Выбрать главу

Вязьнiчны сьвет цiкавы, адно яго разглядаць умець трэба. Апроч антыграмадзкага элемэнту, колькi-ж прыпадковых людзей сюды трапляе! Вунь гэны дзядзька ў лапцёх i палатняным армяку — сеянiн-калгасьнiк спад Заслаўя. Укiнулi яго кагадзе i да адказу напханую камэру, а ён, ня гледзячы на свой паважны век, расплакаўся…

— Пайшоў я гэта ў лес, каб якога сучча наламаць, — казаў дрыжачым голасам, празь сьлёзы. — Чым-жа хату нагрэеш? А тутака, чорт вас ведае адкуль, каб вы галовы паскручвалi, палiцаi й Немцы наляцелi. Ну й да мяне: ты парцiзан! Вы жартуеце, мусiць, кажу я iм. — Якi зь мяне парцiзан, я во прыйшоў сукоў якiх насеч, бо ў хаце мерзьнем. У мяне во толькi, кажу, тапор, прыйшоў якую сухастоiну сьсеч цi што. А яны, каб iх трасца, слухаць ня хочуць, мяне каленкам у зад дый пагналi. От вам i партызана знайшлi. Гы-гы-гы.

Вёска беларуская, простая й няхiтрая, у менскую вязьнiчную камэру заглянула. Пабачыўшы такую, нiчым няпрыкрытую, наiўную шчырасьць, вязьнi змоўклi.

— Так есьлi ты працiзан, так прызнавайся, сукiн сын, такую тваю! раўнуў Мiшкiн.

Гэты дысананс у агульным настроi, калi людзi ў адзiн момант спалучылiся пачуцьцём перад нейкай, хвалюючай iх зьявай, выклiкаў дзёркую рэакцыю з кута:

— Змоўк-бы ты, басяк нензенскi! Цi ня вiдзiш, што дзядзьку нiзашто ў турму ўпяклi?

Мiшкiн злосна зiрнуў у кут, але нiчога не сказаў.

Nigdy, przenigdynie zgniebia nas!

Голас бадзёрыўся. Цiкава, цi гэтаму сьпеваку хто калi звонку памагае. Калi ён спэкулянт, дык яго напэўна забясьпечваюць сябры, а калi якi палiтычны, дык можа забярэ калi яго той зялёны грузавiк, што кажную ранiцу ў вязьнiчны двор прыяжджае, набiрае палiтычных вязьняў i пад зброяй вязе некуды, адкуль iм павароту няма.

Нейкi тыдзень цi што пасьля арышту, апынуўся Янук, у лiку вялiкай грамады людзей, у лазьнi. У прасторнай, пустой, сьцюдзёнай залi з цамантовай падлогай, сабралi разам мужчын i жанчын ды загадалi распранацца. Нiколi раней у жыцьцi ня бачыў Бахмач так шмат голых людзей у адным гурце. Стрыглi ўсiм валосы, дый ня толькi на галовах. Згаладалы й слабы целам, Янук з поўнай абыякавасьцю разглядаў жаночыя постацi. Закрывалiся, як маглi, маладыя дзяўчаты. Магчыма мiж iх ёсьць «праступнiкi» наводля таго дзядзькi спад Заслаўя, магчыма i iх «партызанамi» зрабiлi…

Шэра й агiдна! Жаночая постаць — краса, якую сваймi памазкамi ўвекавечнiлi майстры «мадоннаў», якую абсьпявалi выдатныя мастакi слова, станула перад Януком, бяздушным Молахам сапхнутая на дно нядолi. Тое, што iншым натхненьне стагодзьдзямi прыносiла, Януку паказалi зганьбаванае й шэрае. Цi-ж гэта ня кара найбольшай меры? Некалi юнак спрабаваў свае крыльлi ў паэзii. Мiлы быў яму кажны, удала створаны вобраз жанчыны цi то ў Купалы, Коласа, Байрана цi Багдановiча. I наводля тых, удалымi майстрамi слова створаных вобразаў, юнак уяўляў сабе жанчыну ня толькi духова, але й фiзычна. Пра фiзычны выгляд такiх, як Дуня, думалася накш. Але-ж жах падумаць, што й тут, у гэтай празяблай «лазьнi», магла быць тая самая, як ягоная, нечая Дуня.

Думкi й думкi, удзень i ўночы. Сьвету агiдны твар! Ён, гэты сьвет, так раптоўна й нечакана павярнуўся да Янука сваiм балючым, змораным тварам. Ад яго цяпер, а можа нiколi ўжо не ўцячэш. Моцна i ўчэпiста цябе ў сваiх абдымках трымае, на самае пакутлiвае дно валачэ. Сьвет у якiм навет Бога трохпавярховым матам лаюць, дзе канчаецца ўсялякая людзкая годнасьць, пашана, прызваiтасьць.

Некалi ў савецкай школе давялося Януку наслухацца, як Якуба Коласа пасадзiлi ў менскую вязьнiцу за нейкую настаўнiцкую нелягальную рэвалюцыйную акцыю. Гэтак бальшавiкi цьвердзiлi. Хто ведае, як там запраўды было. Ну але-ж сядзеў той Якуб Колас цi ня ў гэтай самай вязьнiцы некалi. Можа й якiя вершы выдумляў тут. Цiкава, дзе i ў якой камэры… Янук спачатку трапiў у 83, а пасьля ў 102 i iншыя. Ну й што з таго, калi дзядзька Колас гэтта сядзеў, калi во навет у гэтай самай камэры ды ў гэтай самай пазыцыi, што й ты, Янук? I што табе, Янук, ад веданьня таго палягчае? Сьмешна!

У галаве два галасы спрэчку вялi. Адзiн — дзiцячая, зялёная, вялiкая наiўнасьць, пылка-iмпэтны рамантызм, што ўва ўсiм нечага нязвычайнага й важнага шукаў. Iншы — рашчараваньне, скептыцызм, народзiны цынiзму. Гэты апошнi — прадукт цяжкой i балючай жыцьцёвай рэальнасьцi. Праўда, яшчэ празь яго часта прабiвалася нотка аптымiзму. Вiдаць, што гэты другi голас цяпер больш адпаведны, ён пазбаўляе небясьпечных для жыцьця iлюзiяў. Два галасы спрачалiся й змагалiся, удужкi бралiся. А галодны й аслабелы юнак на сьценах камэры, дзе вольнае месца было, «Жыве Беларусь!» пiсаў.

Змаганьне за жыцьцё — гэта змаганьне за тое, каб Беларусь жыла. Кажнае ейнае дыханьне, кажны ўздрыг, кажны рытм пульсу ўлiвае ў цябе сiлу, бадзёрыць, да акцыi клiча. Яна — твая альфа i амэга, сьвятая сьвятых. Насамперш Бог, а пасьля яна, Матка. I ў брудных сьценах камэры лягчэй трываць, ведаючы, што навет у крывавых ваенных муках яна жыве, церпiць i змагаецца. I расьце. Думка пра Беларусь — гэта праменьчык сонца ў душы тваей, як вунь той, што праз гэнае маленькае, закратаванае ваконца ў вязьнiцу загляне.

Ды не! Прамень сонца адтуль не загляне ў камэру. Каб вас чэрцi! Акно тое-ж з паўночнага боку. Людзi, што плянавалi вязьнiцу, забаранiлi ў яе доступ сонцу. З паўдзённага боку, кажуць, суцэльная сьцяна. Чаго добрага, сонца думкi пра волю нарадзiць можа. I тады небясьпечна.

Не, не пакарыць вам ужо яе, гэтай новай, Януковай, Беларусi. Яе юнак сустракаў у вясковай школе, у Вiленскай Беларускай Гiмназii, чуў яе ў дрыжачым сьвятаровым голасе на фэсьце Яна ў Гацях, распазнаў у дыдактычна-практычным голасе Антося Дзеркача i ў бацькоўска-сяброўскай гутарцы агранома Падгайскага, захапляўся ёю ў гiстарычных вандроўках настаўнiка Сабалеўскага. Але найлепш яе пазнаў i з захапленьнем прывiтаў, ох, як моцна з радасьцi тады сэрца бiлася! — у маршы юнакоў i юначак з Саюзу Беларускае Моладзi на менскiм бруку. Улетку, пасьля паўдня, iшлi калёнай па вулiцы 25-га Сакавiка. Iзь песьнямi. Юнакi сьпераду, юначкi ззаду. Куды iшлi? Цi гэта так важна ведаць? Прыгледзься iм. Цi не яны, як паэт казаў:

ад гоману бароў,ад казак вечароў…

Зялёна-шэрыя, з хатняга саматканага палатна, мундзiры. На шапках пагонi. Палатно, пэўне-ж, Беларуская Самапомач сабрала й вопратку пашыла.

Як шырока i далёкаБеларуская зямля,Заклiкае вёску горад,Клiч магутны юнака.

Звонкiя юнацкiя галасы й роўны маршавы крок. «Клiч магутны юнака» глохне ў бясконцых руiнах. Пад нагамi, на бруку абвестка: Тодар Лебяда. Загубленае жыцьцё. Менскi Гарадзкi Тэатр. Яе, мусiць, вецер сарваў. Жыцьцё было загубленае. Iхных бацькоў i матак, i сваякоў, i iм самiм рыхтавалася. А якое яно заўтра будзе? У гарне ваеннага лiхалецьця налiваюцца й буйнеюць маладыя галасы:

Гэй, з намi, гэй, з намi радамi!Юначка, юнак!Бяры ты, бяры ты, нясi ты,Сяброўскi наш знак!

Дарма, што навокал руiны, дарма, што й цяпер зьнялюдзелыя чужакi тузаюць i рвуць на кавалкi беларускае цела. Там, дзе жыцьцю наканавалi сьмерць, нешта ўсё-ж прыжываецца. Цьвёрды крок, упэўненыя галасы, мэлёдыя бадзёрасьцi й лёту да сонца, да новага жыцьця. Насуперак волi варвараў, мэлёдыя прарываецца, трывае, стараецца прыжыць, каб нязломнай волi жыцьця аддаць належнае. Як мiла, пазiраючы на гэтых юнакоў, табе на сэрцы!

Сяньня сiлы маладосьцiСорам дома марнаваць…

Вялiкая й магутная ты, Матка Лiтва. Тваей крывёй чужакi стагодзьдзямi ўпiвалiся й дурманелi. Гнёзды тваiх дзетак раськiдалi, жылы з твайго цела выцягвалi. Аднаго часу, навет без панiхiды, мёртвай цябе абвесьцiлi й iмя тваё забаранiлi памiнаць. А ты, у муках страшэнных, змагалася, перараджалася-адраджалася й выжыла. Колькi разоў ты ярмо намагалася ськiнуць, аковы няволi парваць! Наперакор чужым варварам, ты не памерла. Наадварот. Вунь па менскiм бруку йдуць вястуны новага жыцьця.