Буйду такую потым пусцілі па вёсцы.
Нічыпар завёз тады. мяне ў Гародню на баль. Пасля, калі ля варот сядалі ў карэты, нахабныя чаляднікі з панічамі мацалі нас ды ціскалі — для гэтага пазнімалі ўсе паходні з дзяр-жальняў ды пагасілі ў лужах, ад чаго стала цёмна, хоць у вока калі. Баба, прыстаўленая на вечар свяціць, чамусьці аніяк не магла знайсці крэсіва — а мо і не хацела — ды запаліць паходні другія. Усе здаволена вішчэлі, а хлопцы, вядома, як хлопцы, аж іржэлі, і ніхто да карэт не спяшаўся.
Пану Рацейку тады ўздумалася маладым патураць — і ён давай таксама карыстацца цемрай...
Але пры чым тут мае чары? Хай атрымліваў бы за сваё. Маю падазронасць, ён перад сваёй жонкай стараўся быць чыстым ды на мяне зваліў. Спадзяваўся — пройдзе так. А перад лаўнікам і прысягай на святое Евангелле адумаўся, не захацеў браць на душу вялікі грэх,— тапіць мяне не стаў.
Затое Рацейка пацвердзіў, што ноччу да дуба бегала, нажом у ім калупала і да дзірак тых нешта гаварыла.
Што было, то было, адпірацца дарэмна не стану. Але рабіла гэта, сынок, толькі з-за Цябе, таму не крыўдуй на сваю мамуську — мацяркі ўсе такія. Ды і пачалося тое беганне значна пазней».
Бацькі і тагачаснае выхаванне
«У Путрышках жылі мы з татам і мамай. Былі яны гаспадарлівыя. З дзяцінства абкружалі мяне рэчы моцныя і дабротныя, зробленыя ці пашытыя з запасам, бо калі выразалі нават у нас кій, то — чым больш важкі.
Немцамі нас з-за гэтага празывалі.
Тата корчыць з сябе пана не любілі і часамі самі малолі на жорнах грэчку, таўклі ў ступе ячмень на панцак, абутак рамантавалі, латалі нам адзенне і нават калясо ад фуры ладзілі, бо і стэльмаха маглі замяніць.
Кожны загончык тата самі даглядалі, а бывала, адно пачне каласіцца збажына ці збярэцца расаваць, на досвітку тата голыя аббягалі кожны палетачак,— каб іржа потым на зерне не ўнала.
Ды і мама нашая, нічога што цэлы фальварак мелі, гэтаксама, як кожная прасталюдзінка, ткалі, пралі, каб дваровыя дзеўкі іх не абдурвалі, што рабіць тыя ўмелі лоўка.
З даёнкай мама нават да кароў хадзілі, а ў жніво — да жыта. Тата купілі ім у гродзенскіх гандлёвых галях у немца Ганса складаны — бытта кішанковы ножык — серп з касцяной ручкай, і мама прыладай гэтай ганарылася надта.
Яшчэ яны вельмі былі набожнай. Верылі ўсяму ды ведалі, што і як трэба рабіць. Ні разу не плюнулі на правы бок, дзе ў чалавека заўсёды анёл стаіць, а — на левы, дзе — чорт. I спаць клаліся на левую шчаку, каб твар мець павернутым да анёла. Ваду заўсёды накрывалі, каб не залез нячысцік. Малако, калі не дошчачкай, то кіёчкамі накрыж прыкрывалі. I рот заўсёды жагналі пры зяванні.
Нашаму Нічыпару ў езуітаў жылося не соладка, але ў страху ды пакоры трымалі і мяне. Ой, у якім страху ды падпарадкаванні. Да сённяшняга дня памятаю Параску з Капліцы Велькай, кім мяне тата з мамай заўсёды палохалі.
Зрэшты, палохацца сапраўды было чаго — і зараз па вёсках пра той выпадак гавораць ды малых ім страшаць.
Параска з сяброўкай заглянулі ў путрыніскую карчму і давай з незнаёмым кавалерам танцаваць. Паніч здаўся такім шляхотным, ладным, і дзеўка аж два дні з ім выкаблучвала ды весялілася.
А потым разам і вылецелі праз комін.
Адышоўшы ад смяротнага жаху, людзі выглянулі за імі — дзе там! Толькі мільгануў уверсе вышыты фартушок, матнуўся яго рыжы хвост, ды смуродам серы адтуль павеяла, і аж дых людзям забіла. Там раптоўна раз і два грымнула, ды агністая хмара пару праглынула — бытта ўжо нікога і не было на тым месцы.
Зірнулі людзі на падлогу, а на ёй — сляды ад капытоў, нібы іх выпаліў хто распаленым жалезам на дошках.
З той пары пра дзеўку — ні слыху ні дыху.
Ой, як тады чэрці сачылі за кожным, страх і ўспомніць — не тое што цяпер. Бывала, не хоча баба мужыка ды ўскрыкне, не памятаючы сябе:
«Лепш нячысціку аддалася б, чым табе, абармоту!» — а рагаты ўжо тут ды віхуру ўздымае.
Каб Табе, сынок, тыя быліцы не здаваліся звычайнымі прымхамі цёмных, поўных забабонаў людзей, раскажу яшчэ пра што мама мая апавядалі.
Былі яны дзеўкай спраўнай, і бацькі ім цвярдзілі заўсёды адное — высцерагайся, дачушка, ой, высцерагайся. А мама таксама не паслухаліся.
Непаслушэнства мама выказалі раз, другі — да пэўнага моманту.
Ехаў аднойчы праз Путрышкі паніч у карэце — малады, кучаравы, белы, высокі. Карэта нямецкая, біч у яго цыганскі, конь гладкі, вушкі стрыгуць. Паніч нават у капелюшы ды пальчатках. А мама і не ведалі, што нячысцікі ў горадзе прызвычаіліся так рогі ды кіпцюры хаваць.
I пачаў ён ласкавыя словы казаць. Мама з ім і паехалі.
Ужо мама з ім сабе едуць, едуць, але іх пачынае разбіраць якісьці страх. Прыглядваюцца яны панічу збоку лепш, а ў таго — ні броваў, ні веяў!