага.

Левандоўскi спасьцярог, што на гэну тэму нiчога ад Антося больш не даведаешся й таму да яе не вяртаўся. Выходзячы з хаты, паны начальнiкi ветлiва дзякавалi гаспадынi за пачастунак. Антось стаяў ля вакна й прыглядаўся засьнежанай дарозе аж пакуль брычка за паваротам зьнiкла.

— А ўсё-ж цiкава, хто таго Бжончка забiў, - сказала Нiна, крыжуючы ваўняную нiтку ў пяце шкарпэткi й ня гледзячы на Антося. I Антось удзячны быў ей, што блiзка i ўважна ў вочы яму ня зiрнула, бо магла-б там штосьцi непажаданае спасьцярэгчы.

— Так, цiкава, — адказаў Дзяркач.

Ён выйшаў на двор. За бальшаком, ля школы чуваць былi дзiцячыя звонкiя галасы. Вiдаць, што дзецi кончылi заняткi. Вучыла iх старая Плясьневiчыха, удава нейкага польскага ўраднiка. Як вучыла! Даўно трэба было-б свайго настаўнiка, каб гэта недалуга дзяцей не калечыла.

19

Хваля апэрацыi «Барбароса», што летам хлынула з захаднiх «сьвяшчэнных» межаў калянiяльнае iмпэрыi на ўсход i якую мела ўстрымаць абсьпяваная i ў песьнях нiколi няпераможаная Чырвоная Армiя, нястрымным iмклiвым iмпэтам разьлiлася па аграмадных раўнiнных прасторах ад Чорнага мора да Мурманску. Хуткасьцi хвалi, як тады выглядала, ня будзе супыну. Калiшнi Банапарт, што iз сваей Гранд Армэ спаласаваў Беларусь у паходзе на Маскву, такой сiле пазайздросьцiў-бы.

Хваля кацiлася i паветрам, i галоўнымi ды меншымi, утоптанымi цi ўежджанымi шляхамi. У сваiм магутным iмкненьнi ў Беларусi яна выпаласкала ўсю зямлю апроч вялiкiх лясных масiваў. А пазьнейшыя падчышчальныя апэрацыi, што сiтам мелi прасеяць-вычысьцiць занятыя землi, у васноўным не закранулi занесеных нетраў краiны. У вярхоўях Бярозы-ракi, узяўшы з Захаду ад Докшыц, праз Бягомельшчыну, Вушаччыну, Лепельшчыну й Лагойшчыну, мятла акупанта адно пабэрсалася па акраiнах пушчаў. На вялiкай залесенай прасторы, калi-б яны наважылi сядзець цiха, маглi-б скрыцца большыя вайсковыя адзiнкi. У запраўднасьцi-ж ваенны хаос прытулiў гэтта малыя групы ваенных недабiткаў, якiх, зважыўшы асаблiвыя акалiчнасьцi поўнага разгрому бальшавiцкiх сiлаў, нельга навет было назваць дэзэртырамi. Завязваныя пераможцамi ў паходзе на ўсход мяшкi як мага хутка лiквiдавалiся, але залесенасьць ня спрыяла поўнаму ачышчэньню занятых земляў.

Тое, што высьлiзнула зь мяшкоў i пасьля ўцякло спад мятлы, зашывалася ў глыбiнях пушчаў. Ашаломленае магутным ударам, паадзiнотна й невялiкiмi групамi трываючы, яно залiзвала сьвежыя раны. Будучыня — цьма, а цяпершчына дакучала патрэбай палагоджаньня звычайных цялесных патрэбаў. З гэтай простай прычыны прысутнасьць ваенных недабiткаў насамперш адчулi мясцовыя сяляне. Прыгоньнiкi зьненавiджанага й кагадзе зьлiквiдаванага ладу працiралi вочы, выпроствалi сагнутыя дагэтуль сьпiны, аглядалi свае цяпер запраўды ўласныя нiвы. Трывала й дужэла «новым парадкам» народжанае спадзяваньне.

«Беларусы! Вас чакае зямля!»

Дачакалiся. Адыйшла ў нябыт зьненавiджаная й праклятая, мiлiёны найлепшысх сялян на глум у Сiбiр загнаўшая, калгасная брыда. Новы гаспадар, хай характарам ня менш дзярлiвы й нажывы прагны чымся ад веку зьненавiджаны Маскаль, тымчасам зубоў яшчэ не ашчэрыў.

Прысутнасьць у лясох чужых людзей, што часта прасiлi цi дамагалiся хлеба, тымчасам ня выклiкала трывогi ў гэтай, зь няпамятных часоў гасьцiннай краiне. Пакiнь селянiна ў супакоi й калi ўсё ўляжыцца-утаўчэцца, калi будуць да працы рукi, усiм хлеба й да хлеба хопiць. Абы не папялiлi дабра ваенныя пажары, абы далей адсюль тую хвалю-навалу, глум i сьмерць.

Лясныя людзi, загаiўшы раны, пачалi разглядацца, пасьмялелi, вылазiлi з зашытых у гушчарах бярлогаў i нораў, абiвалi парогi навакольных сялянскiх гасподаў. Неўзабаве просьбы зьмянiлiся дамаганьнямi й рабункамi.

— Бандыты грабяць! — з трывогай паўтаралi пад сялянскiмi стрэхамi людзi. I ўжо пазьней слова «бандыты» ператварылася ў «партызаны».

Нiколi ня перастане трывожыць гiсторыкаў пытаньне: як павярнулася-б на ўсходзе вайна, калi-б Гiтлер палюдзку абыходзiўся з палоннымi? Запраўды, што было-б? Адно ведама, што сталася. Вялiкi абоз ваеннапалонных у Бярэзьвiчах, ведамы пасьля як «лягер сьмерцi», стаяў гэтта-ж усiм на вачох. Людзей марылi голадам, холадам i хваробамi пад адкрытым небам. Ды было-б поўбяды, каб неба гэнае, як прывыклi казаць, было голае. Дык-жа не. Зь яго часта падаў дождж цi сьнег. Даведзеныя да адчаю людзi рвалiся на калючыя драты пад кулямi варты, амаль пагалоўна гiнулi, а шчасьлiвыя адзiнкi, што пасьля траплялi ў лясы, апавядалi розныя жахi пра людаедзтва й суцэльны мор. Нялюдзкасьць сваю акупант як-бы наўмысна, паказваў штодзённа i ўсюды. Жахлiвае рашчараваньне «новым парадкам» дыханьне адбiрала.

Зь меншых мястэчак Жыдоў зганялi ў Глыбокае, дзе ў заходняй частцы гораду стварылi «гетто». Людзей гэтых, што апынулiся паза правамi, мясцамi лiквiдавалi меншымi групамi, але пра лёс iхны ў рамках «канчальнае разьвязкi жыдоўскага пытаньня» мясцовыя жыхары не маглi нiчога ведаць. Жыдоўскiх рамесьнiкаў ганялi на працу ў мясцовых прадпрыемствах, што абслугоўвалi й забясьпечвалi акупацыйны апарат i ўзбагачалi Райх.

Зусiм накш павялося Цыганом, якiх лавiлi, адразу забiвалi як непрадуктыўны элемэнт. Гэтак ужо першай восеньню пад новай уладай былi лiквiдаваныя некаторыя банды Цыганоў, а апавяданьнi пра нялюдзкi спосаб iхнае лiквiдацыi кружылi па краiне.

Бiтва пад Масквой пахiснула мiт пра няпераможнасьць Нямеччыны. Гэтага хапiла чырвоным, каб пусьцiць у рух iншыя, дагэтуль нявыкарыстаныя ў вайне сiлы. Людзi ў лясох паднялi галаву, сквапна лавiлi ў радыёпрыёмнiках натхнёныя галасы зь «вялiкай зямлi». Вэрхал у радыёвых хвалях мацнеў з ходам часу i ў меру ўсьведамленьня, што кагадзе шырака адчыненыя ў Маскву дзьверы вогненным шквалам першае вялiкае абароннае бiтвы наглуха зачынiлiся, а агонь гэны адкiнуў перадавыя калёны «Барбаросы» на дзясяткi кiлямэтраў на захад.

Павыкiданых зь цёплых, наседжаных у Беларусi гнёздаў цiвуноў бальшавiцкага прыгону, што панаваў гэтта пад фiрмай БССР, першая перамога спанукала, каб падпрэгчыся ў маскоўскую калясьнiцу ды як-небудзь памагчы зрушыць яе на захад. Прыпрэжка гэная, загадам зь верху, вылiлася ў розных хвормах, а на Беларусi заангажавала сiлы ў лясох. Зiрнуўш на мапу акупаванай краiны й вызначыўшы, пры помачы iснуючай разьведкi, колькасьць i якасьць нямецкiх ваенных гарнiзонаў, адно выразна кiдалася ў вочы: у вялiкiх, асаблiва залесеных, полацях краiны чужнiк расплыўся, валодаў адно мiнiмальна ды для ўтрыманьня парадку абапiраўся на чужы элемэнт у палiцыi. Дарогi-ж, як ведама, у бальшынi дрэнныя, ня спрыялi хуткаму перакiданьню матарызаваных сiлаў з пункту А ў Б цi В. У гэных раёнах асноўны цяжар транспарту й камунiкацыi меў трымацца на конскiм хрыбце. Лёгка зрываць тэлефонную й паштовую сувязь. Добра расплянаваўшы, выкарыстоўваючы мясцовыя гаспадарчыя й людзкiя багацьцi, можна распалiць там вайну ледзь не на прымiтыўных асновах, паралiжаваць даставы на галоўны фронт, зьвязаць працiўнiку рукi, адабраць у яго масу сiлаў для змаганьня з партызанамi. Беларус, як Маскалём было ведама, нiколi ня зрокся гону да волi й самастойнасьцi i, як гаворыць ягоная-ж народная мудрасьць, «заўсёды ваўком у лес глядзiць», але гэтта трапiў ён у пастку i яго можна было-б выкарыстаць.

Плянаваньне вялiкiх ваенных мерапрыемстваў, асаблiва-ж тых, што з палiтыкай вяжуцца, вымагае дбайлiвага абгрунтаваньня. Таму Маскалi зiрнулi ў гiсторыю, а тая, — яшчэ не такой вялiкай даўнасьцi, падказала ясную разьвязку. Гэта-ж пад провадам Кастуся Калiноўскага, падчас усенароднага антымаскоўскага змаганьня, Лiцьвiны (Беларусы) дасканала выкарыстоўвалi свае лясы, скрывалi там колькасна вялiкiя атрады паўстанцаў. Краiну трэба было амаль суцэльна войскам залiць, агiдна зьдзеквацца, каб пасьля гадоў змаганьня зь сялянамi, пераважна ўзброенымi сякерамi, косамi й вiламi, зламаць фiзычны супрацiў, але не дух гэтага народу. А што-ж было-б, калi-б паўстанцы былi добра ўзброеныя?