Скончыўшы чытаць, Дуня прыгожа пакланiлася. Пасыпалiся гучныя воплескi. Ня толькi плёскалi вучнi, што папрыводзiлi сваiх бацькоў, сябровак i сяброў, але й узрослыя. Адно ў самым цэнтры вялымi рукамi варушыў войт, а побач нярухома сядзелi два прадстаўнiкi акупацыйнае ўлады.
— Куды вы, цёмныя, дурныя, адсталыя мужыкi, лезеце? Дзяржавы сваей вам захацелася? У вас няма нi нафты, нi солi, нi вугля, нi жалеза. Як жыць будзеце? — пачаў падсумоўваць дырэктар. — Гэткiмi вось нападамi ворагi народу нашага, апякуны няпрошаныя, накiнулiся адразу на нас, каб затукаць-загукаць i зруйнаваць новаствораную дзяржаву. А цяпер падумайце самi: калi-б наш край быў сапраўды такой праклятай Богам плямай на зямлi, калi-б у нас зусiм нiчога ня было, як яны цьвердзяць, дык чаго тады гэтыя людзi лезуць да нас цьма-цьмой, апякунамi нашымi хочуць быць, што як ад заядзi сьляпнёў ад iх абаранiцца цяжка?
Цiха прысела побач Дуня й зiрнула Януку ў вочы.
— Ну як я?
Задуманы, Янук не адказаў.
— Чаго маўчыш? Скажы, цi добра я прачытала.
Хлапец зiрнуў на мiлы тварык, на якiм вялiкiмi колерамi задавальненьне зьзяла. Усьмешка шмыгнула ля вуснаў.
— Выдатна. Давай, пацалую цябе за гэта.
Ня думаў так сказаць. Само вырвалася. Зачырванеўся. Макатунiшка ўсьмiхнулася.
— Пасьля. Добра?
Ня ведаў цi дзяўчына жартуе, цi што. Уважна зiрнуў у ейныя вочы. Зьбянтэжыўся. Тымчасам Сабалеўскi канчаў.
Янук узыйшоў на сцэну паважна, не сьпяшаючыяся i, як раней ужо меў намер зрабiць, паволi акiнуў зрокам залю, зiрнуў уздоўж i ўпоперак на падвязаныя пад жаночыя падбародкi хусткi, на школьных сяброў i прадстаўнiкоў ад уладаў у крэслах на самым перадзе. А ў вушах гучэў яшчэ голас Сабалеўскага:
— Малады паэт, вучань нашай школы Янук Бахмач цяпер прадэклямуе свой верш, прысьвежаны вялiкаму дню Сакавiка!
I ў гэны момант ведаў Янук, што страх прайшоў, што на залi зацiкаўленьне. Вярнулася пэўнасьць. I пачаў гучным голасам:
Спасьцярог Бахмач, дэклямуючы, што навет смаркаты Стась рот разявiў, зацiкавiўся. Але думка сканцэнтравалася на наступных радках, а ў такой сытуацыi амаль нiчога, апроч агульнае масы людзей, ня бачыш. Верш канчаўся. Апошнюю зваротку Янук запаволiў, iз смакам, галасьней, падчыркнуў:
Вялiзная бура воплескаў. Янук нязграбна пакланiўся й зь вялiкiм паднечаньнем зыйшоў са сцэны. I ў момант зыходжаньня зiрнуў на Стася. Той плёскаў у далонi, а ў вачох яго шэрых, такiх звычайна нянадта кемлiвых, здалося Януку, паказалася iскрынка зьдзiўленьня. Перад Януком стаяла Дуня й ейныя вочы сказалi ўсё.
— Маладзец. За гэта цябе варта пацалаваць.
Дзяўчынiна рука моцна сьцiснула ягоную далонь i дрыжыкi разьлiлiся па юнацкiм целе. Цяпер тое нецярпеньне й страх, што поўнiў яго перад дэклямацыяй, адыйшоў, адплыў… замянiўся першай гарачай усёпаглынаючай хваляй пахвалы. Яна была тымбольш значная, бо прыйшла ад самых блiзкiх людзей. I калi першая хваля адыйшла, Янук, задаволена сьцiскаючы Дунiну руку, разглянуўся навокал. Дырэктар яшчэ штосьцi гаварыў на сцэне. I потым зноў былi харавыя песьнi, i наапошку гiмн «Мы выйдзем шчыльнымi радамi».
Задаволеная грамада доўга яшчэ не разыходзiлася дамоў. Адно не хапала музыкi. Нехта раней прапанаваў, каб пасьля ўрачыстасьцi патанцаваць пад сваю школьную аркестру, але замiнаў гэтаму вялiкi пост i забарона хадзiць вечарамi. Хаця-нехаця людзi разыйшлiся. А Дунiн пацалунак падарозе дадому доўга помнiўся Януку.
21
Асьвеньцым, Гулаг, Бухэнвальд, Дрэздэн i Ковэнтры, Катынь, Хатынь i Лiдычэ… Гiрашыма… Нагасакi… Апэрацыя «Кiлгол»…
Пералiк можна прадоўжыць…
Выдатныя помнiкi варварства цывiлiзаванага, «прагрэсыўнага» чалавека 20-га Стагодзьдзя. Помнiкi, што так цi накш у нашу сьведамасьць уелiся. Вобразы пакут, суцэльнага зьнiшчэньня, нэгацыя Бога й Ягонае навукi. А дзе ў параўнаньнi з гэтымi гiстарычнымi гiгантамi дробненькая макулiнка попелу, што звалася Залатухай?
Гэта не праслаўленыя Лiдычэ й не разбарабаненая лiхой варожай прапагандай Хатынь. I ў тэй Хатынi, у сьпiску ймёнаў вёсак, спаленых на нашай бацькаўшчыне двума напасьнiкамi разам з жыхарамi iх, Залатусе памiну няма. Здавалася-б, гiсторыя з памяцi яе вымазала. Ня згадваецца яна i ў Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыi, што называе зьнiшчаныя вайной акупантамi мясцовасьцi, у якiх было больш чымся па пяцьдзесят жыхароў.
Пацiкаўцеся раёнам, дзе Залатуха была. Спытайцеся старых. I там Залатуху на першае месца не паставяць. Хутчэй пачуеце пра вялiкiя Азярцы, што па дарозе з Докшыц у Пархвенава былi. Удзень на гасьцiнцы ля вёскi пад нямецкай ваеннай аўтамашынай мiна ўзарвалася. Акупант пастанавiў, што ўдзень бальшавiцкая банда мiны не магла падлажыць. Сьцягнутыя карнiкi мэтадычна вымардавалi ўсiх жыхароў вёскi й спалiлi ўсе будынкi. Яшчэ пачуеце пра Шунеўку, а нехта iншы згадае як карнiкi Латышы палiлi Торгуны цi Ластавiчы.
Гэта ўсё было, але куды пазьней. Спачатку-ж у тым раёне спалiлi, разам з жыхарамi, Залатуху i ў той раньнi пэрыяд лiквiдацыя яе голасным рэхам расплылася па ваколiцы, урэзалася й назаўсёды асталася ў памяцi асобаў з нашага апавяданьня.
Ляжала яна ў суседзтве вёскi Вярэнькi, на поўдзень ад двухшляховай чыгункi мiж Пархвенавам i Будславам, блiжэй да апошняга, дзе стаялi немалыя вайсковыя адзьдзелы Немцаў i Ўкраiнцаў. Апошнiх мясцовыя жыхары называлi ўкраiнскай палiцыяй. У вадрозьненьне ад мясцовай, чорнай палiцыi, якой у Будславе тады ня было, Украiнцы насiлi зялёную вопратку.
У Залатусе было ўсяго сем гаспадарак, усе жыхары каталiкi. У той вясеньнi вечар залатускi селянiн думкамi да касавiцы рыхтаваўся, пазiраў на свае мазолiстыя рукi, мяркаваў зь якога кута, яшчэ перад усходам сонца, войстрая каса пачне ў сакавiтую асаку ўядацца. I якiм чынам мог спанатрыць, старанна клепячы на бабцы зьлiзанае лязо касы, што заўтра ўпоперак дарогi на сенажаць стане вогненная, што ўсё да тла спалiць, Садома?
У гэны лагодны, цёплы вясеньнi вечар перагукалiся ў калiшнiм панскiм лесе нястомна-галасiстыя зязюлi й лiчыла залатуская малеча дый старэйшыя колькi адна цi другая шэрая, нявыглядная птушка накукуе гадоў…
У той дзень на захад сонца ля бусьлянкi кружыў прыгожы птах. Бусьлiха на яйках драмала. I цi нейкiм няведамым спосабам магло памясьцiцца ў бусловай галаве, што заўтра й бусьлянку, што на баране, дый самае гумно, на страсе якога яна знаходзiлася, спалiць пражорлiвы агонь, а яму з абсмаленай бусьлiхай няведама куды ўпрочкi трэба будзе з гэнага папялiшча адлятаць?
I шмат звычайных i простых, нармальнага будзённага парадку, рэчаў адбывалася ў гэны вечар у невялiкай вёсцы Залатусе. Навокал буйнела й красавалася шматколерная сакавiтая прырода. Неадкладнае ўвагi вымагалi нiкiм непалiчаныя дробязi пярэстага сялянскага жыцьцця. Каму было ведаць, што iхная маленькая мясьцiна, у сiлу нейкiх чужых iдыёцкiх правоў, апынулася на мапе мясцовых уладаў у так званай чырвонай зоне?
Верхам i бокам рынула й мiма прайшла на ўсход вайна. Туды ёй i дарога. Праўда, яшчэ раней, напярэдаднi гэтай навалы, што абрушылася й сюды але, на вялiкае шчасьце, iх мiнула, змабiлiзавалi з Залатухi ў войска Палякi пару дзяцюкоў. Унармаванага кроку вясковага жыцьця не зьмянiлi за куртаты час свае акупацыi i ўсходнiя «вызвольнiкi».