Выбрать главу

— Фэртыг, майн гэр, — сказаў хлопчык.

Жаўнер уважна агледзiў боты, задаволена ўсьмiхнуўся.

— Вiфiль? — спытаў.

— Айн гальб марк, — бойка адказаў хлапец.

Немец выцягнуў зь кiшэнi жмут акупацыйных марак, дбайлiва адзьдзялiў адну паперку й даў замурзанаму хлапчуку. Той схаваў грошы ў кiшэню патрапаных портак i ўсьмiхнуўся да жаўнера. А Немец выцягнуў руку й варушыў указальным пальцам, проста хлапчуку ў вочы пазiраючы.

— Айн гальб марк! — дамагаўся шорсткi, як жвiр, голас.

— Iх габэ кайн гальб марк, — апраўдваўся хлопец.

Немцаў твар ператварыўся ў чорную хмару, а рудыя вочы — у калючыя цьвiкi. Жаўнер спрытна прысеў i схапiў хлопчыка за правае плячо. У гэны самы час ягоная рука пачала абкладаць дзiцячы твар аплявухамi. Гэтаму спадарожнiчала сакавiтая крыклiвая лаянка.

Хлапчуковы прылады для чышчэньня ботаў, - скрынка, шчоткi, паста й шматы, — паляцелi ўбок, калi ён, баронячыся левай рукой ад удараў па твары, пачаў босымi нагамi малацiць Немцаў жывот. Магчыма, што трапiў жаўнеру ў чульлiвае месца, бо ў таго твар скрывiўся ад болю й хлапец вызвалiўся зь ягоных рук.

— Фарфлюктэ фашыст швайн! — крыкнуў хлопец.

Сабраная грамада такiх-жа чысьцiботаў прыйшла хлопцу на помач.

— Швайн, швайн, фашыст!

Узлаваны Немец схапiўся за штык, што вiсеў ззаду на шырокiм пасе ў похве, але рука спынiлася. Ён плюнуў, сакавiта вылаяўся й пайшоў у бок вялiкiх шэрых будынкаў i кучаў цэглы.

Быццам заварожаны, прыглядаючыся гэнаму выпадку, стаяў Янук. I што было-б, калi-б ня вырваўся зь Немцавых рук той падлётак? Цяпер Бахмач, ня ведаючы куды, iшоў. Скруцiў налева й неўзабаве стаяў перад аграмаднымi шэрымi, зусiм уцалелымi ад бомбаў, высокiмi на паверхаў сем будынкамi. Перад iмi — вялiкая плошча. Пачаў прыгадваць. Некалi ў савецкiм падручнуiку геаграфii бачыў здымку. Але-ж. Дом Ураду. Вось ён.

Нечага бракавала. Дом домам, але было ў гэнай здымцы, супольна з гэтым домам нешта няменш манумэнтальнае. Але што? Янук змалку меў дасканалую зрокавую памяць i яна нарысавала ў iншай, мазгавой памяцi гiпсавую фiгуру.

— Так, гэтта быў помнiк… а цяпер яго нiма, — сказаў сам сабе хлопец. — Узарвалi, мусiць.

Там, у гэным савецкiм падручнiку цьмяная здымка на дрэннай паперы не магла даць ўяўленьня пра вялiчыню гэтай грамады будынкаў. Трэба было нешта да параўнаньня. А з чым меў Янук параўновываць? З Габiшынай гарбатай, нiзкой, апоўзлай крамай цi, можа, з Макатунiшынай хатай?

У вачох яшчэ стаяў зьвярыны, бяздушны твар Немца й вялiзны перапалох на замурзаным, у рабацiньнi, твары хлапца, што ня меў паўмаркi рэшты… Янук зьбянтэжыўся. Куды йсьцi? Дзе тая Камароўка, дзе рэдакцыя газэты? Каго спытацца? А якраз во такi малы хлопец чысьцiбот, ён-жа зусiм мясцовы, ён i ведаць будзе. Ды дзе яго знайсьцi? Тыя ля вакзалу разьбеглiся. Але-ж iх, пэўне, больш на вулiцах. I не памылiўся. Адно нягледзеўся «дому ўраду», павярнуў на першую сустрэчную вулiцу направа, як пабачыў двух чысьцiботаў.

Было ў гэтых хлопчыкаў нешта, чаго Бахмач, сын палёў жытнiх i лёну са званочкамi блакiтнымi, не спасьцерагаў у вясковых падлёткаў такога ўзросту. Ня вопратка, якую льга было-б назваць калекцыяй ваеннага часу: завялiкая шапка на нястрыжанай галаве, кашулёнка, што даўно за мылам зажурылася, сьвiтка не ў разьмер, шэрыя працёртыя порткi, шчарбатыя чаравiкi, або босыя й карэлыя ногi. Не, ня вопратка. Ваеннае лiха загнязьдзiлася ў зараньня пастарэлы дзiцячым тварыку, асаблiва-ж у вачанятах. I м яшчэ трэба было-б сьмяяцца з розных дзiцячых блазнотаў, а ў iх ужо цьвёрдасьць, рашчараваньне, боль. Яны во гэтта, як спрактыкаваныя, гора бачыўшыя, спад насунутых, нахмураных броваў падпiльноўвалi й ацэньвалi цябе, недаверлiва насьцярожвалiся, намагалiся прадбачыць. I ў полi тых вачэй была ўся тэрыторыя заработку.

Прылады заработку, — драўляная скрынка, шчоткi, паста й шматы, стаялi на парэпаным, ад гарачынi ваенных пажараў патрэсканым ходнiку. Тэрыторыяй быў засяг зроку, а галоўным апэрацыйным пунктам — рог вулiцы. Клiентаў, выключна вайсковых, было даволi. Калi на тэрыторыi паказваўся чалавек у ботах, звычайна нямецкi радавы цi афiцэр, хлопцы сустракалi яго сьцiплым запасам чужой мовы. Для параўнаньня вазьмi кагось з Бахмачовай вёскi, зь лiтоўскае малечы, пасадзi яго на гэта самае месца, дай такiя-ж прылады працы. Цi зарабiў-бы ён i цi пражыў-бы з такога заробку? I цi змог-бы памагчы сваяком, як гэтыя во памагаюць?

Янук спынiўся ля хлапчукоў. Воддаль на ходнiку вiдаць былi жаўнерскiя мундзiры, вулiцай праяжджалi й пылiлi грузавiкi. А недалёка, на ўцалелай часьцi будынку, над дзьвярмi, — вось увайшоў туды чалавек, — вiсеў напiс: Гарбата. I нешта меншымi лiтарамi, чаго Янук ня мог адсюль прачытаць.

Што кажух, то ня вата,

а што капуста, то не гарбата…

— прыгадалася Януку зь нейкага апавяданьня. Але чаму «гарбата»? Цi-ж гэта беларускае слова? Яму заўсёды здавалася, што пабеларуску «чай»…

— Бацiнкi пачысьцiць…?

Дзiцячы голас вярнуў яго ад «гарбаты» да запраўднасьцi. Чысьцiбот ня ведаў, вiдаць, як зьвярнуцца да яго.

— …дзядзька, — дадаў хлопец, не зьбянтэжыўшыся.

— Якi я табе дзядзька? — усьмiхнуўся Бахмач.

Хлапчукi пазiралi на яго ўважлiва, ацэньвалi. «Не, не ўгадаюць», думаў юнак. Але ня было часу. Дзесь на Камароўцы жыла жанчына, адрас якое трымаў у кiшэнi, а дзесь ля Пляцу Волi гнязьдзiўся новы беларускi Парнас, на якi Янук можа дабярэцца яшчэ сяньня. Няма часу на падшыванцаў.

— Скажыце, хлопцы, дзе тут Камароўка й як да яе дабрацца?

— Камароўка? — адказаў старэйшы выглядам. — Дык яна от там, — паказаў дзесьцi ў кiрунку на ўсход. — Iдзi во гэтай вулiцай проста туды й як дойдзеш да радыёзаводу, там яна й ёсьць.

— Далёка?

— Ды не, кiламетры два…

Падыйшлi жаўнеры й зноў пачулася «шус пуцэн». Янук рушыў паволi, разглядаўся. Бакi вулiцы, як вокам сягнуць, абступiлi руiны. Адно зь левага боку ўзвышаўся зусiм цэлы, з чырвонай цэглы будынак нейкай сьвятынi. Паводля Януковай ацэны гэта мог быць касьцёл, а каб хто яго папрасiў апiсаць стыль будовы, ня змог-бы.

Мiнуўшы некалькi скрыжаваньняў вулiц, вачом юнака паказалася вялiзная, адкрытая панарама зруйнаванага гораду. Хлапец спынiўся, зыйшоў на бок ад вулiцы, прысеў на кучы цэглы, выняў з торбы чэрствы хлеб i сала, паволi жваў i разглядаўся. Воддаль, наўскасяк налева, як быццам нейкi вялiзны, круглы, шэры маўзалей на суцэльным могiльнiку, шарэў у раньнiм сонцы тэатр опэры й балету. Магчыма, што ў нязьнiшчаным, забудаваным горадзе будынак гэты, навет з маста на Сьвiслачы можна было заўважыць яго вялiкi разьмер, — ня быў нiякiм кантрастам. Пэўне-ж, калi ўжываць тэрмiну будаўнiкоў, мог быць ён некалi арганiчна ўпiсаныў ансамбль вакольных будынкаў. Хто яго ведае… Чаму ўцалеў? Навокал, вiдаць, мора агню шалела. А гэты во, — зiрнiце на яго! быццам, каб пратэставаць супраць зьдзекаў зямных i нябесных, стаiць бадзёра, усiм i ўсякаму на выклiк. Помнiк на могiльнiку.

Янук зiрнуў вышэй налева, туды на Верхнi горад. Перад прыездам сюды прыглядаўся старой мапе Менску й агульна ар'ентаваўся. Там воддаль шарэлi вежы барокавае сьвятынi. Сьвiслач плыла быццам у парэпаных па берагох начоўках, зямля апускалася да ракi з абодвух бакоў лагодным нахiлам. Вада абмывала розны хлам, а пры беразе босыя дзеткi вазiлiся iз чэрапам старога чаўна.

За тэатрам уцалеў вялiкi, чатырох- цi пяцiпаверхавы зялёны будынак. У ягоных зашклёных вокнах адбiвалася сонца. Там, мабыць, жылi людзi. А з правага боку галоўнай вулiцы, у тым баку, дзе чысьцiбот казаў была Камароўка, але далекавата ад яе, залацiлiся купалы сьвятынi, налева-ж чарнелi стрэхi хатаў. А што, калi тая часьць Камароўкi, куды ён iдзе, ды хата тае жанчыны не ўцалелi?

Хлапец доўга стаяў i пазiраў на вулiцу, быццам у памяцi зрокавай i ў галаве на векi вякоў хацеў утрывалiць вобраз дашчэнту зруйнаванага гораду. Як гэта там пра яго ў «Слове аб палку Iгаравым»?

Ня Нямiзе снапы сьцелюць галовамi,А малоцяць-жа стальнымi iх цапамi,На таку жыцьцё кладзецца неспадзеўна,I душу ад цела веюць безнадзейна.Берагi ў крывi Нямiгi па каленi…