Выбрать главу

Янук ня скончыў яшчэ сваiх разважаньняў на латыскую тэму, а ў галаве стаяў Лявон. Дзе-ж ён падзеўся? Можа дзе йдзе з боку, прыглядаецца куды вядуць iх. Калёна, чалавек больш сотнi, затрымалася перад высокiм зялёным плотам, адчынiлася недзе сьпераду брама й людзi ўвайшлi ў абшырны двор, якi з трох бакоў замыкаў грозны ў цемры, двухпавярховы будынак. Краты ў вокнах. Вязьнiца!

Час першай сустрэчы зь вязьнiцай заўсёды пасьля згадваўся Януку з дрыготкай жаху. Холадам праймала. Да гэнага часу пра вязьнiцы чыталася нешта ў лiтаратуры, iх бачылася ў кiно, пра iх чулася ў апавяданьнях старых людзей, пра iх сьпявалася ў тужлiвых, на тэму «дайце мне волю й сонца» песьнях. Ведалася, што людзi пры ўладзе трымалi за кратамi тых працiўнiкаў, якiя iхнай уладзе не хацелi падпарадкоўвацца з палiтычных цi грамадзкiх мяркаваньняў. I яшчэ здавалася, што за кратамi сядзелi людзi дрэнныя, пэўне-ж вiнаватыя, што кары нейкае заслужылi. Янук нiколi ня мог уявiць, што гэтая страшная будынiна стане ўпоперак ягонай, Бахмачовай, дарогi, што паглыне ў сваё цёмнае й сьмярдзючае нутро яго, наiўнага й нявiннага юнака.

Першы раз вязьнiчныя дзьверы зачыняюцца за табой зь нейкай жахлiвай фiнальнасьцю. Нешта зрываецца з упарадкаванага пульсу твайго нутра. Глухi скрыгат завесаў цi ўдар дзьвярэй адразае цябе ад дарагога, незаменнага вольнага сьвету, дзе як-нiяк ты сам сабой загадваў. Апынуўся ты ў дзiўным, цесным, што цябе душыць, затхлым, брудным лябiрыньце. Там нехта, табе зусiм недаступны, камплетна табой валодае, сочыць кажны твой рух, кажны крок. Спачатку вобмацкам i наўгад пачынаеш усьведамляць новую iснасьць. У гэтым, табе новым, для цябе нярэальным сьвеце ты ёсьць абсалютнай нiкчэмнасьцю, макулiнкай пылу, якую можа дзьмухнуць, падхапiць i панесьцi ў нябыт якi хочаш вецер. Усьведамленьне свае нiкчэмнасьцi тым больш усёпаглынаючае i ўсёзьнiшчальнае, калi ўявiш сваю поўную бясьсiльнасьць навет перад гэтым вартавым, што сочыць за табой як пастух за статкам вунь праз гэнае «воўчае вока», або й перад тым вунь мурлом, што налiвае табе ў бляшанку баланду. Папрасi ў яго больш, дык палонiкам па лбе атрымаеш. Усьведамленьне нiкчэмнасьцi ўзмацняе й веданьне таго, што ўсе духоўна-маральныя вартасьцi, на якiх ты ўзгадовываўся ад малога, у гэтым будынку ня маюць нiякiх правоў грамадзянства, значэньня, зусiм ня iснуюць. Слабасьць вядзе да роспачы, а тая родзiць сумлевы, што ў чалавечай душы побач дрэннага iснуе й добрае.

Усьведамленьне нявiннасьцi нараджае пратэст. Калi-б Янук думаў рацыянальнымi катэгорыямi, хутка прыйшоў-бы да выснаву, што паланеньне яго зьявiлася зьбегам розных непрадугледжаных абставiнаў. Вайна й хаос, цi навет, калi хочаце, панаваньне безагляднай сiлы, ствараюць дасканалыя для гэтага перадумовы. Спэкулянты, каторых пару вагонаў на нейкi загад забралi й пагналi ў вязьнiцу, таксама пэўне-ж былi нямiла зьдзiўленыя такой выпадковасьцю. Як-нiяк, пропускi каштавалi iм. За гэны кошт яны, мусiць, спадзявалiся мiнiмальнай бясьпекi. Але з гэнымi ўладамi, наверсе, што абсалютную сiлу маюць, цацкацца нельга. I м вось уздумалася, зь нейкай прычыны, узяць усiх збыськаў, анткаў i малгосяў ды завалачы ў вязьнiцу й бясьсiльнымi аказалiся тыя чыгуначныя «райзэшайны». Дарма, што да гэтага часу знаў ты чыгуначную ўладу, грэў рукi кандуктару. У абдымках гэтай маленькай, капрызнай хвалi апынуўся й зусiм нявiнны юнак зь Лiтоўцаў. А Лявону, каторы, вiдаць, спасьцярог Латышоў, як прыблiжалiся ды мо й ня мог сябру перасьцерагчы, удалося ўцячы.

Пратэстуе запертая ў клетку птушка. У яе, як вядома, птушыны, значыцца нiякi розум. Яна б'ецца крыльлямi аб сьцены, цi вокны, часта на сьмерць забiваецца. Чалавек накшы. Ён разважае. I пратэст яго можа быць больш ёмкi, калi розум падказвае, што цябе вязьняць бязь нiякае прычыны.

Сьцьвердзiўшы сваю нявiннасьць, Янук узяўся пiсаць просьбы вязьнiчным уладам, каб яго звольнiлi, што ён, вiдаць, трапiў сюды праз памылку. Пiсаў, калi паперы мог ад вартавых атрымаць, панямецку, муштраваў свае мазгi, рацыянальна тлумачыў выпадак, дзякуючы якому тут апынуўся. Лiсты цi просьбы гэтыя аддаваў вязьнiчным сторажам, якiя звычайна абяцалi перадаць iх начальству вязьнiцы. Цi перадавалi, цi не, невядома, але Янук нiколi нiякiх адказаў на iх не атрымлiваў. I тады паўтараўся цэлы працэс. Янук пачынаў пiсаць новую просьбу. Яму адно сказалi, што каб сядзеў да суду, а калi суд адбудзецца то яму скажаць за што ён сядзiць i колькi тэрмiну зьняволеньня мае. Адылi нiхто не сказаў яму як мае адбывацца суд. Гэта значыцца вязьнi махалi рукамi й гаварылi, што нiколi нiкога на суд ня выклiкаюць, што калi й запраўды такi ёсьць, дык ён, мусiць, тайны. Януку раiлi сядзець спакойна й чакаць свае долi, якая-б яна ня была-б.

I Янук сядзеў, бiў вошы, якiх тут, вiдаць, завялiся мiлiёны. Прасядзеўшы ўжо амаль месяц, хлапец вельмi зьдзiвiўся, што не атрымаў нiякiх вестак ад свае раднi й сябраў звонку. Цi-ж нельга было якiм чынам якую вестку пераслаць? А гэты новы вязьнiчны сьвет быў настолькi для яго таёмны, што каб даведацца дзе й што робiцца ды як робiцца, ня ведаў-бы каго пра гэта спытацца. Вартавыя зь вязьнямi не гаварылi, на нiякiя пытаньнi не адказвалi. Да каго зьвернешся?

Памяталася, калi адно яго пасадзiлi, Янук адразу заявiў, што гэта, пэўне, нейкая памылка, што вось тут адразу, ледзь не ў наступную хвiлiну, разгледзяць яго справу й абавязкова выпусьцяць. Прысутныя ў камэры, — было гэта вечарам упацёмку; навокал цябе маса твараў, цела й смуроду, — голасна разрагаталiся.

— Ты что, западнiчок, верно? — пачуўся голас зь верхняе нары.

— Як гэта?

— Ну да ты iз западнай?

— Ага.

— Вiдно ты зелененькiй… Сколько цебе лет?

— Васемнаццаць. А чаму?

— Да, вiдно. От сматры, сейчас раскроецца дзьвер i цебя выпусьцят. Га-га-га.

Дружны голасны рогат.

Лепш было-б, каб той Мiшкiн цi Кабылкiн пакiнулi цябе ў супакоi. Яны прафэсыянальныя зладзеi, а можа й забойцы. Паслухай iхную гутарку, калi пачнуць мiлую мiнуўшчыну згадваць. Цi ня «ўсесаюзнага стажу» гэтыя зладзеi? Як вэтэраны войнаў, успамiнамi свайго запраўднага цi ўяўнага гэройства зьняможаныя душонкi лашчаць, гэта яны апавядаюць пра свае «подзьвiгi»: калi й як ды каго абакралi, якiя, маўляў, зь iх спэцы, хто й каму ды калi горла перарэзаў. Пасьля перабiраюць ведамых прастытутак, якая зь iх i як… Аж млосна пабочнаму слухачу ад такiх апавяданьняў становiцца. Некаторыя «барышнi» й цяпер iм «падачкi» валакуць. Такiя людзi, як гэтыя два, у вязьнiцы быццам у гатэлi жывуць. У iх i добры хлеб, i сала, i масла, i табакi ўволю, i гарэлка навет. Ёсьць у iх сувязi iз такiмi кабылкiнымi й мiшкiнымi ў iншых камэрах. Вартавы, мясцовы менскi Беларус, што шэсьць чалавек на працу кажны дзень iз стрэльбай водзiць, не баiцца, што Мiшкiн уцячэ. У iх паразуменьне. Вартавому-ж неяк жыць трэба. У яго, магчыма, ёсьць дзесьцi жонка й дзецi, цi яшчэ хто, каторых кармiць i апранаць трэба. А Мiшкiна добра ягоная зладзейская сетка забясьпечвае. Там нешта й вартавому перападзе.

Каб даведацца нешта пра вязьнiцу цi якiя верхнiя спрунжыны начальства, або суды, — разважаў Янук, — дык трэба было-б Мiшкiна цi Кабылкiна пытацца. Але як ты да iх у давер улезеш, калi для iх ты — «шпана», ды каб яшчэ якая мясцовая, дык не, «западная». Чорт знае, што за шпана гэта, — нi рыба, нi мяса. Янук хутка спанатрыў, што мiж гэнымi зладзеямi «усесаюзнага значэньня» i iншай «шпаной» утварылася нябачная, але зусiм рэальная сьцяна. У зладзеяў свае, Януку няведамыя нормы. I мова iх iншая, чым Янукова, i iз звычайных людзкiх адносiнаў яны кепiкi робяць.