Страх пра такое і падумаць. Гэта на першы погляд.
У даным выпадку, я ўпэўнены, год на год не пры-ходзіцца, таму на мінулае можна глянуць іначай.
Бурлівыя перамены выпала паспытаць адно апошнім пакаленням, жыццё колішніх людзей мянялася вельмі ж паволі. Зараз за адзін год назіраем зрухаў куды больш, чым бедалагам тады даводзілася перажываць на працягу цэлага пакалення. Усё было тады размеранае і сталае, даўно ўсім вядомае.
Як хто, а я такому спакою і стабільнасці зайздрошчу.
У некаторых жа выпадках на першародныя з'явы ляглі напластаванні, надаючы з'яве іншае значэнне. Напрыклад, калі мы цяпер гаворым, што нехта страляе з Калашнікава, нам і ў галаву не прыходзіць пытанне: чаму ж тады са ствала аўтамата вылятаюць не стрэлы. Дзеяслоў гэты трыста гадоў таму, калі стралялі з лука, дзеянне выражаў больш дакладнае.
Карацей кажучы, узяўшы за аснову знойдзены тэкст і яго стыль, усё пастараюся перадаць сваімі словамі. Маю вопыт і сябе праверыў. Галоўнае — валодаць дакладнымі фактамі, бытавымі дэталямі, тады душой адразу пераносішся ў патрэбны перыяд, адчуваеш сябе ў ролі героя і можаш верагодна маляваць падзеі ды незнаёмых людзей. Так стварыў не адну аповесць, раман, эсэ і — атрымалася.
Адным словам, і цяпер стану кіравацца Дзям'янам Бедным:
Далей. выкладваю цярністы шлях той самай Кабеты.
Раздзел другі
Хто такая аўтарка і яе келля
«Простая ежа. Спакойны сон уначы. На душы спакой і слодыч ад радасці, што летапісанне, за якое так горача і натхненна узялася ды вяду каторы год — душакарысная, богаўгодная справа, што рабіць гэта ніхто мне не перашкаджае і перашкодзіць не зможа, бо тут я — сама сабе гаспадыня.
Вакол мяне — рахманыя паслушніцы і сціплыя манашкі.
Нізкая столь ды цішыня да звону ў вушах.
З цэглы, пастаўленай тырчма, падлога.
Стол з маімі паперамі і чарніліцай, а над ім палічка з драўляным грэбенем.
Драўлянае вядро ў кутку з вадой, венік, ды цепліцца агеньчык перад іконай.
Сяды-тады далятае харавое пенне малітвы. З царквы даходзяць пахі расплаўленага воску, кадзільнага дымка.
Усё даўно знаёмае, мілае сэрцу будзіць у памяці забытае, кранае за душу, хіліць да разважанняў ды ўспамінаў, а часу цяпер у мяне — вечнасць.
У цёплую пару ад гукаў зрэдку ўздрыгваюць яшчэ сцены ды хістаюцца фіранкі, але даўно прызвычаілася і да гэтага, таму нават не заўважаю такой драбязы.
Слаўнага на ўсю Гродню маем панамара.
Як толькі летам дзе загрыміць, як толькі набліжаецца навальніца ці збіраюцца хмары на град, адразу цягае за вяроўкі — б'е і б'е ў званы. Вядома, апошні час нехрышчоных дзетак столькі памерла, тапельцаў столькі было, вісельнікаў усялякіх без ліку, а яны і пасылаюць на людзей грамы ды навальніцы з градамі, перунамі ды бліскавіцамі. Бронзавае рэха тады ад нас ляціць над палямі і лесам, нясе людзям шчодрую боскую міласць, збавенне і ратунак — далёка, на ўсю акругу, а нам кожны ўдар волатаў перадаецца праз цэглу ды палатно на вокнах.
Што ж, нават і дурню вядома — званы магутным і знаёмым голасам не толькі абвяшчаюць бяду, радасць, спакой ды трывогу. Пры благавесце пасля трэцяга ўдару ўся бесавая сіла правальваецца ў пекла.
Ад іхняй галасістасці залежыць надвор'е.
Яшчэ і Мацер Божая апускаецца часамі на зямлю ад іхняга звону, таму ў кляштары ўсе мы панамара шануем, а металёвыя выбухі прымаем з прагнасцю.
Езуіты бяруць ад кожнага кмеця за святы голас па чатыры снапы. Францішканцы — па тры. Наш панамар — чалавек людскі, бярэ адно па снапочку і то не выбірае, як іншыя, а чакае, калі яму гаспядар падасць. Аднак хлеба кляштару аж надта хапае. I увогуле харчамі я забяспечаная да самай смерці. Адзін агарод пад Каложай дае столькі, што восеніно не ведаем, куды дабро дзяваць.
У такіх умовах, у гэткім ладзе паміж душой і целам жыву, думаю і памаленьку пішу. А робіцца сумна, адразу аб'яўляю ігуменшы ды тупаю ў дуброву альбо да сваіх Путрышак. З выхадам у нас строга, але мне, багатай ды слаўнай шляхцянцы, якой была ў міру, і цяпер усё дазваляецца. Не хочацца нікуды валачыся, адхіляю фіранку на патаемным акенцы ды гляджу на вуліцу. Узіраюся доўга, аж да нудоты, як вось зараз.